Вы тут

Прыручыў — адказвай, або Хто павінен займацца жывёламі, якія згубіліся


Праблема жорсткага абыходжання з жывёламі застаецца вострай і знаходзіць свой водгук у грамадстве. Пра гэта сведчаць і крокі, якія робяцца для яе вырашэння на дзяржаўным узроўні (уступленне ў дзеянне новых артыкулаў Крымінальнага кодэкса, распрацоўка адпаведнага закона), і звароты саміх грамадзян. Адзін з такіх лістоў прыйшоў у рэдакцыю «Звязды» ад мінчанкі Настассі, якая — па форме — выказвае крыўду ў адрас жывёлаахоўнай арганізацыі «Эгіда», а па сутнасці — абурэнне безадказнымі ў дачыненні да братоў нашых меншых паводзінамі людзей.

19-23

«З тых часоў, як у Мінску з'явілася гэтая арганізацыя, я захаплялася самаадданасцю яе ўдзельнікаў: не шкадуючы сябе, яны дапамагаюць тым жывёлкам, якім не пашанцавала з гаспадарамі», — пачынае свой ліст Настасся. Аднак пасля піша, што «дыфірамбы скончаны».

«Калі вярталіся з прагулкі з гадавалым дзіцем, на стадыёне школы (Прытыцкага, 88) я ўбачыла шчанюка 4-5 месяцаў. Руды, пацешны, вушкі вісяць, гуллівы, але вельмі галодны. Сабачка «даваў лапу», а добрыя дзеткі яго «частавалі» снежкамі і ледзяшамі, якія той прагна грыз. Высветліўшы, што сабака нічый, я пачала тэлефанаваць у даведку, каб знайсці нумар тэлефона «Эгіды». А потым на працягу гадзіны спрабавала датэлефанавацца па тых тэлефонах, якія мне далі ў даведцы...»

Калі Настасся нарэшце дазванілася, то распавяла валанцёру пра тое, што знайшла шчаня і што ўзяць да сябе яго не можа, бо дома — дарослы сабака, які не прыме іншую жывёлу на сваёй тэрыторыі. Жанчына чакала, што хтосьці з валанцёраў пад'едзе альбо ёй дадуць кантакты кагосьці з іх у яе раёне. Аднак ёй адказалі наступнае: «Зайдзіце на сайт egіda.by, стварыце там тэму. Напішыце аб'яву, можа, хто і адгукнецца».

Настасся паспрабавала растлумачыць дзяўчыне, што пакуль яна будзе хадзіць і «займацца піярам» сабачкі, шчанюк можа куды-небудзь пайсці. Яшчэ раз папрасіла, каб хто-небудзь прыехаў і дапамог...

Маладая маці амаль гадзіну вартавала сабаку на стадыёне. Прасіла кожнага мінака пабыць са шчанюком, каб ёй можна было аднесці дзіця дадому і выйсці з вольнымі рукамі — заняцца лёсам шчаняці. Але ніхто так і не дапамог. У выніку яна папрасіла дзяцей папільнаваць сабаку, але пакуль збегала дадому і вярнулася, на стадыёне ні дзяцей, ні шчанюка не аказалася. Аббегла наваколле — без выніку.

І ўвесь гэты час жанчына без перапынку набірала тэлефоны «Эгіды».

«Я разумею, што ўсіх жывёл выратаваць немагчыма, — працягвае аўтарка ліста. — Але чаму валанцёры нават не паспрабавалі гэтага зрабіць?! Можа, гэта і блюзнерства, але адна справа — дарослы сабака, і іншая — галоднае маленькае шчаня. Я не кажу, што люблю сабак без памяці, але я гадзіну марозіла на вуліцы сваё дзіця, спрабуючы дапамагчы шчаняці. Ну няма ў мяне ў тэлефоне інтэрнэту, каб прама там, на стадыёне, аб'явы пісаць. Няхай сабе мінакі адмовіліся дапамагчы, але валанцёры, якія распісваюцца ў сваёй любові да жывёл?! Растлумачце, як так можна рабіць. А яшчэ лепш хай самі прадстаўнікі «Эгіды» гэта растлумачаць».

«Звязда» звязалася з жывёлаахоўнай арганізацыяй і папрасіла пракаментаваць сітуацыю.

— Штодня да нас паступае мноства званкоў ад людзей, якія знаходзяць жывёл на вуліцы. Першае, што мы просім, — гэта зрабіць фота знойдзенага гадаванца, — расказвае старшыня ГААЖ «Эгіда» Вераніка ХАНЦЭВІЧ. — Спачатку мы праглядаем усю базу, каб даведацца, раптам ён знік і яго шукаюць. Затым на сайце ствараем асобную тэму, прысвечаную знайдышу, апісваем сітуацыю і абставіны знаходжання, даём максімальна падрабязную інфармацыю пра яго, а таксама пішам, што неабходна зрабіць у гэты момант. Па магчымасці выязджаем на месца самі, вязём знойдзенага да ветэрынара і шукаем, хто можа ўзяць яго на ператрымку.

На жаль, людзі не заўсёды разумеюць, што гэта для нас не праца. У кожнага валанцёра ёсць свая праца, вучоба, свае сем'і і жывёлы. Таму калі валанцёр не прыязджае імгненна, гэта не значыць, што ён дрэнны. Да таго ж многія людзі, знайшоўшы жывёлу, імкнуцца перакласці адказнасць за яе на чужыя плечы, гаворачы, што з нейкіх прычын не могуць патрымаць знойдзенага ў сябе пэўны час.

Між тым, апроч валанцёрскіх арганізацый, пры знаходжанні на вуліцы бяздомнай жывёліны можна звярнуцца на дзяржаўнае прадпрыемства «Фаўна горада».

— Ёсць два варыянты: чалавек сам прывозіць жывёлу і плаціць грошы за пяць дзён яго ўтрымання (расцэнкі ўказаны на сайце ў раздзеле «Платныя паслугі»), або, калі бадзяжная жывёла замінае ці ўяўляе небяспеку, яе адлоўліваюць. Для гэтага чалавек павінен звярнуцца ў ЖЭС па месцы жыхарства, — расказалі на прадпрыемстве.

За час знаходжання на прадпрыемстве жывёла праходзіць першасны ветэрынарны агляд, і калі яна здаровая, для яе шукаюць гаспадара, а вось хворых даводзіцца ўсыпляць. Далей, калі ранейшы ўладальнік не знаходзіцца ці адмаўляецца забраць свайго гадаванца, гэта можа зрабіць любы ахвотны. Затым усе неўладкаваныя перадаюцца валанцёрам, якія займаюцца далейшым іх размеркаваннем. Статыстыка, якую паведамілі ў «Фаўне горада», засмучае: толькі за мінулы год ад насельніцтва на прадпрыемства паступілі 771 сабака і 1014 катоў. Палову з іх складаюць гадаванцы, якіх грамадзяне здаюць добраахвотна...

Хутчэй за ўсё, у выпадку, пра які расказала Настасся, што называецца, сышліся зоркі. І звяртацца тут трэба не да сумлення валанцёраў, а да нашага, гаспадароў, якія — усім вядома — адказныя за тых, каго прыручылі... Але прапанову ў сваім лісце жанчына агучыла слушную:

«Я гэта ўсё напісала не для таго, каб пакрыўдзіць «Эгіду» як арганізацыю, а каб людзі задумаліся аб стаўленні да жывёл. Можа быць, у кожным раёне стварыць які-небудзь міні-прытулак для такіх выпадкаў? Можа, падаткі, якія плацяць уладальнікі сабак, пойдуць на дапамогу бяздомным жывёлам, а не на зарплату жывадзёрам? Можа, іншыя людзі задумаюцца і як-небудзь дапамогуць галоднаму і кінутаму шчанюку?..»

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.