Вы тут

Таварыства ўлюбёных


Кніга — лепшы падарунак. Аўтару, за перамогу ў літаратурным конкурсе

«Першая глава». Адкрываем, калі яшчэ не адкрылі: гэта літаратурны конкурс, які праводзіцца выдавецтвам «Рэгістр» (пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Беларусі) дзеля ўвагі да творчасці маладых літаратараў і пошуку твораў, якія могуць атрымаць увасабленне ў выглядзе кнігі. І атрымаюць: на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы падведзены вынікі конкурсу «Першая глава», які адбываўся ўжо трэці раз. Пераможцаў узнагароджвалі ўрачыста на асноўнай пляцоўцы выставачнага цэнтра. Галоўны прыз за перамогу — права на выданне кнігі.

[caption id="attachment_71968" align="alignnone" width="600"]17-30 Анд­рэй Кар­пу­нін, прад­стаў­нік вы­да­вец­тва «Рэ­гістр»; Але­на Паў­ла­ва, на­чаль­нік Упраў­лен­ня вы­да­вец­кай дзей­нас­ці Мі­ніс­тэр­ства ін­фар­ма­цыі Рэс­пуб­лі­кі Бе­ла­русь, Анд­рэй Ла­зар, пе­ра­мож­ца ў на­мі­на­цыі «Вы­бар пра­фе­сій­на­га жу­ры» лі­та­ра­тур­на­га кон­кур­су «Пер­шая гла­ва».[/caption]

З чаго ўзнікаюць кнігі? Са старонак, спісаных словамі. З думак, якія ўнутры слоўнай абалонкі. З чалавека, які думкі нараджае і фармулюе. І з таго, што яго хвалюе ў свеце, пра што ён думае і хоча сказаць іншым. Але яшчэ і з цікавасці да гэтага асобнага чалавека як да аўтара, з жадання выдаць яго твор, прыцягнуць да чытання іншых. Асабліва складана гэта, калі аўтары маладыя і толькі імкнуцца заявіць пра сябе.

Вось каб даць ім такую магчымасць, каб аблегчыць жыццё ў творчасці, падтрымаць (нават маральна), даць штуршок да развіцця, існуюць літаратурныя конкурсы: іх бывае шмат у розных краінах. У нас пакуль не надта многа. Але ж ёсць куды развівацца. І калі меркаваць па вопыце выдавецтва «Рэгістр», то конкурсы дапамагаюць знайсці новых аўтараў (а потым, можа, і выхаваць сваіх), з якімі можна ісці далей, прапаноўваючы чытачам іх кнігі. І вось жа вынік: сёлета на падвядзенні вынікаў «Першай главы» пераможца папярэдняга конкурсу Аксана Хвашчэўская прадставіла сваю дэбютную кнігу «Не каханне». Вокладка адразу прыцягвала ўвагу, і яшчэ да ўзнагароджання было зразумела: перамога для пісьменніка (ці таго, хто хоча ім стаць) — не столькі ў размеркаванні месцаў, фота на памяць, колькі ў кнізе, якую выдавецтва бярэцца выпусціць. Адпаведна, яно ж будзе зацікаўлена ў яе прэзентацыі, прасоўванні на рынку.

Сёлета на конкурс «Першая глава» было пададзена каля 70 прац, 59 твораў было дапушчана да разгляду журы, у якое ўвайшлі пісьменнікі, сцэнарысты, прадстаўнікі выдавецтва. Ёсць у гэтым конкурсе асаблівасць: удзельнікі прапаноўваюць толькі ўрывак з твора, не раскрываючы ўсіх магчымых сюжэтных ліній ці варыянтаў. Гэта хутчэй заяўка на твор, але і яна можа зацягнуць, зацікавіць, за ёй павінна адчувацца перспектыва. Яе могуць адчуць нават патэнцыйныя чытачы.

Са спадзяваннем на гэта існуе, напрыклад, такая намінацыя, як «Выбар чытачоў». Яны галасавалі даволі актыўна (арганізатары дазволілі гэта зрабіць нават з дапамогай сучасных тэхналогій, напрыклад, у сацыяльных сетках можна было пад упадабаным урыўкам паставіць «лайк»). Але потым выбіраўся сярэдні бал сярод усіх, хто прагаласаваў. Большую колькасць агульных балаў атрымала Настасся Трушнікава з Бабруйска за аповесць «Неадпраўленыя лісты».

У намінацыі «Выбар рэдакцыі» ўлічваецца ў большай ступені выдавецкі момант: вызначаецца твор, якія найбольш прыцягнуў увагу супрацоўнікаў выдавецтва і які можа мець добрую будучыню, калі ўвасобіцца ў кнізе. Перамогу (і дыплом) у гэтай намінацыі здабыла мінчанка Алена Занкавец за ўрывак рамана «Дзясятае жаданне».

Самая адказная намінацыя — «Выбар прафесійнага журы». Пераможца таксама вызначаецца шляхам галасавання (кожны з членаў журы выстаўляе сваю адзнаку за твор). І тут адыгрывае ролю абсалютна ўсё: тэма твору, магчымае развіццё (калі ён не скончаны). Дзеля гэтага, напрыклад, арганізатары часам звярталіся да магчымых лаўрэатаў з просьбай даслаць больш тэксту, чым першапачатковы ўрывак. Але бывае, ідэя будучай кнігі ці тое, што напісана, ужо інтрыгуе, асабліва ў рамках кніжнай выставы. «Таварыства кнігалюбаў» — тэма будучай кнігі мінчаніна Андрэя Лазара. Тэма кнігі, якая абавязкова з'явіцца — як абяцаны падарунак аўтару за перамогу ў конкурсе «Першая глава». Прыемна і тое, што гэта будзе кніга на беларускай мове.

Андрэй Лазар, сціплы малады чалавек, не ўтойваў хвалявання нават пасля ўрачыстага віншавання з узнагародай. І нават здавалася, што яна стала для яго новай падставай для хваляванняў: над кнігай жа далей працаваць. На пытанне «Звязды» ён адказаў так:

— Конкурсы могуць з'яўляцца штуршком для многіх людзей: паспрабаваць сябе ў гэтым кірунку, адчуць сябе аўтарам, зрабіць першы крок. Часам гэта бывае цяжка. Чым больш конкурсаў, тым больш магчымасцяў у творцаў. Таму што гаворка пра выданне кнігі, што для маладых аўтараў вельмі важна. Таму добра, што ініцыятарам і арганізатарам конкурсу стала выдавецтва: гарантыя таго, што лепшыя творы пабачаць свет. У мяне была заяўлена аповесць, але гэта толькі першая частка. Падзеі адбываюцца ў будучыні, але раскрываць іх не буду — давайце пачакаем кнігі.

Прадстаўнікі выдавецтва «Рэгістр» адзначаюць, што з кожным годам узровень работ, якія падаюцца на разгляд, расце. Акрамя таго, сёлета было значна больш твораў на беларускай мове. Нават сярод лепшых дзве работы былі напісаны па-беларуску. І гэта «Першая глава». Працяг будзе. А можа будуць дадавацца і іншыя варыянты пошуку і ўвагі да айчынных літаратараў, якія пашыраць наша ўяўленне пра ўласную культурную прастору.

Ларыса ЦІМОШЫК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.