Вы тут

Днём з ліхтаром


Старажытнагрэчаскі філосаф Дыяген аднойчы ўдзень выйшаў на гарадскія вуліцы з запаленым ліхтаром. На здзіўленыя роспыты сустрэчных, што ён робіць, мудрэц адказваў: «Шукаю чалавека». Пры сустрэчы з самым што ні ёсць сапраўдным, паўнавартасным, ідэальным узорам маральнасці і душэўнай чысціні ліхтар Дыягена як быццам мусіў згаснуць. Ці трэба казаць, што пошукі гэтыя былі хоць і ўпартыя, але марныя…

Не прэтэндуючы на званне мудраца і філосафа, часам усё ж адчуваю сябе Дыягенам. Прынамсі, практычна штораз, калі даводзіцца бываць на больш ці менш афіцыйных мерапрыемствах, прысвечаных сям'і і ахове мацярынства і дзяцінства. Практычна заўжды як мінімум тры чвэрці іх удзельнікаў і прысутных — жанчыны. Жанчыны расказваюць жанчынам пра тое, як выхоўваць дзяцей, клапаціцца пра іх здароўе, развіццё і адукацыю, змагацца з хатнім гвалтам, распавядаюць пра сістэму дзяржаўнай падтрымкі сем'яў з дзецьмі, плануюць розныя сямейныя святы і падводзяць іх вынікі…

Мужчыны на падобных пасяджэннях і прэс-канферэнцыях прысутнічаюць гады ў рады, дый тое гэта адзіночныя грамадскія актывісты, святары, прадстаўнікі органаў улады ці праваахоўнікі.

Дайшло да таго, што кожную сустрэчу з мужам-выхавальнікам у дзіцячым садку, школьным настаўнікам, кіраўніком неспартыўнага гуртка ўспрымаеш, як нейкі цуд. Адзінкавыя выпадкі, калі таты карыстаюцца сваім (між іншым, замацаваным у заканадаўстве) правам пайсці ў дэкрэт і ўшчыльную займацца выхаваннем дзіцяці да трох гадоў — наогул з разраду стасункаў з іншапланетнай цывілізацыяй… Як вядучая тэматычнага сямейнага дадатку ў газеце, апошнія паўтара года я амаль што калекцыяную гэтыя сустрэчы, бо за кожнай з іх — тыя самыя ўзоры маральнасці, адказнасці за блізкіх, калі хочаце, сапраўдных мужчынскіх паводзін.

Літаральна ўчора закранулі паміж іншымі і гэту тэму ў размове з замежнай госцяй — еўрапейскай журналісткай з больш як 30‑гадовым досведам працы ў СМІ ў розных краінах свету. Паводле яе слоў, ніякімі рашэннямі, заканадаўчымі актамі і іншымі захадамі дзяржаўнага ўзроўню гэту праблему не вырашыць. Трэба, каб самі мужчыны, мужы і бацькі, «даспелі» да пераасэнсавання сваёй ролі ў выхаванні будучага пакалення, каб назапасілася нейкая крытычная маса, што зрушыць грамадскую думку ў патрэбным кірунку; нарэшце, каб тыя ж грамадскія актывісты перайшлі ад слоў да спраў.

Ці можна неяк прыспешыць гэты працэс, дапамагчы і паспрыяць? Магчыма. Прынамсі, мы з калегамі спрабуем — праз расповеды пра канкрэтных людзей, якія ўжо штосьці робяць і паказваюць варты пераймання прыклад іншым. Але збольшага — вы ж разумееце? — усё ў вашых руках.

…Пайду, запалю свой ліхтар.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».