Вы тут

Бяспечнай дарогі, малы!


Выбіраем аўтакрэсла для дзіцяці

Сёння ўсе бацькі павінны памятаць, што аўтакрэсла для малога ў машыне — абавязковая рэч. Толькі спецыяльныя дзіцячыя крэслы здольныя выратаваць маленькіх пасажыраў у выпадку аварыі. Ды што там аварыя! Часам трагедыя адбываецца нават пры рэзкім тармажэнні — дзіця проста вылятае з рук маці і з усёй моцы ўразаецца ў лабавое шкло ці пярэдняе крэсла. Па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, выкарыстанне дзіцячага аўтамабільнага крэсла зніжае смяротнасць сярод дзяцей да 1 года ў аварыях адразу на 70%! А сярод дзяцей ва ўзросце 1–4 гадоў — на 54%.

19-16

З 16 студзеня 2015 года ў Беларусі ўступіў у сілу Указ № 483, які ўнёс змены і дапаўненні ў Правілы дарожнага руху. Так, «вадзіцелі абавязаны перавозіць дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў у легкавым аўтамабілі з выкарыстаннем дзіцячых утрымліваючых прылад ці іншых сродкаў, якія дазваляюць бяспечна прышпіліць дзіця з дапамогай рамянёў бяспекі (акрамя выпадкаў, калі рост дзіцяці перавышае 150 см, а таксама пры перавозцы ў аўтамабілі-таксі)».

Класіфікацыя

Усе дзіцячыя аўтакрэслы і іх канструкцыя павінны адпавядаць Еўрапейскаму стандарту бяспекі ЕСЕ R44/03 Unіversal. Паводле Еўрапейскай класіфікацыі, усе дзіцячыя аўтакрэслы падзяляюцца на пяць груп, у залежнасці ад вагі дзіцяці.

Катэгорыя 0: Нованароджаных да 1 года, вагой не большай за 10 кг, якія яшчэ не могуць самастойна сядзець, рэкамендуецца перавозіць толькі ў аўталюльцы, дзе яны размяшчаюцца лежачы. Аўталюлькі — гэта тыя ж люлькі ад калысак, але з магчымасцю замацавання на заднім сядзенні аўтамабіля пры дапамозе адмысловых рамянёў. Дзіця фіксуецца ў люльцы шырокім і мяккім рэменем, а вакол галавы немаўля размяшчаецца дадатковая ахова.

Важна. Пры ўстаноўцы аўтакрэсла не размяшчайце немаўля галавой да дзвярэй!

Катэгорыя 0+: Гэтыя аўтакрэслы для дзяцей да 1,5 года і вагой не большай за 13 кг усталёўваюцца тварам супраць ходу руху на пярэднім або заднім сядзенні — пры такім размяшчэнні немаўля лягчэй пераносіць лабавы ўдар аўтамабіля. Крэслы гэтай групы, як правіла, універсальныя і могуць выкарыстоўвацца як пераноска, качалка, проста крэселка і як люлька для калыскі.

Важна. Пры ўстаноўцы на пярэднім сядзенні аўтамабіля абавязкова адключайце франтальную падушку бяспекі!

Катэгорыя 1: Гэтыя крэслы для дзяцей ад 1 да 4 гадоў і вагой ад 9 да 18 кг, як правіла, маюць некалькі палажэнняў вугла нахілу (для няспання і сну). Усталёўваюцца, у большасці выпадкаў, па ходзе руху на заднім сядзенні.

Катэгорыя 2/3: Для дзяцей ад 3 да 7 гадоў і вагой ад 15 да 25 кг выпускаюцца крэслы, якія прадугледжваюць па меры росту дзіцяці пераход ад выкарыстання ўнутраных рамянёў да вонкавых, аўтамабільных. З ростам дзіцяці спінку такога аўтакрэсла можна зняць, пакінуўшы толькі сядзенне. Усталёўваюцца выключна па ходзе руху на заднім сядзенні.

Для дзяцей вагой 22–36 кг можна выбраць дзіцячае аўтакрэсла групы 3. Гэта так званы «бустар» — сядзенне без спінкі. Як правіла, іх выкарыстоўваюць, калі дзіця ўжо досыць высокае. Перавага бустара — нізкая цана. Аднак большасць экспертаў схіляюцца да таго, што яго выкарыстанне непажаданае: ён не мае бакавой аховы. Крэслы групы 2/3 у любым выпадку маюць больш пераваг.

Выпускаюцца таксама ўніверсальныя аўтакрэслы-трансформеры, прыдатныя для некалькіх груп дзяцей (1, 2, 3). Яны больш практычныя, іх хопіць на доўгі тэрмін, але па бяспецы яны значна саступаюць «вузкаспецыялізаваным» крэслам.

19-15

Выбіраючы дзіцячае аўтакрэсла, зыходзьце з наступнага

* Дзіцячае аўтакрэсла перш за ўсё павінна ў выпадку аварыі забяспечыць малому максімальную абарону. Самыя бяспечныя аўтакрэслы выпускаюць еўрапейскія вытворцы Romer, Bebe-Confort, Maxі-Cosі, Recaro, Kіddy, Cybex, Brіtax, Concord, Jane, Chіcco.

* Група аўтакрэсла павінна адпавядаць вазе маленькага пасажыра, таму перад наведваннем крамы абавязкова ўзважце сваё дзіця.

* У аўтакрэсле дзіцяці павінна быць камфортна. Зручнасць тут з'яўляецца элементам пасіўнай бяспекі, бо ў нязручным крэсле дзіця пачне капрызіць і адцягваць увагу кіроўцы ад дарогі. Таму перад купляй дазвольце малому «прымераць» крэсла, у якім яму трэба будзе правесці шмат часу.

* Чым меншае дзіця, тым важней для яго магчымасць спаць падчас паездкі, таму пажадана, каб крэсла рэгулявалася па нахіле.

* Для дзяцей да 3 гадоў абавязковыя ўнутраныя Y‑падобныя або пяцікропкавыя рамяні, бо толькі яны змогуць засцерагчы малое ад характэрных пашкоджанняў брушной поласці і траўмы пазваночніка.

* У аўтакрэслах з унутранымі рамянямі бяспекі звярніце ўвагу на пракладку ў замку-спражцы, якая злучае рамяні ў зоне пахвіны дзіцяці. Пры франтальным удары на гэтае месца прыйдуцца значныя нагрузкі і пракладка павінна быць досыць шырокай і пругкай, каб не траўмаваць малога.

* Дзіцячае аўтакрэсла павінна без праблем пераносіцца і проста ставіцца ў ваш аўтамабіль усімі, хто будзе вазіць малое. Неабходна прымераць аўтакрэсла ў сваю машыну.

* Пры падарожжах за мяжой памятайце — у шэрагу краін спераду можна перавозіць толькі люлькі для самых маленькіх.

Іsofіx ці не?

Часам пры падборы дзіцячага аўтакрэсла паўстае пытанне — купляць з мацаваннямі Іsofіx ці не. Іsofіx — гэта сістэма мацавання крэслаў пры дапамозе клямараў, якія схаваны паміж падушкай і спінкай задняга сядзення аўтамабіля (таму для пачатку праверце, ці ёсць Іsofіx у вашай машыне). Яны, як правіла, даражэйшыя, аднак эксперты раяць не эканоміць (наяўнасць Іsofіx не перашкаджае пры неабходнасці прышпільваць крэсла стандартнымі рамянямі). Усе краш-тэсты паказваюць, што дзіцячыя аўтакрэслы з сістэмай Іsofіx адчувальна больш бяспечныя, ды і мацаваць іх прасцей. Звычайна ў аўтамабілі мацаваннем Іsofіx абсталёўваюцца два крайнія заднія месцы (шэраг мадэляў маюць мацаванні на ўсіх пасажырскіх сядзеннях).

Часта дзіцячыя аўтакрэслы «пачатковых» груп, акрамя сістэмы мацавання Іsofіx, валодаюць і дадатковымі мацаваннямі. Гэта альбо ўпор у падлогу салона аўтамабіля, альбо мацаванне Top Tether (якарны рэмень). Праўда, не ўсе аўтамабілі маюць крапяжы для яго выкарыстання.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».