Вы тут

Цяжарнасць па правілах


Вось яны, запаветныя дзве палоскі! Выбух эмоцый і жаданне як мага хутчэй трапіць на прыём да гінеколага, каб даведацца пра тэрмін і стаць на ўлік. А можа быць і адваротная рэакцыя: «Зараз пачнецца: бясконцыя паходы да гінеколага, здача аналізаў. Навошта ўсё гэта, калі цяжарнасць — не хвароба? Жылі ж неяк без усяго гэтага нашы бабулі».

19-4

— Раней у жанчын было па 7-9 дзяцей, дзіцячая і мацярынская смяротнасці сустракаліся досыць часта, а да невыношвання цяжарнасці ставіліся як да рэальнасці жыцця, — тлумачыць урач акушэр-гінеколаг 12-й гарадской паліклінікі г. Мінска Вольга ГРЫШАНКОВА. — Сучасная жанчына іначай ставіцца да такога «звычайнага» стану, як цяжарнасць. Любая няўдача ўспрымаецца як трагедыя, любое ўскладненне павінны вылечыць. А сёння цяжарнасць часта працякае з нейкімі ўскладненнямі. Своечасовы зварот да гінеколага і абследаванне зніжаюць іх рызыку, так што аналізы пры цяжарнасці вельмі неабходныя.

Як правіла, план вядзення цяжарнасці ўключае абавязковыя візіты ў жаночую кансультацыю: першую палову цяжарнасці кожныя 4-6 тыдняў, пасля 30 тыдняў — раз на 2 тыдні. Жанчынам выдаецца абменная картка — «пашпарт цяжарнасці», у якім пазначаюцца вынікі ўсіх даследаванняў. У 30 тыдняў даецца бальнічны ліст на 126 дзён.

Якія абследаванні неабходна прайсці падчас цяжарнасці?

 Вымярэнне і дынаміка масы цела. За час цяжарнасці жанчына павінна набраць 10-12 кг. Але бывае, што некаторыя прыбаўляюць і больш за 20 кг. Паталагічная прыбаўка ў вазе — адзін з ранніх сімптомаў сур'ёзнай паталогіі, якая называецца гестоз. Узнікае гэты стан з прычыны змяненняў у арганізме цяжарнай, у выніку якіх парушаецца пранікальнасць дробных сасудаў, узнікаюць ацёкі.

Гестоз каварны. Жанчына доўга можа адчуваць сябе здаровай — ні галава, ні ныркі не баляць. Аднак плацэнта, што складаецца з мноства сасудаў, у якіх адбыліся непажаданыя змены, перастае спраўляцца са сваёй асноўнай функцыяй дастаўкі кіслароду і спажыўных рэчываў плоду. Ён пакутуе ад кіслароднага галадання, затрымліваецца яго развіццё. Паражаецца і галаўны мозг. Такія сімптомы, як галаўны боль, млоснасць, «мурашы» перад вачыма, санлівасць, затарможанасць, боль у страўніку з'яўляюцца за некалькі гадзін ці хвілін да прыступу сутаргаў, якія пагражаюць жыццю і маці, і дзіцяці. Такі стан называецца прээклампсіяй, а сам сутаргавы прыступ — эклампсіяй. На фоне гэтага стану развіваюцца інфаркт, інсульт, ацёк лёгкіх, адслаенне плацэнты і сятчаткі вока, ныркавая і пячоначная недастатковасць.

 Вымярэнне пульсу і артэрыяльнага ціску. Спалучэнне цяжарнасці і павышанага ціску, а таксама іншых захворванняў сэрца і сасудаў у некалькі разоў павялічваюць рызыку няўдалай цяжарнасці і магчымых ускладненняў для маці.

 Агульны аналіз мачы. Яго трэба здаваць перад кожным візітам, каб не прапусціць павышэнне лейкацытаў, з'яўленне бактэрый. Таксама ў мачы можа быць глюкоза і ацэтон, што можа ўказваць на абумоўлены цяжарнасцю (гестацыйны) цукровы дыябет. Ацэтон у мачы з'яўляецца і пры ранніх таксікозах. Урэшце, бялок у мачы дапамагае выявіць усё той жа гестоз.

 Агульны аналіз крыві прызначаюць пры першым наведванні, у 18, 28, 34-36 тыдняў цяжарнасці. Даследаванне дазваляе ацаніць гемаглабін, хуткасць асядання эрытрацытаў і колькасць лейкацытаў. Гемаглабін патрэбны для транспарціроўкі кіслароду. Яго зніжэнне часта назіраецца ў цяжарных, аднак калі ён падае ніжэй за 110, то гэта дрэнна і патрабуе лячэння. Лейкацыты павышаюцца ў крыві пры наяўнасці інфекцыі.

 Вызначэнне групы крыві і рэзус-фактара неабходна для таго, каб у будучыні дакладна ведаць, якая кроў патрэбна жанчыне ў выпадку кровацячэння. Рэзус-фактар дазваляе высветліць, ці можа быць рэзус-канфлікт у маці і дзіцяці. Такая сітуацыя ўзнікае, калі ў жанчыны рэзус адмоўны, а ў бацькі станоўчы. Рэзус-канфлікт выяўляецца з дапамогай кантролю спецыяльных антыцел на працягу ўсёй цяжарнасці: 1 раз на месяц да 30 тыдняў, далей — 1 раз на два тыдні.

 Каагулаграма — даследаванне згусальнасці крыві, робіцца двойчы: падчас пастаноўкі на ўлік і ў 22 тыдні. Парушэнні згусальнай сістэмы крыві пагаршаюць харчаванне плода, прыводзяць да плацэнтарнай недастатковасці, замірання цяжарнасці. У такіх пацыентак часта здараюцца заўчасныя роды, дзеці маюць малую вагу і прыкметы кіслароднага галадання. Калі колькасць фактараў згусання павялічаная, расце рызыка трамбозу або матачна-плацэнтарнай недастатковасці. У такіх выпадках прымаюцца меры па разрэджванні крыві.

 Абследаванне на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам. Своечасова не выяўленая і не пралечаная вірусная ці бактэрыяльная інфекцыя — вядучы фактар невыношвання, паталогіі развіцця і нават гібелі плода.

 Даследаванне крыві на TORCH-інфекцыі вызначае антыцелы імунаглабулінаў класа G і M да токсаплазмозу, герпесу, цытамегалавіруса, краснухі. Клас G сведчыць аб імунітэце і перанесеным кантакце з гэтай інфекцыяй, клас М указвае на абвастрэнне і патрабуе лячэння.

 Абследаванне на ВІЧ, гепатыты і сіфіліс. На сіфіліс — пры першым візіце, у 28-30 і 34-36 тыдняў, ВІЧ і гепатыты — пры першым візіце і ў 28-30 тыдняў. Пералічаныя інфекцыі вельмі небяспечныя, асабліва для плода.

 Даследаванне крыві на глюкозу — пры першым візіце, у 22 тыдні. Калі ў жанчыны ёсць схільнасць да дыябету, фактары рызыкі (сваякі з такім дыягназам, вялікая вага, нараджэнне дзяцей з вялікай вагой), прызначаецца глюкозаталерантны тэст у 26-28 тыдняў.

 Электракардыяграма — пры першым візіце. Для выяўлення магчымых парушэнняў сардэчнага рытму.

 Біяхімічнае даследаванне крыві — пры першым візіце, у 28, 34 тыдні. Для аналізу стану ўнутраных органаў і ферментаў у арганізме. Падчас цяжарнасці могуць павышацца пячоначныя ферменты пры некаторых ускладненнях (гепатоз, гестоз).

 Гармоны шчытападобнай залозы — пры першым візіце. Недахоп або лішак іх можа быць пагрозай невыношвання і парушэння функцыі шчытападобнай залозы ў дзіцяці.

 Кансультацыі спецыялістаў: оталарынголага, афтальмолага, стаматолага, эндакрынолага — да 12 тыдняў, тэрапеўта — да 12 тыдняў і ў 30 тыдняў. Лячыць карыес падчас цяжарнасці неабходна не толькі таму, што пасля родаў стан зубоў значна пагаршаецца, але і таму, што ён з'яўляецца дадатковым ачагом інфекцыі. Для выяўлення інфекцыйных ачагоў неабходны і агляд оталарынголага. Акуліст выяўляе захворванні вачэй, у тым ліку пашкоджанне сятчаткі, пры якіх паказана кесарава сячэнне. Агляд эндакрынолага важны, паколькі захворванні шчытападобнай залозы і парушэнне абмену глюкозы цесна звязаны з магчымасцю паспяховага зыходу цяжарнасці.

 Агляд гінеколага. Па выніку даследавання можна сказаць, ці ёсць запаленне ў ніжніх палавых шляхах (у гэтым выпадку выяўляецца павышаная колькасць лейкацытаў), можна выявіць трыхаманадную і ганакокавую інфекцыі, якія патрабуюць антыбактэрыяльнага лячэння. Любыя мікраарганізмы могуць стаць праблемай, паколькі яны здольны пранікаць у поласць маткі і выклікаць захворванні ў плода. Акрамя таго, інфекцыя з'яўляецца частай прычынай заўчаснага адыходу каляплодных водаў і заўчасных родаў.

 Акушэрскае абследаванне праводзіцца з 2-га трыместра. Неабходна для ацэнкі тэмпаў росту маткі і плода.

 Праслухоўванне сэрцабіцця плода, вызначэнне палажэння плода з 2-й паловы цяжарнасці. Праводзіцца для ацэнкі стану плода і выбару спосабу родаў.

 Кардыятокаграфія — з 28-га тыдня. Для ацэнкі сэрцабіцця, агульнага стану і магчымага кіслароднага галадання ў плода.

 Ультрагукавое даследаванне. На 11-13-м тыдні вызначаецца тэрмін цяжарнасці і колькасць пладоў, магчымыя грубыя парокі развіцця нервовай сістэмы, органаў брушной поласці і канечнасцяў, вымяраецца таўшчыня скураной складкі для вызначэння рызыкі нараджэння дзіцяці з сіндромам Даўна. Медыка-генетычнае кансультаванне праводзіцца па паказаннях. Урач-генетык ацэньвае рызыку нараджэння дзіцяці са спадчыннай паталогіяй. У ідэале ўсе пары павінны наведаць гэтага спецыяліста, але яго кансультацыя абавязковая для тых сем'яў, у якіх ужо нараджалася малое з генетычнымі адхіленнямі, ёсць спадчынныя захворванні або парокі развіцця, кроўнасваяцкі шлюб, жанчына старэйшая за 35 гадоў, мужчына старэйшы за 50 гадоў, былі самаадвольныя выкідышы, цяжарнасць, якая перастала развівацца, унутрывантробная гібель плода, мёртванароджанне, будучыя бацькі падвяргаліся працягламу ўздзеянню шкодных фактараў (радыяцыя, хімічныя злучэнні і інш.).

На 18-21-м тыдні прызначаецца чарговае планавае УГД. Цяпер урач вывучае будову цела малога, адсочвае, ці няма прыроджаных парокаў развіцця ўнутраных сістэм арганізма, вызначае пол дзіцяці, колькасць і якасць каляплодных водаў, месца прымацавання плацэнты і яе стан.

У 32-35 тыдняў УГД ацэньвае колькасць і якасць водаў, адпаведнасць памераў малога тэрміну, стан плацэнты і інш. Можа праводзіцца доплераграфія — даследаванне, якое дазваляе ацаніць крываток у сасудах маткі, плацэнты і асноўных сасудах дзіцяці.

Цяжарным, якія адносяцца да групы рызыкі, прапануецца прайсці дадатковыя абследаванні.

Святлана БАРЫСЕНКА

Мінус нервы, плюс узнагарода

Пасля родаў жанчыну чакае пэўная матэрыяльная падтрымка: выплата дзяржаўнай дапамогі. Права на яе маюць жанчыны, у тым ліку сурагатныя маці, якія сталі на ўлік у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя да 12 тыдняў цяжарнасці, рэгулярна наведвалі гэтыя ўстановы і выконвалі прадпісанні спецыялістаў цягам усёй цяжарнасці. Для прызначэння дапамогі па месцы працы неабходна прадставіць заяву, пашпарт, заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі (з паліклінікі).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.