Вы тут

Сумленнасць, надзейнасць і мэтанакіраванасць


Прынцыпы супрацоўніцтва з буйным фінансавым інстытутам

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прапануе Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця рэалізаваць шэраг новых праектаў у нашай краіне. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў на сустрэчы з прэзідэнтам ЕБРР Сума Чакрабарці, як паведамляе БЕЛТА.

У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець магчымасць укладання сродкаў у праекты ў сферы ЖКГ, адзначыўшы, што ў Беларусі заняліся сур'ёзным рэфармаваннем яе сістэмы.

Яшчэ адзін напрамак супрацоўніцтва — мадэрнізацыя транспартнай сістэмы. «Склалася патавая сітуацыя з транзітам з Усходу на Захад і наадварот у сувязі з падзеямі ва Украіне. Такім чынам, застаецца адзін бяспечны і надзейны напрамак — Беларусь. З павелічэннем патоку транспарту праз Беларусь мы баімся перагрузіць нашу інфраструктуру, таму аператыўна і масіравана вядзём мадэрнізацыю транспартнай сістэмы, як аўтамабільнай, так і чыгуначнай», — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі абазначыў яшчэ адзін напрамак узаемадзеяння — аграбізнес. «Калі вы палічыце неабходным удзельнічаць у гэтых праектах, мы таксама будзем вам удзячны», — запэўніў кіраўнік нашай дзяржавы.

«Я вас вельмі прасіў бы пасля вывучэння сітуацыі ў нашай краіне, каб банк зняў усялякія абмежаванні па супрацоўніцтве з Беларуссю, асабліва што датычыцца дзяржаўных прадпрыемстваў. Думаю, ва ўрадзе вам пакажуць прадпрыемствы дзяржаўнай уласнасці і вы для сябе зробіце вывад, ці можа банк супрацоўнічаць з імі», — сказаў Прэзідэнт, падкрэсліўшы, што ўрад Беларусі будзе гарантаваць надзейнасць гэтага супрацоўніцтва.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ёсць яшчэ адно праблемнае пытанне — грашовыя сродкі, якія выдзяляюцца Беларусі ЕБРР, паступаюць праз даччыныя расійскія банкі: БелЗЭБ, БПБ-Ашчадны банк, Белгазпрамбанк і іншыя. «Сёння Расія знаходзіцца пад санкцыямі, і, калі вы іх распаўсюдзіце на гэтыя банкі, мы можам страціць фінансаванне вашага банка для Беларусі. Гэтага дапусціць нельга. Трэба знайсці выйсце з сітуацыі», — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі бок гатовы як прапаноўваць варыянты, так і разглядаць прапановы ЕБРР па паглыбленні супрацоўніцтва не толькі з Беларуссю, але, магчыма, праз нашу краіну з іншымі дзяржавамі.

Прэзідэнт Беларусі падзякаваў прэзідэнту Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця за супрацоўніцтва, адзначыўшы, што на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў у Беларусь ад банка паступіла амаль 1 650 млрд еўра. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер выпрацоўваецца новая стратэгія ўзаемаадносінаў Беларусі з ЕБРР на 2016—2018 гады.

«Вы не будзеце мець праблем у супрацоўніцтве з Беларуссю. І калі мы з вамі дамаўляемся, будзем гарантаваць з боку дзяржавы гэта супрацоўніцтва, будзем яго падтрымліваць, рабіць усё, каб яно было мэтанакіраваным, сумленным, пазбаўленым усялякай карупцыі і бяспечным», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. «Я вельмі ганаруся тым, што мы змаглі прыцягнуць у Беларусь добрых замежных інвестараў», — сказаў Сума Чакрабарці, патлумачыўшы, што ў першую чаргу размова ідзе пра кампанію «Штадлер».

Падчас сустрэчы закраналася і важная міжнародная тэма — урэгуляванне канфлікту ва Украіне, у прыватнасці ў Дэбальцаве. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь магла б адыграць большую ролю ва ўрэгуляванні гэтага канфлікту, калі б бакі, уцягнутыя ў яго, гэтага хацелі. «Мы сёння прапанавалі ўкраінскаму і другому боку, уцягнутаму ў гэты канфлікт, вырашыць праблему Дэбальцава на працягу сутак, калі гэтага захочуць Украіна, Расія, ДНР і ЛНР», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Мы гатовы не проста быць пасрэднікам, а належным чынам спыніць гэты канфлікт у раёне Дэбальцава і вывесці ўсіх ваеннаслужачых Украіны адтуль пад нашы гарантыі, што яны больш ніколі не будуць ваяваць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — І калі кагосьці непакоіць зброя, якой валодаюць сёння ваеннаслужачыя Украіны, акружаныя ў Дэбальцаве, мы гатовы прыняць яе на тэрыторыі Беларусі. Такім чынам, яна ніколі больш не будзе ўдзельнічаць у ваенных канфліктах». Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна ўхваленне бакоў канфлікту. «Калі для іх з'яўляецца прыярытэтам жыццё тысяч ні ў чым не вінаватых, акружаных там людзей, то мы гатовы гэта зрабіць на працягу сутак», — дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь стараецца адыграць сваю ролю ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, аднак дзейнічае больш непублічна.

Прэзідэнт Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў сваю чаргу выказаў словы ўдзячнасці кіраўніку беларускай дзяржавы і Беларусі за важную ролю пасрэдніка, якую краіна адыгрывае ў працэсе ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».