Вы тут

Як выратаваць цэлы свет


Жыццё навучыла мяне не замахвацца на глабальнае. Метадам спроб і памылак. Замашак і прамашак. Гузакоў і ран на сэрцы. Гузакі праходзяць, а раны не загойваюцца. Але дапамагаюць не атрымаць новых. Я не вучу вас жыць, а толькі дзялюся сваім досведам. І ён падказаў мне не замахвацца на глабальнае. Хочаш змяніць свет — пачні з сябе.

Без имени-10

Гляджу сацыяльную рэкламу ў інтэрнэце — галодныя афрыканскія дзеці з успушанымі жыватамі і кашчавымі каленкамі. Крывёю сэрца абягае. Гатова зараз жа аддаць на іх падтрымку паўзарплаты. Але як гэта зрабіць? Куды перавесці грошы? Каму перадаць правіянт? Пачынаю разведваць, пытаюся ў знаёмых. На што чую адказ: «Ты ж са сваім «Клубам 5000» дапамагаеш анкахворым дзецям. Табе мала?» Мне не мала. Але так шкада няшчасных галодных малых на іншым кантыненце.

Я так і не дапамагла афрыканскім дзецям. Ні тым, што бачыла на фота, ні нейкім іншым. Уначы захварэў мой гадавалы сын. Крык, слёзы, тэмпература. Відаць, рэжуцца зубы. А можа, жывоцік прыхапіла. Ён жа пакуль не ўмее сказаць.

Вось чаго крычаць так усю ноч? Маці не дасць прылегчы. Я тут свет ратую, клапачуся пра галодныя плямёны. Сабралася заўтра адшукаць шляхі да іх. А ты адпачыць не даеш, засяродзіцца. Што твае праблемы ў параўнанні з іхнімі? Ну, зуб лезе — гэта ж добра, яны ва ўсіх лезуць. Ну, з'еў нешта не тое, жывоцік баліць. Думаеш, ад голаду менш баліць?

Мой стомлены голас не супакоіў ні малога, ні мяне саму. Наадварот, павучанні толькі распальвалі плач, а я ўсё больш раздражнялася.

І тут як абухом па галаве — гэта ж твой сын! Яму дрэнна! І што твае пустыя развагі пра невядомых дзяцей, калі не можаш дапамагчы сваёй крывіначцы? Я ўзяла сына на рукі, прыклала да свайго жывата, пагладзіла спінку, заспявала песеньку і самае галоўнае — выкінула з галавы афрыканскіх галадаючых. Я проста была са сваім маленькім сынам — целам, думкамі і душой. Ён супакоіўся і заснуў.

Думай глабальна — дзейнічай лакальна. Гэты прынцып цудоўна апісаны ў кнізе «Тры кубкі гарбаты». Амерыканец Грэг Мортэнсан едзе ў Пакістан будаваць школы, каб змагацца з непісьменнасцю. З самага пачатку ён сутыкаецца з праблемамі: з чаго пачаць, дзе набыць будаўнічыя матэрыялы, як іх перавезці ў цяжкадаступныя раёны, каго наняць на працу і г. д.

Пасля першай перамогі, калі дзякуючы яго неверагодным намаганням з'явілася адна пакістанская школа, ён вырашае рухацца далей — будаваць навучальныя ўстановы па ўсёй тэрыторыі Пакістана і нават у суседніх краінах. І ён зноў у разгубленасці, зноў не ведае, з чаго пачаць. Ён заваяваў давер тут, у маленькай вёсцы Корфэ. Аддаленыя раёны Пакістана, як і іх насельніцтва, варагуюць са сваімі землякамі, ужо не кажучы пра «нявернага» іншаземца. З якога боку да іх падступіцца?

Тады мудры настаўнік Мортэнсана, мясцовы старэйшына Алі сказаў яму: не імкніся туды, дзе нічога не ведаеш. Будуй школы вакол сябе. У суседняй вёсцы, у наступнай...

І адукацыя пачала адзін за адным заваёўваць розныя рэгіёны Пакістана; школы Мортэнсана пранікалі ўсё далей і далей. Паступова. А пасля да яго прыехалі пасланцы з Афганістана, каб прасіць наладзіць асвету і для іх дзяцей.

Калі справа годная, яна сама цябе знойдзе. Рабі вакол сябе. І калі будзе патрэба, калі Бог пажадае, яна стане пашырацца, заваёўваць новыя тэрыторыі, розумы і сэрцы.

Гадоў сем таму, я, ужо вопытная, але наіўная валанцёрка цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, размаўляла пра дабрачыннасць са знаёмай дзяўчынай. Сняжана пераехала жыць у Амерыку і там заснавала фонд. Я не магла ўцяміць, як яна на адлегласці дапамагае беларускім дзецям, як знаходзіць валанцёраў у іншай краіне, як арганізуе акцыі і зборы. Я задавала банальныя пытанні: «А дзе ты бярэш падапечных для свайго фонду?» — «Яны самі знаходзяць нас, прыходзіцца яшчэ адсейваць».

Цяпер я сама разбіраю завалы лістоў з просьбай дапамагчы. Лісты дабрачыннаму руху дапамогі анкахворым дзецям і іх сем'ям «Клуб 5000» прыходзяць з розных краін. Незнаёмыя людзі самі знаходзяць нас. А ўсё таму, што калісьці я пачала дапамагаць тым, хто быў побач, каго бачыла кожны дзень і да чыіх патрэб не засталася абыякавай. Спачатку падключала сваіх знаёмых, потым — знаёмых знаёмых. Далей «сарафаннае радыё» разнесла пагалоску, дапамог інтэрнэт. І тады ўжо ад мяне нічога не залежала. Дзейнічай лакальна — і глабальнае само знойдзе цябе.

...Тэлефануе партнёр «Клуба 5000», які штомесяц пералічвае на карысць нашых падапечных працэнт ад прыбытку сямейнага бізнесу. «Таня, нам прыйдзецца ўрэзаць дапамогу клубу. Прыехалі сваякі з Данецка. Там вайна. Трэба падтрымаць іх тут. Прабачце», — вінавата паведамляе Вольга. А я толькі рада. Рада, што яна ўмее расстаўляць прыярытэты і дзейнічаць лакальна. Бо ў жыцці куды прасцей любіць цэлы свет, чым прымірыцца з суседам. Мы замахваемся на недасяжныя праекты, выношваем нерэальныя ідэі, пакутуем ад неіснуючых праблем і ратуем далёкіх фантомаў. Калі побач нашы блізкія, і ім патрэбна дапамога.

Я актыўна займалася «Клубам 5000», калі мая родная цётка захварэла на рак. Я суцяшала незнаёмых матуль; набівалася ў сябры дзецям, якіх бачыла ўпершыню; збірала тысячы долараў на аперацыю тым, каго не бачыла ніколі. І нават па тэлефоне не ўдзяляла ўвагу цётцы Любе. Толькі аднойчы пагаварыла з ёй — на бягу, як заўсёды. І тады зразумела, як патрэбна ёй проста, каб яе слухалі. Але было ўжо позна. Я ніколі не змагу выправіць гэтую памылку.

Пішу гэты тэкст у гадавіну смерці сваёй цёткі і заклікаю вас: глядзіце побач. І рабіце тое, што ў вашых сілах, тое, што не патрабуе прыдумак, трайных прыёмаў і высілкаў. Рабіце даступнае. Адна маленькая здзейсненая справа вартая большага, чым сотні вялікіх запланаваных. Выратаванне дзяцей Афрыкі можа так і застацца няспраўджанай ідэяй. А каля ганка ад голаду падыхае бяздомны сабака. Накарміце яго. І выратуеце цэлы свет.

Таццяна НЕМЧАНІНАВА, заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.