Вы тут

«Золата» ў нашай Дашы


Дар'я Блашко, якая ўчора выступала пад нумарам 21, унесла першы залаты медаль у скарбонку зборнай Беларусі на першынстве свету па біятлоне, які гэтымі днямі праходзіць у Раўбічах.

Яна толькі фінішавала, як амаль адразу трапіла ў палон журналістаў. Вялікае каляровае табло высвечвала каля прозвішча Блашко прыемны нуль у графе промахаў, выдатны час, які дазваляў прэтэндаваць на вікторыю. Аднак трэба было яшчэ дачакацца завяршэння 6‑кіламетровай спрынтарскай гонкі сярод дзяўчат. Даша трымала эмоцыі пры сабе. Хавала іх за прыгожай усмешкай.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Дар'ю Блашко з заваяваннем залатога медаля чэмпіянату свету-2015 па біятлоне сярод юнакоў і юніёраў у спрынтарскай гонцы дзяўчат
(да 19 гадоў) на 6 км, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Кіраўнік дзяржавы пажадаў Дар'і Блашко далейшых поспехаў у спартыўнай кар'еры.

Аляксандр СЫМАН, старшы трэнер маладзёжнай зборнай Беларусі па біятлоне:

—Дзяўчаты парадавалі балельшчыкаў, усю краіну і прадэманстравалі вельмі добры вынік. Першае, чацвёртае і пятае месцы — даволі яркае выступленне. Пры гэтым у нечым падобныя вынікі былі чаканыя, бо біятланісткі ўпэўнена сябе паказвалі на этапах Кубка ІBU cярод жанчын. Будзем і надалей адсочваць таленавітых спартсменак, берагчы і рыхтаваць да дарослага спорту як рэзерв нацыянальнай каманды.

22-21

А вось яе бабулі Лідзіі Клаўдзіеўне зрабіць гэта было складана:

—Яна ў нас малайчынка, разумніца, — хваліць унучку расчуленая жанчына. — Я ганаруся ёю! Дай ёй Бог здароўечка! Для яе гэта пакуль самае галоўнае дасягненне. Адразу стэлефанавалася з мамай Дашы. Усе ў эйфарыі.

Лідзія Клаўдзіеўна жыве ў Стоўбцах. А таму, каб трапіць у Раўбічы, прачнулася а 5 гадзіне раніцы і разам з пляменнікамі паехала падтрымліваць сваю спартсменку. Кажа, што вельмі хвалявалася, чакала, калі атрымаецца ўбачыць унучку. У выніку павіншавала яе з перамогай.

Учора трэнераў, балельшчыкаў парадавалі і Дашыны сяброўкі па камандзе. Дзінара Алімбекава прадэманстравала таксама выдатную стральбу, але спынілася ў кроку ад п'едэстала. А вось Ганна Сола дапусціла на стрэльбішчы адну памылку, падзяліўшы пятую пазіцыю з расіянкай Лізаветай Каплінай. Другое месца заняла аўстрыйка Юлія Швайгер, на трэцім — Інгрыд Ландмарк Тандрэволд, сярэбраны прызёр індывідуальнай гонкі.

22-29

—Вельмі рада за сваіх сябровак па камандзе, — прызналася Ганна Сола. — Мы ўсе стараемся падтрымліваць адна адну ў цяжкую хвіліну. Хто ж нас яшчэ так падтрымае? Мы пастаянна разам.

Прыемна, што ў гэты дзень на вышыні былі і нашы заўзятары. Зразумела, пятніца — дзень працоўны. Прыехаць на першынство маглі далёка не ўсе ахвотныя. Але той, хто апынуўся ў сонечных Раўбічах, голасу не шкадаваў і «хварэў» за сваіх на ўсю моц. Можна толькі здагадвацца, што падчас гонак будзе сёння і заўтра, калі трыбуны будуць цалкам запоўненыя.

На хлопцаў, якія стартавалі пасля, у заўзятараў таксама былі надзеі. Аднак спрынт ім узнагарод не прынёс. Ніхто з беларусаў так і не здолеў адстраляцца без промахаў. Найвышэйшае, 9‑е, месца заняў Раман Шынкевіч. Гонка для яго насамрэч складвалася, але два промахі перакрэслілі ўсе медальныя перспектывы…

—Спачатку было ўсё добра, але на стойцы здарылася тое, чаму сам не находжу тлумачэння, — прызнаўся Раман. — А я так рыхтаваўся да гэтай гонкі. Нават клаўся спаць з думкамі аб чэмпіянаце… Што рабіць, буду рыхтаваць сябе і надалей на добры вынік. Ёсць да чаго імкнуцца.

Перамогу ў гонцы атрымаў нарвежац Ёнас Углем Мобакен.

Тарас ШЧЫРЫ.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».