Вы тут

Выхаванне футболам, або Як спорт загартоўвае характар


…Дзіўная рэч адбываецца ва ўсіх навідавоку: выхаваннем дзяцей амаль да паўналецця займаюцца пераважна жанчыны: мамы, выхавальніцы ў садках, настаўніцы ў школах. Мужчыны ж у асноўным імкнуцца зарабіць грошы. І ўсе бакі гэта як быццам задавальняе. А потым мы здзіўляемся: чаму мноства ўжо дарослых хлопцаў такія інфантыльныя і нерашучыя, чаму ў транспарце «джэнтльменаў шмат, месцаў не хапае», і куды падзеліся сапраўдныя мужчыны?

Напярэдадні аднаго з самых мужчынскіх свят мы распыталі пра тое, як правільна выхоўваць хлопчыкаў, каб не давялося потым выпраўляць памылкі, уласна тых спецыялістаў, хто працуе ў гэтым напрамку шмат гадоў. Прытым — выключна мужчын.

Трэнер-выкладчык СДЮШАР футбольнага клуба «Мінск» Аляксандр СТРУК расказаў пра тое, за што з каманды могуць адлічыць нават маленькага футбаліста і ў якім узросце варта весці хлопца ў футбольную секцыю.

19-29

Дзясятак хлопчыкаў ад варот да варот ганяюць па паркеце мяч. Кожны з іх у душы Златан Ібрагімавіч і Ліянэль Месі, «зоркі» сусветнага футбола, а кожная трэніроўка — адказны матч. Яшчэ б! Бо за табой сочыць не толькі твой трэнер, але і бацькі, якія літаральна прыліплі да вокнаў кавярні ў офісе ФК «Мінск», з якой адкрываецца нядрэнны агляд на тое, што адбываецца ў спартыўнай зале. Здаецца, малыя толькі адчулі смак гульні, як гучыць свісток. Трэніроўка завершана.

— Летась ім споўнілася 7 гадоў, — кажа пра падапечных Аляксандр Струк, за плячыма якога 13 гадоў трэнерскай практыкі. — Займаюцца са мной два гады і ў футболе ўжо нешта рабіць умеюць.

Пры мне ў спартыўную школу запрашалі толькі ў другім класе, а вы сваіх выхаванцаў трэніруеце з 5‑гадовага ўзросту.

— І гэта нармальна. Калі раней галоўную ролю ў фізічным выхаванні дзіцяці адыгрываў двор, сёння з гэтым вялікая праблема: усе двары заняты аўтамабілямі і дзіцячых пляцовак не хапае. Вось і прыводзяць да нас 5‑гадовых дзетак. Між іншым, у параўнанні з іншымі футбольны рост лепш заўважны ў тых, хто прыйшоў займацца раней.

Аляксандр Іванавіч, але як захапіць дзіця спортам, калі ў інтарэсах дамінуюць камп'ютарныя гульні?

— Бацькам трэба растлумачваць, што самае галоўнае ў першыя гады навучання ў школе — гэта здароўе, заняткі спортам і фізкультурай. Усе насамрэч добра ведаюць, якую шкоду нясе празмернае захапленне камп'ютарнымі гульнямі, а спорт выхоўвае ў хлопчыку будучага мужчыну, вучыць трымацца распарадку дня, правільна харчавацца. Пра гэта магу меркаваць па сваіх сынах (абодва нарадзіліся ў 2007‑м), якія раніцай падымаюцца ў адзін і той жа час, снедаюць, абедаюць. У іх дзень распісаны, як у дарослага чалавека. Гэта прывівае ім дысцыпліну.

Дарэчы, ці паменшыўся колькасна набор юных футбалістаў?

— У нашым выпадку трэба казаць пра адбор. Для выхавання дзяцей у футбольнай школе «Мінск» створаны добрыя ўмовы, і кожны год на прагляд прыходзяць вельмі шмат хлопчыкаў. На жаль, усіх узяць не можам. Стараемся разглядзець найбольш таленавітых. Дзеля гэтага звяртаем увагу на хуткасць, фізічныя якасці, на характар. Здараецца, што дзіця трапіла ў новы асяродак, збянтэжылася і не здолела праявіць свае лепшыя здольнасці. Аднак сумаваць не трэба. Мы гатовы пасля даць яшчэ адзін шанц прайсці прагляд. А калі зноў не атрымалася, падкажам адрасы іншых футбольных клубаў.

19-30

Цікава, а як вы псіхалагічна працуеце з падапечнымі?

— У кожнага з хлопцаў свой характар. Працаваць прыходзіцца індывідуальна. Кагосьці трэба паўшчуваць, крыху прыкрыкнуць, а для іншага патрэбна змястоўная размова, колькі добрых слоў пра выдатныя дзеянні на футбольным полі. Школьнікі прыносілі мне дзённікі. Я наладзіў кантакт з настаўнікамі, і пакуль хлопцы не паляпшалі вучобу, на спаборніцтвы іх ніхто не адпускаў. Тут усё ўзаемазвязана. Калі ў школе ўсё добра, тады і ў футболе ўсё будзе няблага.

Ці даводзілася вам кагосьці выключаць з каманды?

— Так. Бо каманда — гэта калектыў, а ў ім заўжды павінна быць добрая атмасфера. А калі хлопец мае футбольны талент, але не адпавядае ўзроўню ўзаемаадносін, ён больш нашкодзіць сваімі дзеяннямі, чым дапаможа.

Даводзілася чуць, што бацькі маленькіх футбалістаў не толькі прывозяць сваіх дзетак на трэніроўкі, але і спрабуюць неяк уплываць на трэніровачны працэс.

— Адчуваць падобнае непрыемна. Бацькі прывялі дзіця на трэніроўку да спецыяліста, якому давяраюць, і на гэтым іх удзел у трэніровачным працэсе павінен скончыцца. Далей працуе трэнер, які цалкам кіруе камандай і адказвае за вынік. Я да іх звяртаюся: «Прыносьце сцягі, дудкі і падтрымлівайце сыноў, а куды бегчы, як адкрывацца на полі — гэта ўжо ў кампетэнцыі трэнера». Але ўсё роўна многія з іх спрабуюць і будуць спрабаваць рабіць па-свойму. Часам з дзіцем, у якога трэнер падчас заняткаў укладвае адно, а бацька дома вучыць зусім іншаму, працаваць бессэнсоўна. Што рабіць — прыходзіцца развітвацца.

Не менш дзіўным выглядае, калі з хлопца спрабуюць зрабіць футбаліста супраць яго волі.

— Здараецца, што, акрамя жадання бацькоў, хлопчыка да заняткаў больш нішто не падштурхоўвае. У такім выпадку дарослым трэба адразу зразумець, для чаго яго прывялі ў секцыю. Калі дзеля паляпшэння здароўя, то лепш наведваць секцыі, якія дзейнічаюць пры кожнай сярэдняй школе. А спецыялізаваная школа пры футбольным клубе звязана са спортам высокіх дасягненняў. Прыходзіцца гэта тлумачыць. Але ўсе ўсё добра разумеюць, і ніякіх супярэчнасцяў у гэтым пытанні не ўзнікае.

Аляксандр Іванавіч, а вашых маленькіх падапечных можна назваць апантанымі футболам?

— Яны ўсе розныя. Нехта да і пасля трэніроўкі актыўна абмяркоўвае еўрапейскія чэмпіянаты, паведамляе мне вынікі матчаў, а нехта яшчэ год назад мог прынесці на трэніроўку цацачную машынку. Яны яшчэ дзеці, аднак у тым, што могуць хутка пераключацца з футбола на нешта іншае, нічога дрэннага не бачу. Яны павінны валодаць сітуацыяй і ў іншых сферах жыцця.

Хлопчыкі раўняюцца на гульцоў дарослай каманды «Мінска»?

— Пакуль яны лепш ведаюць Раналда і Месі, чым футбалістаў нашай асноўнай каманды. Але мы пастаянна ім расказваем пра наш футбольны клуб і пакрысе інтарэс да яго пачынае праяўляцца. І чым старэйшы ўзрост, тым большай становіцца зацікаўленасць сваёй камандай. Пры гэтым ФК «Мінск» заўжды аказвае дапамогу. Што казаць, калісьці некалькі пакаленняў хлопцаў гулялі ў адным камплекце формы. А цяпер кожная наша ўзроставая каманда мае па два гульнявыя камплекты. З дзіцячым футболам усё стала значна лепей, чым раней. Ды і выдаткі бацькоў мінімальныя ў параўнанні з тым жа хакеем і тэнісам.

Тарас ШЧЫРЫ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.