Вы тут

Не страцілі гонар салдата


Традыцыйна ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў на Востраве мужнасці і смутку ў Мінску было мнагалюдна. На жалобным мітынгу, прысвечаным 26-й гадавіне вываду савецкіх войск з Афганістана, сабраліся ўдзельнікі той вайны, родныя загінулых салдат, найвышэйшыя службовыя асобы краіны.

17-11

У вайне, якая доўжылася амаль дзесяцігоддзе, удзельнічала больш за 30 тысяч беларусаў. Каля 800 з іх не вярнуліся дамоў. У іх гонар да помніка афганцам усклалі кветкі. Памяць загінулых ушанавалі хвілінай маўчання. Зварот Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да воінаў-інтэрнацыяналістаў зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі.

— Воіны-інтэрнацыяналісты з'яўляюцца прыкладам грамадзянскага подзвігу і службы сваёй Айчыне, — падкрэсліў міністр абароны генерал-маёр Андрэй РАЎКОЎ. — Вайну ў Афганістане цяпер называюць першай антытэрарыстычнай аперацыяй. Магчыма, гэта і правільна. У ёй нашы суайчыннікі праявілі мужнасць і адвагу, найлепшыя якасці патрыёта і грамадзяніна сваёй краіны. Яны былі вернымі сваёй прысязе, калі выконвалі гэты абавязак.

17-12

Як паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па нацыянальнай бяспецы, старшыня грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерый ГАЙДУКЕВІЧ, улада заўсёды ідзе насустрач воінам-інтэрнацыяналістам пры вырашэнні шматлікіх праблем. «Вядома, ёсць праблемы, якімі патрэбна займацца: гэта пытанні, звязаныя з пенсійным або медыцынскім забеспячэннем, — патлумачыў ён. — Людзі, што прайшлі вайну, павінны мець пэўную перавагу над іншымі грамадзянамі. Мы імкнёмся падымаць і вырашаць гэтыя праблемы. Цяпер гучыць шмат неадназначных ацэнак падзей у Афганістане. Але мы, удзельнікі вайны, добра ведаем, што годна выканалі загад Радзімы і не страцілі гонар савецкага салдата».

— Узгадваю той час, і ўзнікае такое пачуццё, быццам пераглядваю кінахроніку, — падзяліўся ўспамінамі Валерый Гайдукевіч, сам воін-інтэрнацыяналіст. — Шмат было момантаў і кур'ёзных, і складаных. Калі вярнуўся дамоў, радаваўся, што застаўся жывы і, нарэшце, у родных месцах. Першы дзень мой сын хадзіў вакол мяне, а потым забраўся на калені і спытаў: «Ты мой тата?» У гэты момант я разгубіўся і не ведаў, што адказаць...

Дарэчы, частка набярэжнай ракі Свіслач ад Вострава мужнасці і смутку да гасцініцы «Беларусь» зараз называецца набярэжнай Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Такае рашэнне было прынята дэпутатамі на пазачарговай сесіі Мінгарсавета. Ініцыятарам наймення выступіла мінская гарадская арганізацыя ветэранаў вайны ў Афганістане «Памяць».

— Гэта яшчэ адзін сімвал памяці, які назаўсёды будзе жыць у сэрцах, бо гісторыя той вайны напісана крывёй нашых суайчыннікаў і слязьмі іх мацярэй, — зазначыў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар КАРПЕНКА. — Мы ганарымся нашымі героямі, якія з гонарам і годнасцю выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак. Гарвыканкам, адміністрацыі раёнаў сталіцы сумесна з ветэранскімі арганізацыямі будуць працягваць працу па ўвекавечванні памяці пра загінулых. Яна вельмі важная і з пункту гледжання данясення гістарычнай праўды, і з пункту гледжання выхавання грамадзянскай свядомасці ў падрастаючага пакалення.

Вераніка КАНЮТА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.