Вы тут

Надзея МІКУЛІЧ: «...Яму і прысвячаю шлягер!»


Яна ўваходзіць у пакой — і ў ім быццам робіцца святлей. Вялікая, шумлівая, вясёлая — жывы і моцны зарад пазітыўнай энергіі. Калі ж я называю яе зубрам беларускай эстрады, не крыўдзіцца — толькі смяецца і папраўляе мяне: «Зубрыха!..» Сапраўды, на сцэну спявачка Надзея МІКУЛІЧ выйшла больш за 40 гадоў таму і сваю творчую дзейнасць пачынала ў славутых сёння ансамблях «Чараўніцы» і «Верасы». У яе багажы — сотні канцэртаў, званне заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь і... 40 гадоў сямейнага стажу з Барысам Белым. Зразумела, што пэўнай часткай поспеху артыстка абавязана мужу. «Падтрымкай было ўжо тое, што ён дазваляў мне працаваць там, дзе я хачу», — гаворыць Надзея.

19-18

«Гэкала» так, што ўсе смяяліся

...Родам яна з Гродзенскай вобласці, нарадзілася ў пасёлку цукровага завода ў Скідзельскім раёне. У пашпарце так і запісана: «Цукровы завод». Калі Надзеі было 3 гады, сям'я пераехала ў Данецк — бацька пасля арміі ўладкаваўся там на працу ў шахце. У Данецку Надзея скончыла 2 класы, з другога вучыла ўкраінскую мову. Калі вярнуліся ў Беларусь, яна так «гэкала», што ўсе смяяліся...

У школьныя гады Надзея наведвала музычную студыю ў Клубе будаўнікоў. Заняткі музыкай дзяўчынка выбрала невыпадкова: у іх сям'і ўсе любілі спяваць. Праўда, бацька спяваў гучна, але мелодыю песні было не пазнаць. Затое маці спявала вельмі прыгожа і дачку вучыла з маленства ўсім тым народным песням, якія ведала сама. А пасля восьмага класа Надзея паступіла ў музычнае вучылішча.

— У мяне быў маленькі акардэон, вельмі прыгожы, але з тугімі клавішамі. І я быццам захварэла: увесь час хадзіла ў музычны салон — проста палюбавацца на інструменты. Потым, калі паступіла ў вучылішча і там былі акардэоны, мне захацелася мець свой. І тата купіў мне яго — вялікі!

У Гродзенскім музычна-педагагічным вучылішчы яна, акардэаністка, навучылася іграць на гітары і стварыла жаночы ансамбль. На танцавальных вечарынах, калі музыканты-мужчыны адыходзілі на перакур, дзяўчаты бралі ў рукі іх інструменты і выконвалі папулярныя песні. Аднойчы да іх на танцы прыйшла дзяўчына, якая спявала ў ансамблі «Чараўніцы», толькі што створаным пры гродзенскім Палацы тэкстыльшчыкаў. Яна паслухала, як іграюць і спяваюць дзяўчаты, і запрасіла Надзею на рэпетыцыю «Чараўніц»: «Прыйдзі, паглядзі!..»

— Вядома, я туды пайшла, і мне так спадабалася!.. Кіраўнік «Чараўніц», Генадзь Латынскі, узяў мяне ў калектыў, але «пасадзіў» на клавішы. Я кажу: «Мне б клавішы перавярнуць, як акардэон, — сыграла б, а так у мяне не атрымліваецца». А ён: «Добра, давай я цябе на бас-гітары навучу!..» І навучыў, я на бас-гітары іграла, а часам — на шасціструнцы-рытм. І тут да нас, у Гродна, на гастролі (а гэта быў 1971 год) прыехалі заслужаны артыст рэспублікі Эдуард Міцуль і ансамбль «Верасы», які ў той час быў жаночым калектывам. Таму нашы «Чараўніцы» пайшлі паглядзець «Верасоў». А ім якраз патрэбна была дзяўчына, якая іграе і спявае.  І вось ужо «Верасы» прыйшлі да нас на рэпетыцыю ў Палац тэкстыльшчыкаў — праслухаць. Я паказала ўсё, што ўмела, — і спадабалася ім! Адправілі цэлую дэлегацыю да маіх бацькоў — прасіць адпусціць мяне ў Мінск.

А бацькі катэгарычна выказаліся супраць: «Скончы вучылішча, тады — калі ласка!..»

[caption id="attachment_72307" align="alignnone" width="600"]19-20 «Ве­ра­сы» ча­ка­лі яе год.[/caption]

Не ўяўлялі, што будзем «зоркамі»

«Верасы» чакалі яе год, а Надзея вучылася і пастаянна думала: «А раптам яны каго-небудзь знойдуць, і ўсё — дарога мне будзе закрыта!» Але на працягу ўсяго года яна неаднойчы наведвалася ў філармонію — ездзіла на праслухоўванне. Бо адна справа, калі цябе ўдзельнікі ансамбля паслухаюць, а другая — начальства і мастацкая рада...

— Калі я прыехала ў Мінск ужо ўладкоўвацца на працу, мяне ўзялі ў «Верасы». І хутка — на гастролі! Дарэчы, праз год і ансамбль «Чараўніцы» забралі ў філармонію, у Мінск. Гэта значыць, каб я не трапіла ў «Верасы», усё роўна апынулася б у філармоніі... Хаця невядома, як бы склаўся мой творчы лёс: у «Верасах» я была спявачка, часам іграла на бас-гітары ці проста на гітары, а ў «Чараўніцах» кіраўнік бачыў мяне толькі як бас-гітарыстку.

Тады, у 1970-я гады, ніхто з удзельнікаў ансамбля нават уявіць сабе не мог, што іх калектыў праз нейкі час стане «зорным» і назаўжды ўвойдзе ў гісторыю беларускай эстрады. Яны проста працавалі. Шмат працавалі...

— Ад'язджаем на гастролі: жывём у гатэлі, раніцай снедаем і збіраемся на рэпетыцыю. Потым трохі адпачылі — на канцэрт! Перад канцэртам спяваем, у цягніку спяваем, рэпеціруем, ноты пішам. Не так, як сёння, а ўсё на слых. У Ядзі Паплаўскай абсалютны слых, яна не церпіць фальшы і ўсё чуе, і не толькі ў музыцы. Былі моманты, калі ў калектыве навісала напружаная атмасфера: дзесьці хтосьці штосьці сказаў ці, наадварот, не сказаў. Ядзя імгненна збірала ўсіх: «Гаварыце ў вочы, што каму не падабаецца!» Пагаворым, пакрычым, пасварымся — усё, канфлікт зняты.

З будучым мужам, Барысам Белым, яна сустрэлася таксама ў філармоніі, на рэпетыцыі «Верасоў». Так што гэты ансамбль стаў па-сапраўднаму лёсавызначальным для яе.

—        Бора прыйшоў да нас рабочым сцэны. Мы рэпеціравалі, спявалі, тут ён зайшоў у залу у белым плашчы.  Потым мы сталі пасля рэпетыцый хадзіць у кіно. Я старалася сесці побач з ім: калі побач сяджу — значыць, ён мяне правядзе дадому. Перад тым, як пажаніцца, мы паўтара года проста сустракаліся. Потым ужо жылі разам, але тады так не было заведзена. Нас з Ядзяй выклікалі да начальства: Ядзя з Сашам сустракалася, а я — з Борам. Хлопцы нас чакалі за дзвярамі, а мы атрымлівалі наганяй. Далей Бора пайшоў на павышэнне: паехаў на стажыроўку, стаў адміністратарам, а потым — дырэктарам ансамбля «Чараўніцы»...

Муж пазычыў пінжак у Ціхановіча

Жаніхаліся гэтыя дзве вядомыя сёння пары адначасова і пажаніліся таксама амаль адначасова. І нават вяселлі жаніхі згулялі... у адным і тым жа пінжаку.

— З вяселлем цікава атрымалася. Раней, працуючы ў філармоніі, можна было лёгка кватэру ў кааператыве пабудаваць. Уяўляеце, дырэктар за намі хадзіў і ўгаворваў: «Дзяўчаты, падавайце заяву на кватэру, пакуль ёсць магчымасць!» Думаю: калі я незамужам, то можна толькі аднапакаёвую, а калі ўзяць шлюб — двухпакаёвую. Тэлефаную Бору на гастролі і кажу, што прыеду да яго замуж выходзіць. Мы ў Мінску хацелі распісацца, але тут трэба было месяц чакаць, а нам раптам прыспічыла. Прыехала да яго ў Івацэвічы, і з сяброўкай, сведкай, пайшлі ў ЗАГС. Сядзелі там дзве гадзіны, а нам кажуць: «Нельга! Распісвацца трэба або там, дзе вы прапісаны, або там, дзе бацькі». А Бора — родам з пасёлка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна, недалёка, у прынцыпе, ад Івацэвіч... Паехалі мы да яго на радзіму. Ён мяне з бацькамі пазнаёміў, а то яны наогул не ведалі, што ў Барыса дзяўчына ёсць. Мяне пакінуў дома, а сам паехаў у сельсавет дамаўляцца. І прыехаў ужо з пасведчаннем аб шлюбе!

Вяселле таксама было... вясёлае. Бора проста з гастроляў прыехаў да мяне ў Гродна. Яго радня — уся ў вёсцы. Мая радня сабралася ў 12.00, і мы чакаем, калі госці жаніха прыедуць... Мая мама ўжо плакаць стала: сталы накрытыя, усе сядзяць галодныя і чакаюць, а іх няма! Прыехалі, калі цямнець пачало...

На вяселле Бора ўзяў у Сашы Ціхановіча прыгожы крымпленавы пінжак — свайго не было. А потым Сашка жаніўся таксама ў гэтым пінжаку. Атрымліваецца, шчаслівы пінжак быў: і ў нас, і ў Сашы з Ядзяй моцныя шлюбы аказаліся.

Пажаніліся яны ў 1974 годзе, а дачушку нарадзілі толькі ў 1980-м. Гэта быў зорны час «Верасоў», і таму Надзея ўсё адкладвала гэтую важную падзею.

— Не хацела, прасіла мужа пачакаць. А ён, калі бачыў, якія я зрывала апладысменты, калі адна спявала пад гітару, казаў: «Ты ж — гатовая спявачка! Давай, рабі сваю праграму і ідзі ў свабоднае плаванне!» Я ніяк не магла адважыцца. Адважыўся ён, і мне давялося пайсці... у дэкрэтны водпуск.

У вакальна-інструментальным ансамблі «Верасы» Надзея Мікуліч адпрацавала 8 гадоў. А пасля дэкрэту яе туды ўжо не ўзялі...

[caption id="attachment_72308" align="alignnone" width="600"]19-22 Надзея Мікуліч з мужам Барысам Белым і дачкой Вольгай падчас святкавання 40-годдзя вяселля, 2014 г.[/caption]

Як я згублюся? Я гэтым жыву!..

Яна занялася сольнай творчасцю. Аказалася, не такая гэта лёгкая справа — сумяшчаць кар'еру спявачкі і мацярынства. Вядома, дапамагалі бацькі, і заўсёды, калі толькі мог, сваё надзейнае плячо падстаўляў муж. І Надзея Мікуліч не згубілася ў эстрадным свеце, захавала сваю папулярнасць і нават атрымала ганаровае званне.

— Да школы мы пакідалі Волю ў бабуль — то ў маці Боры, то ў маёй. Прыеду з гастроляў і адразу — да дачкі! А яна мяне цёткай называе! Я ў слёзы!.. Потым ужо прывыкне, зноў мамай заве.

У 1983-м я стала дыпламантам Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады, і мне дазволілі працаваць цэлае аддзяленне. Я стала працаваць з калектывам, ансамблем сучаснага танца. А спявала я толькі пад гітару. Потым выступала разам з ансамблем «Сузор'е» — памятаеце такі гурт? Яны ігралі ўсё маё аддзяленне. Валодзя Пузыня, вядомы майстар, зрабіў для нас дудкі, іншыя беларускія нацыянальныя інструменты. Прымалі цудоўна — амаль усё ішло «на біс».

Потым я стварыла свой калектыў: гітарыст Аляксандр Ляднёў, балетная пара Наталля Кастрама і Вячаслаў Ліснеўскі, вядучы Віталь Жукаў, але пазней нас «ператасавалі» з іншым калектывам. Перабудова ішла... Апошні раз, калі мы паехалі на гастролі, нічога не зарабілі і яшчэ засталіся вінаватыя грошы. На той момант я ўжо 21 год адпрацавала ў філармоніі і, як вакалістка, пасля 20 гадоў выступленняў магла выйсці на пенсію. Што і зрабіла ў 1993 годзе...

А калі выйшла на пенсію, стала больш працаваць, выпусціла 4 дыскі — столькі новых песень з'явілася ў рэпертуары, столькі магчымасцяў і свабоды! І ўжо тады атрымала званне заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь. Сёння ў мяне канцэрты — ад выпадку да выпадку, усяго па адным на месяц. Але як я магу згубіцца, калі гэтым жыву?

«Можна да вас дакрануцца?»

Сённяшні слухач ужо амаль не асацыюе Надзею Мікуліч з ансамблем «Верасы», а ведае і любіць за песні з яе сольнага репертуару, якія яна карпатліва збірала, дарэчы, на працягу многіх гадоў і вельмі шкадуе з кожнай развітвацца...

— З «Верасоў» я пайшла з адной песняй, астатнія спяваць не магла: яны не гітарныя. Другая песня ў мой рэпертуар прыйшла, калі да нас прыехалі на гастролі Жанна Раждзественская і ансамбль «Пламя». Жанна іграла на раялі і спявала «Ни слова не скажу тебе», і я падумала: «Вось мая песня!» Падышла да яе пасля канцэрта, і яна аддала мне гэтую песню! А пасля Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады ў мяне з'явіліся песні «Авэ, Марыя!» Эдуарда Зарыцкага і «Ксеня» Уладзіміра Будніка. Цудоўныя песні напісалі для мяне кампазітары: Валерый Іваноў — «Прадчуванне вечнасці», Яўген Глебаў — «Калыханку», Эдуард Зарыцкі — «Я вярнуся»...

Адна з самых папулярных і любімых слухачамі песень у выкананні Надзеі Мікуліч — «Ой, бяда, бяда!..» На канцэртах яна заўсёды ідзе «на біс». І кожны раз перад яе выкананнем Надзея не забывае сказаць, што гэты твор яна прысвячае свайму любімаму мужу.

— Мяне доўга «даставаў» паэт Яўген Бароўскі: калі я ўжо штосьці напішу, бо ён мне свае вершы даў. А я якраз тады ў Гомель з канцэртам ездзіла. Было шмат часу да цягніка, думаю: пакуль сяджу, пачытаю іх. І атрымалася музыка! Мне спадабалася... Муж мяне павінен быў сустрэць. Я прыязджаю ў Мінск — ніхто не сустракае! Дабіраюся сама дадому, а там ужо стол накрыты і распачатае ўсё, але нікога няма. Услед за мной прыязджаюць мой Барыс Пятровіч з сябрам, ужо «вясёленькія»: «Вой, а мы цябе сустракалі!» Я кажу: «Добра, зараз я вам песню пакажу!» Праспявала, а Бора: «Гэта будзе шлягер!» А я сказала, што яму і прысвячаю шлягер...

Напрыканцы мінулага года Надзея Мікуліч і Барыс Белы адсвяткавалі рубінавае вяселле — 40 гадоў сумеснага жыцця. У кавярні прысутнічалі самыя блізкія і родныя ім людзі.

Яна па-ранейшаму запатрабаваная і любімая сваімі прыхільнікамі. Людзі на вуліцы яе пазнаюць: і кветкі дораць, і рукі цалуюць, і словы любові і прызнання выказваюць. І нават могуць проста падысці і спытаць: «Можна да вас дакрануцца?»...

Тамара БУНТА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».