Вы тут

«Галоўнае, каб касцюмчык сядзеў!»


Як кожная сапраўдная лэдзі не можа абысціся без маленькай чорнай сукенкі, так і абавязковым складнікам мужчынскага гардэроба з'яўляецца касцюм. Строгі і кансерватыўны англійскі, камфортны амерыканскі ці элегантны еўрапейскі — не важна, якому тыпу гарнітура вы аддасце перавагу, галоўнае, каб ён выдатна сядзеў па фігуры і быў зручны. Як жа правільна падабраць касцюм?

19-7

Звычайна ў продажы бываюць наступныя мадэлі:

1. Аднабортны (з гузікамі на адным баку і прарэшкамі на другім). Гэты пакрой з'яўляецца самым распаўсюджаным і адначасова самым універсальным. Яго выбіраюць 80% мужчын. Адной з самых галоўных пераваг аднабортнага пакрою можна назваць лёгкасць у эксплуатацыі: адной рукой можна расшпіліць/зашпіліць пінжак, чаго не зробіш з двухбортнай мадэллю.

2. Двухбортны (з гузікамі і прарэшкамі на кожным крысе). Двухбортны фасон больш экстравагантны. Ён заўсёды мае два бакавыя разрэзы на пінжаку і ніколі ззаду.

3. Касцюм-тройка. Пінжак у такіх мадэлях аднабортны, і пад яго на сарочку надзяваецца камізэлька.

Зазірніце ў люстэрка

Пры выбары гарнітура ў першую чаргу неабходна ўлічваць асаблівасці свайго целаскладу. Так, высокім мужчынам, якія хацелі б зрокава паменшыць рост, трэба пазбягаць любых вертыкальных палосак і ліній. Пінжак выбірайце добрага крою, з простым і выразным сілуэтам. Двухбортны пінжак ці пінжак з трыма гузікамі — не самы добры для вас варыянт. Лепш звярніце ўвагу на мадэлі з двума гузікамі, накладнымі кішэнямі і шырокімі штрыфелямі — так вы прыдасце «аб'ём» сваёй фігуры. Штаны падбірайце са складкамі і крыху завужаныя знізу.

Невысокім мужчынам не варта набываць двухбортны пінжак, пінжак падоўжанай мадэлі ці ў буйную клетку. Ваш варыянт — штаны з крыху завышанай таліяй, без адваротаў, са стрэлкамі, і пінжак, які прыкрывае ягадзіцы.

Поўным мужчынам, наадварот, рэкамендуюцца касцюмы ў вертыкальную палоску — гэта дапаможа схаваць паўнату і трохі выцягнуць рост. Мадэль павінна адцягваць увагу ад таліі і падкрэсліваць лінію плячэй. Не набывайце гарнітуры з накладнымі кішэнямі і шырокімі штрыфелямі. Двухбортныя пінжакі будуць падкрэсліваць вагу — лепш спыніце ўвагу на варыянце з трыма гузікамі. Штаны павінны быць прамымі, свабоднымі і без адваротаў.

Колер — усяму галава!

Колер касцюма перадае шмат інфармацыі пра яго ўладальніка. Калі жадаеце зрабіць уражанне моцнага і ўпэўненага мужчыны, выбірайце гарнітур сіняга ці шэрага колеру.

Сіні касцюм асацыюецца з чалавекам-прафесіяналам, лідарам, які аддае перавагу аўтарытарнаму стылю кіравання.

Уладальніка касцюма шэрага колеру вылучае кансерватызм, стабільнасць, годнасць і прафесіяналізм. Памятайце, што чым цямнейшы колер вы выбіраеце, тым ярчэй праяўляюцца гэтыя якасці для тых, хто вас акружае.

Гарнітуры шэрых тонаў і адценняў псіхолагі раяць насіць кожны дзень, касцюмы сіняга колеру лічацца ўніверсальнымі, на ўсе выпадкі жыцця, чорны колер варта апранаць толькі ў асаблівых выпадках.

Крыху пра спалучэнні колераў. Мода сёння дазваляе камбінаваць штаны і пінжакі рознага колеру, але пры гэтым неабходна прытрымлівацца наступных правілаў:

* Да пінжака ў клетку ці палоску падбірайце аднатонныя штаны.

* Калі штаны ў палоску ці клетку, набывайце толькі аднатонны пінжак.

* Колеры штаноў і пінжака абавязкова павінны спалучацца адзін з адным.

* Кантрастныя колеры пасуюць больш маладым людзям, мужчынам старэйшага ўзросту варта спыніць свой выбар на прыглушаных, спакойных спалучэннях колераў.

Па адзенні сустракаюць

Галоўная ўмова выбару добрага касцюма — ён павінен ідэальна падыходзіць вашай фігуры. Заўсёды пачынайце прымерку з пінжака.

Звярніце пільную ўвагу на плечы і спіну. У плячах пінжак мусіць сядзець быццам уліты, але пры гэтым не павінна адчувацца ніякай скаванасці. Каўнер мякка абцякае шыю, а штрыфелі ў верхняй частцы пінжака ідэальна прылягаюць да бартоў. Агледзьце сябе са спіны: паміж лапаткамі, нават калі выцягнуць рукі ўперад, не павінна быць ні складак, ні зморшчын. Калі вы выбіраеце класічны варыянт, то памятайце, што ніжні край пінжака мусіць прыкрываць ягадзіцы. Кароткі пінжак зрокава зробіць мужчыну ніжэйшым ростам. І яшчэ праверце, каб ніз пінжака быў паралельным падлозе.

Як вызначыць правільную даўжыню рукава? Калі рукаў пінжака закрывае сарочку, значыць, ён занадта доўгі. Даўжыня рукава павінна быць карацейшай за манжэт сарочкі на 1–1,5 см. Вызначыць патрэбную даўжыню можна наступным чынам: выцягніце рукі ўздоўж цела, затым адагніце вялікі палац на 90 градусаў. На тым месцы, дзе ўтвараецца вугал, і ёсць ваша даўжыня.

Выбіраем штаны

Касцюм з занадта доўгімі штанамі выглядае неакуратна. Абавязковая ўмова пры выбары штаноў — яны прыкрываюць шкарпэткі, а шкарпэткі мусяць быць такімі доўгімі, каб не агаляць ногі, калі вы сядзіце. Даўжыня правільна падабраных штаноў ззаду заканчваецца пасярэдзіне абцаса чаравіка, а спераду яны трохі прыкрываюць шнуроўку і ўтвараюць адну невялікую складку.

Важныя дробязі

1. Не надзявайце сарочку з кароткім рукавом з гальштукам.

2. Старанна выбірайце туфлі. Пры ўдалым спалучэнні з касцюмам яны створаць стыльны і дзелавы выгляд.

3. Набывайце шкарпэткі пад колер штаноў (у крайнім выпадку — на тон святлейшыя). Ніколі не надзявайце разам з дзелавым касцюмам шкарпэткі з малюнкам, нават калі ён вельмі дробны.

4. Папруга павінна адпавядаць па колеры абутку (ці быць на тон цямнейшай, але ніколі святлейшай за чаравікі).

5. Даўжыня гальштука павінна даходзіць да лініі пояса. Пры правільна завязаным гальштуку з'яўляецца невялікая ўпадзіна ў цэнтры.

6. Самы ніжні гузік пінжака звычайна не зашпільваецца.

7. Не трымайце ніякіх ручак, кашалькоў і іншай драбязы ў нагруднай кішэні. Максімум — насоўку.

8. Шліцы пінжака не павінны разыходзіцца.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.