Вы тут

У строгасці, ды без суровасці


У нас, безумоўна, ёсць істотнае адрозненне ад іншых навучальных устаноў, — адзначае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча Дзмітрый ВАРАБЕЙ,— бо мы — навучальная ўстанова ваеннага тыпу. І «мужчынскі складнік» выхавання ў нас, бадай, выяўляецца найбольш ярка. На 99 працэнтаў нашы выхавальнікі — мужчыны, афіцэры. У кожнай роце максімум 1–2 жанчыны: гэта псіхолаг і памочніца афіцэра-выхавальніка. Гэта зроблена наўмысна, бо мы сябе пазіцыянуем як другая сям'я для выхаванцаў, таму мусіць быць і «мама», з якой можна падзяліцца нейкай праблемай, і «тата», які захоўвае строгую дысцыпліну. З першых дзён знаходжання ў вучылішчы хлопцы робяць усё самі.

19-32

Дарэчы, ці многія да гэтага гатовы? Або гэтаму трэба вучыць?

— Апошнія гады падчас правядзення дзён адчыненых дзвярэй многія бацькі прыходзяць загадзя, нават з вельмі маленькімі дзецьмі, каб даведацца, як ім рыхтавацца і што рабіць. Першае, пра што мы гаворым: навучыце сына чысціць зубы, умывацца, самому мыць і прасаваць сваю бялізну — такія элементарныя бытавыя моманты не павінны быць для падлеткаў праблемай. Хлопцы знаходзяцца 24 гадзіны 7 дзён на тыдзень тут, таму мусяць умець абслугоўваць сябе самастойна. Нечаму, безумоўна, вучым, а потым паступова замацоўваем навыкі. Напрыклад, падчас прынясення ўрачыстай клятвы сувораўца старшы курс паказвае малодшаму, як прышываць пунсовыя пагоны. Правільна зрабіць гэта, між іншым, — вялікае ўменне, якое нават не ўсе мамы асвойваюць! …А далей мы заахвочваем выхаванцаў да самастойнасці, давяраем ім рабіць многія рэчы па-свойму, шукаць нейкія творчыя падыходы. Вялікае значэнне мае і тое, што ў нас стасункі будуюцца на роўных: афіцэры-выхавальнікі звяртаюцца да 12‑гадовых юнакоў толькі на «вы», і ўжо з першага курса мы падкрэсліваем для сваіх выхаванцаў: вы — сувораўцы, не проста хлопчыкі, а сапраўдныя мужчыны. Гэта таксама важны выхаваўчы элемент, які падмацоўваецца жывымі прыкладамі, калі прыходзяць, напрыклад, самыя першыя выпускнікі 1956 года — генералы, міністры, кіраўнікі вядучых ведамстваў — і расказваюць, што ім дало вучылішча ў жыцці, кім яны сталі і як памятаюць і захоўваюць сувораўскія традыцыі.

…Дзмітрый Зігмундавіч малюе такую ідэальную карцінку, што я недаверліва перапытваю: няўжо не бывае тыповых «цяжкіх» падлеткаў, з якімі — і за якіх — даводзіцца як след паваяваць, каб вырасціць з іх годных мужчын? «Вядома, бываюць, — усміхаецца палкоўнік, — і многія бацькі дапускаюць пралікі, якія робяцца заўважнымі падчас сталення хлопцаў, і самі хлопцы да нас трапляюць вельмі розныя і няпростыя; больш за палову выхаванцаў — з дзіцячых дамоў, з няпоўных або шматдзетных сем'яў… Але падыход можна знайсці абсалютна да кожнага. Непапраўных хлопцаў няма».

У МСВУ сувораўцам шмат да чаго трэба прывыкнуць: «дамашнім» дзецям — да таго, што побач няма мамы; тым, каго збольшага выхоўвала вуліца — да разумення, што не ўсе канфлікты вырашаюцца сілай; замкнёным у сабе інтравертам — да пастаяннага знаходжання ў калектыве, да неабходнасці дзяліць з таварышамі абсалютна ўсё, ад супу ў сталоўцы да суседніх ложкаў. «Самае складанае — прыцірка характараў, — заўважае Дзмітрый Варабей, — прыкладна год патрэбен на тое, каб кагосьці мы «падцягнулі» да агульнага ўзроўню, кагосьці гіперактыўнага, наадварот, прывучылі да пачуцця адказнасці за ўчынкі і паводзіны — прычым не толькі за свае, а за ўвесь калектыў. Часта трэба працаваць не столькі з падлеткамі, колькі з бацькамі. Адна мама, сын якой цяжка адаптаваўся, знайшла «выйсце»: прыходзіла пасярод тыдня і прыносіла яму піражок, тым самым толькі пагаршаючы сітуацыю. Пакуль атрымалася адмяніць гэтыя піражкі, прайшла цэлая чвэрць, але ў выніку хлопец з сабой справіўся і ўжо не выказваў жадання пакінуць вучылішча. Наогул, пасля першага года адаптацыі хлопцы робяцца сапраўднымі сябрамі, і ўжо напрыканцы летніх канікул не могуць дачакацца сустрэчы з братамі-сувораўцамі».

Многія спецыялісты кажуць, што адна з асноўных праблем сучасных дзяцей — няўменне вырашаць канфлікты. Ці вучыце вы гэта рабіць?

— Безумоўна, і раскажу, як. Гады тры таму нашы хлопцы на канікулах калектыўна пайшлі на дыскатэку. А не сакрэт, што да сувораўцаў пэўная частка моладзі ставіцца неадназначна, — вось і тут пасля дыскатэкі групоўка хуліганаў падсцерагла некалькіх сувораўцаў ля метро, каб «высветліць адносіны»… Потым мы доўга разбіралі гэты канфлікт — сабраліся ўсе разам і абмеркавалі, як можна было яго наогул пазбегчы. Прычым далі слова ўсім, каб хлопцы не баяліся выказваць сваю думку — няхай нават яна памылковая, але чалавек павінен выказаць сваю пазіцыю. Урэшце, хлопцы самі прыйшлі да высновы, што трэба, па-першае, заўжды трымацца разам (роту ў 20 чалавек ніхто б нават не адважыўся чапаць), а па-другое, паказваць узор карэктных паводзін, умець наогул не дапусціць канфлікту, не апусціцца да банальнай бойкі. Гэта і надалей вельмі спатрэбіцца ў жыцці, кім бы нашы выпускнікі ні сталі — вайскоўцамі, бізнесменамі, грамадскімі дзеячамі і г. д.

Нават самыя ўзорныя хлопцы могуць «зляцець з катушак» падчас пераходнага ўзросту. Як тут лепш дзейнічаць?

— Так, мы ведаем гэты складаны перыяд — прыкладна 9‑ы клас, калі ідзе выбух гармонаў, хлопцы могуць першы раз сур'ёзна закахацца, іх цягне ўсё пакаштаваць, выпрабаваць на сабе… Трэба скарэктаваць выхаваўчую работу ў гэтым узросце, каб не дапусціць зрываў, з'яўлення шкодных звычак. Каб не дапусціць, скажам, распаўсюджвання тых жа спайсаў, часам варта нават пайсці на жорсткія меры — мы правяраем, што перадаюць сябры і родныя, і калі ёсць сумненні наконт пэўных рэчаў, не прапускаем іх. Прапануем шмат альтэрнатыў шкодным звычкам — разнастайныя культпаходы, мастацкую самадзейнасць у вучылішчы, здаровы лад жыцця, удзел у спартыўных спаборніцтвах — словам, паказваем, што курыць і ўжываць наркотыкі нецікава і нямодна. Плюс, безумоўна, шмат працуюць нашы псіхолагі, каб замацаваць у хлопцах унутраны стрыжань — што можна, а чаго нельга. Гэта методыка дае плён, нават бацькі часта заўважаюць, што сын стаў зусім іншым чалавекам, больш моцным, адказным, упэўненым у сабе.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

«Сувораўскія» парады для бацькоў, у якіх растуць хлопчыкі:

* Выхоўвайце самастойнасць, не душыце дзяцей празмернай апекай. Хлопчыка трэба рыхтаваць да таго, што ён — будучая апора сваёй сям'і. Нават 2–3‑гадоваму малому можна даваць пэўныя даручэнні — ён будзе толькі рады іх выканаць.

* Стаўцеся да свайго дзіця, як да дарослага, паважайце яго інтарэсы. Нават калі ваша дзіця ў чымсьці памыляецца, не трэба ляпіць на яго ярлыкі «ты дурань і нічога не разумееш» — лепш падкажыце і падштурхніце яго да правільнага рашэння.

* Не адмахвайцеся ад яго праблем, не шкадуйце часу на тое, каб пагаварыць з дзіцем, абмеркаваць яго праблемы і спосабы іх вырашэння. Як бы вы ні былі загружаны працай, словы «адчапіся», «мне няма калі», «я заняты» не павінны гучаць занадта часта — інакш лёгка страціць кантакт з уласным дзіцем.

* Аб'ектыўна ацэньвайце ўчынкі дзяцей: не сварыцеся па дробязях, але і не ўзносьце да нябёсаў. Аднак калі сын сапраўды заслужыў пахвалу ці крытыку — абавязкова выказвайце гэта. Не патрабуйце імгненных дасягненняў у любой справе, а калі ёсць нават невялікі прагрэс — заахвочвайце да далейшай працы.

* Шукайце індывідуальны падыход. Няма ўніверсальнага рэцэпта выхавання і навучання дзяцей: аднаму патрэбен больш жорсткі кантроль, другому — спакойныя і падрабязныя тлумачэнні.

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.