Вы тут

Да трэцяга калена


«Нам, старэйшаму пакаленню, хочацца, каб нашы дзеці і ўнукі жылі лепш — матэрыяльна і духоўна, каб цанілі сямейныя адносіны і памяталі, што ў іх сённяшнія даброты ўнесена многа цяжкай працы, выпрабаванняў і пакут ваеннага ліхалецця... Асабіста мне вельмі радасна на душы, што рэдакцыя любімай «Звязды», роднай на роднай мове, не забылася пра наша пакаленне і дала магчымасць сваім чытачам у рубрыцы сямейнага дадатку «Фотаздымак з гісторыяй» рабіць замалёўкі з жыцця нашых продкаў», — зазначае Уладзіслаў Пілячынскі з вёскі Свіркі Докшыцкага раёна, які сябруе са «Звяздой» ужо больш як 40 гадоў. І дадае ў скарбонку чытацкіх гісторый сваю.

19-5

«На фатаграфіі з майго сямейнага альбома, што датавана 1951 годам, — тры пакаленні, якія жылі адной сям'ёй. Бабулі нарадзіліся ў апошняй чвэрці XІX стагоддзя, тата і мама — у першай чвэрці ХХ-га, а я са старэйшым братам — у другой.

На фотаздымку, злева направа, — мой старэйшы родны брат, тата, яго мама (бабуля ў белай хустцы), другая бабуля — мама маёй мамы, я, чатырохгадовы хлапчук з мячыкам, і мая мама. Дзяды нашы, на жаль, памерлі раней — да вайны.

Сям'я, як бачыце, адна, а лёс у кожнага свой. Самай старэйшай сярод нашых родзічаў была татава маці, баба Ганна 1875 г.н. Яна асабліва запомнілася мне тым, што была знахаркай, валодала такой сілай слова, што да яе прыязджалі лячыцца людзі з многіх навакольных вёсак — і ўсім яна дапамагала, а за лячэнне грошай не брала. Казала: «Я лячу людзей не за плату, а каб прынесці ім дабро, здароўе і радасць». Дый ва ўласнай сям'і паміж дзецьмі і ўнукамі бабуля заўсёды дабівалася міру і ладу, таму і блізкія, і далёкія яе вельмі паважалі. Бабуля не была варажбіткай або чараўніцай, а сваю знахарскую сілу, на жаль, нікому з нас не пакінула ў спадчыну. Казала проста, што нам гэта не дадзена Богам — і ў 85 гадоў, аднойчы ноччу, ціха памерла...

Другая бабуля — Стэфанія — таксама была вельмі добрая, уважлівая і спагадлівая. Калі ёй яшчэ было 70 гадоў, жыла асобна ў іншай вёсцы, ад нашай за 5 км. Яна трымала карову, а зімой, калі наша карова была ў запуску, бабка Стэфанія дома збірала малако — і ў вёдрах, па заснежанай, ёй самой пратаптанай, сцяжынцы прыносіла нам гэта малако... Потым яна ўжо знясілела і пераехала да нас жыць, неўзабаве і памерла.

Мой бацька ваяваў, з франтоў Вялікай Айчыннай вярнуўся вельмі хворы, цяжка працаваць не мог. Але ўсё адно нейкі час рабіў — на кані аб'язджаў вёскі і збіраў у жыхароў драўняны попел для калгасных палеткаў, бо іншых угнаенняў не хапала. Памёр тата рана, у 47 гадоў.

Старэйшы брат Юра яшчэ зусім маладым закахаўся, ажаніўся і з'ехаў з сям'ёй у Казахстан.

Але больш за ўсіх з тых, хто на гэтым здымку, выпрабаванняў выпала на долю мамы. У вайну згарэў яе дом, і шмат гадоў сям'і давялося жыць у маленькай лазні. Калі вярнуўся з вайны тата, разам з ім будавалі новую хату. Мама многа і цяжка працавала ў калгасе на палявых работах, за амаль пустыя «працадні». Крыху выручаў свой сад, і летам удавалася прадаць на рынку вішні, а зімой — яблыкі. Адзін год бацькі нават сэканомілі крыху грошай і купілі патэфон — о, якая гэта была радасць, як мы з мамай танцавалі «пад пласцінкі!»

Ужо ў сталым узросце мама пахавала абедзвюх бабуль, потым мужа, а потым і старэйшага сына. А ў 1984 годзе не стала і яе. З усёй сям'і, каго «ўбачыла» камера на гэтым здымку, у жывых застаўся толькі я — ужо са сваёй сям'ёй і гэтай светлай і добрай памяццю пра родных людзей...».

* * *

Паважаныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома (за выключэннем леташніх здымкаў з курорта, вясельных фотасесій і сучасных фота дзяцей). Вам ёсць што паказаць і расказаць? Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі з гісторыяй (не больш за тры) дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10 а, або іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу. Аўтар найлепшага фота з гісторыяй будзе адзначаны прызам. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца аўтарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.