Вы тут

Шчыра пра культуру


Міністр культуры Барыс Святлоў прыехаў у рэдакцыю «Звязды», каб адказаць на пытанні нашых чытачоў. Падчас «прамой лініі» тэлефон не змаўкаў, так што ў нас не было магчымасці ўставіць што-кольвечы сваё. Але галоўнае — вынік, які мы сёння і публікуем. У «топе» аказаліся пытанні і прапановы па бібліятэчнай справе, беларускай мове, архітэктурных помніках і кінапраектах.

Выратаваць і захаваць

— У Магілёўскай вобласці цяжкае становішча з помнікамі архітэктуры. Быхаўскі замак знаходзіцца ў аварыйным стане, Дамініканскі касцёл у вёсцы Княжыцы, помнік барочнай архітэктуры, апошні ў Беларусі, у якім захаваўся такі архітэктурны элемент, як прапілеі, — таксама. Ці будуць праводзіцца рэстаўрацыйныя работы? (Пытанне ад чытача з Магілёва.)

— Безумоўна. Шмат архітэктурных помнікаў той жа Магілёўскай вобласці ўключаны ў праграму «Замкі Беларусі», дзякуючы чаму паступова адбываецца іх рэстаўрацыя. Працэс ідзе.

— Хачу звярнуць вашу ўвагу, што на Магілёўшчыне актыўна зносяцца старажытныя будынкі, у тым ліку са спіса помнікаў архітэктуры. Як прафесійны экскурсавод магу сказаць, што большасць гістарычных будынкаў у цэнтры Магілёва знішчана не ў вайну, а ў мірны час. Кожны год 2-3 будынкі знішчаюцца і большасць з іх — па ініцыятыве мясцовых улад.

— У адпаведнасці з патрабаваннямі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», кантроль за станам і выкарыстаннем аб'ектаў спадчыны ўскладзены на мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя ўлады. Акрамя таго, Міністэрствам культуры падпісана пагадненне з Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь аб супрацоўніцтве ў галіне аховы спадчыны.

Але я пазначу вашыя сігналы і паспрабую разабрацца, што насамрэч адбылося. У любым выпадку, наша пазіцыя — лепш захаваць, чым аддаць на знішчэнне.

— Звяртаюся з пытаннем па рэстаўрацыі і забеспячэнні захаванасці кальвінскага збору ХVІ стагоддзя, які знаходзіцца ў пасёлку Першамайск Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. Выкарыстанне храма не па прызначэнні ў пасляваенны час, а затым і няўмелая кансервацыя паставілі яго на мяжу жыцця і смерці. Замест таго, каб зрабіць нармальны дах, які б захаваў помнік архітэктуры на доўгія гады, выдзеленыя дзяржавай сродкі трацяць невядома на што — нейкія пошукавыя работы з абмерамі і зандажамі. Неаднаразовыя звароты ў розныя інстанцыі заканчваліся тым, што ўласніку — Уздзенскаму ліцэю — чарговы раз даручалася зрабіць часовы дах. У выніку сцены зацякаюць, а левая вежа адкалолася ад асноўнага аб'ёму і працягвае разбурацца. Лічу, што сёння, не ўкладваючы вялікіх грошай у рэстаўрацыйныя работы, яшчэ не позна правесці граматную кансервацыю такога невялікага, але вельмі каштоўнага аб'екта нашай гісторыі. (Жыхар горада Узда.)

— Міністэрства культуры 9 студзеня гэтага года арганізавала абследаванне аб'ектаў, якія ўваходзяць у склад былой сядзібы «Кухцічы». Нарада паміж прадстаўнікамі ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры, Мінскага аблвыканкама, мясцовых органаў кіравання і ўласніка даручыла Уздзенскаму ліцэю да 1 верасня 2015 года правесці пэўны шэраг работ: зрабіць з мяккіх матэрыялаў часовы дах, усталяваць па перыметры будынка сістэму водаадвода, закрыць аконныя праёмы, напрыклад, драўлянымі шчытамі, выканаць дакладку разбураных верхніх участкаў сцен цэглай або закрыць утвораныя адтуліны драўлянымі шчытамі, выканаць адмостку па перыметры будынка з мэтай адвядзення вільгаці ад сцен збору, забяспечыць высечку парасткавых, сухіх і хворых дрэў, прадугледзеўшы кампенсацыйную пасадку, і ўвогуле — падтрымліваць у належным санітарным стане прылеглую тэрыторыю.

Усе рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы, у тым ліку кансервацыя, праводзяцца адпаведна з навуковымі даследаваннямі, таму што нам трэба захаваць (ці аднавіць) тыя адметныя вартасці, якія характарызуюць стылістычныя, мастацка-архітэктурныя і іншыя асаблівасці.

22-17

Бібліятэкі і новая форма

Адразу некалькі пытанняў ад бібліятэкараў (Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, бібліятэкі Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа і іншых крыніц) прыйшло на тэму заробку. «Чаму бібліятэкары атрымліваюць зарплату на ўзроўні прыбіральшчыцы?», «Ці плануецца ў бліжэйшы час перагледзець зарплату бібліятэчным работнікам?», «30 гадоў стажу — 2,6 мільёна рублёў. Мы, атрымліваецца, лайдакі?».

Па словах Барыса Уладзіміравіча, Міністэрства культуры прапрацоўвае магчымасць павышэння заработнай платы работнікам культурна-асветных арганізацый, акрамя павышэння тарыфнай стаўкі першага разраду.

—У адпаведнасці з пастановай Мінпрацы «Аб мерах па ўдасканаленні ўмоў аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый», павышэнне заработнай платы ажыццяўляецца адначасова з павелічэннем памеру тарыфнай стаўкі першага разраду. А памер тарыфнай стаўкі першага разраду вызначаецца пастановай Савета Міністраў.

Пры ўмове заключэння кантракта ў кіраўніка арганізацыі ёсць права павышаць узровень заробку работнікаў на падставе Дэкрэта Прэзідэнта «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны» за кошт тарыфнай стаўкі, але не больш чым на 50%.

З Гомельскай абласной бібліятэкі запыталіся наконт неабходнасці аднаўлення кніжных фондаў публічных бібліятэк на 5% штогадова.

-Выканаць гэты паказчык абласной бібліятэцы не падаецца магчымым. Фонд нашай бібліятэкі налічвае больш за мільён экзэмпляраў. Сёлета запланавана набыць 16 тысяч экзэмпляраў на суму 1,6 мільярда рублёў, што ў канцы года складзе прыкладна 1,5% аднаўлення фонду, а для дасягнення 5% аднаўляльнасці нам неабходна набыць больш за 51 тысячу экзэмпляраў на 14 мільярдаў рублёў ці спісаць амаль 2/3 фонду. Ці магчыма ўстанавіць паказчык па аднаўленні фондаў для абласных бібліятэк не вышэй за паўтара працэнта за год?

—Гэтае пытанне ўзнікае ўжо не першы раз. Давайце для пачатку выканаем праграму, да яе заканчэння засталося не так шмат часу, а потым будзем пераглядаць гэтыя лічбы. Бібліятэчная справа, безумоўна, вельмі змяняецца, сёння ўжо 444 бібліятэкі працуюць як новыя аб'яднаныя структуры — таму лічбы, закладзеныя ў праграму культуры на 2011–2015 гады, неабходна пераглядаць. Гэтаму пытанню мы прысвяцім асобнае пасяджэнне калегіі, дзе будзе ўвогуле разглядацца бібліятэчная справа.

—Канцэпцыя культуры на наступныя пяць гадоў прадугледжвае алічбоўку бібліятэчных фондаў — 10% да 2020 года. Мы разумеем, што гэта будзе спрыяць папаўненню бібліятэчных фондаў і іх захаванню. Але гэта патрабуе затрат, таму задача не зусім выканальная на ўзроўні вобласці. Фонды публічных бібліятэк рэспублікі ў большасці аднатыпныя, таму мы лічым мэтазгодным зрабіць адзін рэспубліканскі цэнтр па алічбоўцы дакументаў, які зможа забяспечыць бібліятэкі копіямі. Якой вы бачыце стратэгію па вырашэнні гэтай праблемы? (пытанне ад Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі).

—Вы сфармулявалі праблему і нават выйсце з яе. Рэспубліканскі цэнтр, які будзе займацца алічбоўкай традыцыйных формаў існавання кніг — гэта, на мой погляд, найбліжэйшая перспектыва. Нацыянальная бібліятэка займаецца гэтым пытаннем, і ў хуткім часе мы гэта вырашым.

—Я ўжо даўно на гэтую тэму думаю… Мой бацька прывёз з фронту раны і кнігу вершаў «Братам-франтавікам» 1942 года выдання. А мы сёння закрываем бібліятэкі, трэба ж працівіцца гэтаму, знайсці выйсце. У горадзе шмат сродкаў камунікацыі, а што застанецца ў вёсках, калі яшчэ і бібліятэкі закрыць? Гэтая тэндэнцыя не прывядзе да павышэння ўзроўню культуры. (Пытанне ад чытача з Дзяржынска.)

— Гэтае пытанне хвалюе не толькі вас, а і Міністэрства культуры ў першую чаргу. Але вы ведаеце, якія ў нас адбываюцца працэсы: вясковае насельніцтва штогадова змяншаецца на 4%, культуролагі адзначаюць прыход веку візуальнай культуры, а кніжная культура адыходзіць на другі план.

Мы не проста так закрываем бібліятэкі — у лепшым выпадку аб'ядноўваем. Ужо існуе амаль 450 бібліятэк у новай форме. Ёсць аб'ектыўныя падставы для скарачэння і гэтыя працэсы ісці будуць. Галоўнае, для нас не падыходзіць адназначна «скарачаць — значыць скарачаць». І памятайце аб магчымасцях нашых структур сувязі, інтэрнэт даводзяць да самага аддаленага кутка краіны. А калі не хапае інтэрнэту, радыё, ёсць перасоўныя бібліятэкі.

Родная мова — клопат для ўсіх

— У нас на Магілёўшчыне шыльды на прыпынках, назвы новых вуліц напісаны пераважна на рускай мове, нават назвы станцый у цягніках гучаць па-руску. Чаму ўстановы культуры не спрыяюць беларусізацыі? Прапаную, каб у цягніках 50% музыкі гучала на беларускай мове, а ўжо ўсё астатняе — на рускай ці англійскай. (Чытач з Магілёва.)

— Ніхто пэўных падлікаў не праводзіў — які працэнт шыльдаў на беларускай мове. Я даволі часта наведваю Магілёў і ўсходнюю частку нашай краіны — шчыра кажучы, не заўважыў, каб там адбывалася русіфікацыя. На мой погляд, такія суадносіны беларускай і рускай мовы гістарычна склаліся на ўсходзе краіны. Вы прапаноўваеце зрабіць пэўны працэнт беларускіх песень у цягніках — калі ласка, можна зрабіць, гэта не так і цяжка. Галоўнае, каб была ў гэтым патрэба. Але я заўважыў, што ў нашых фірмовых цягніках да Масквы беларуская мова ўжываецца не на 50%, а на ўсе 100.

Закранаючы пытанне пра шыльды на рускай мове, міністр нагадаў, што каардынацыю дзейнасці па прысваенні найменняў геаграфічным аб'ектам і іх перайменаванні ажыццяўляе тапанімічная камісія пры Савеце Міністраў.

— Культура — усеабдымнае паняцце. У першую чаргу яно азначае любоў да сваёй Радзімы, гісторыі, нацыянальных традыцый. Дапамагаць у выхаванні могуць веданне сімвалаў дзяржаўнасці — герба, сцяга і гімна, а таксама павага і гонар за родную мову...

Але перыёдыку на роднай мове не выпісваюць многія бібліятэкі, тым больш дзяржаўныя ўстановы, вайсковыя падраздзяленні. Наш сцяг рэдка дзе ўбачыш каля ўваходу ў будынак дзяржустаноў, нават органаў сілавых структур. Чаму так адбываецца? (Пытанне з Віцебска.)

— Падпіска для бібліятэк абавязкова ўключае акрамя абласных і раённых газет, вядучыя беларускія выданні. І ўстановы культуры выпісваюць галіновыя выданні — газету «Культура» і часопіс «Мастацтва». Стэнды з выявай дзяржаўных герба, сцяга і тэкстам гімна таксама сустракаюцца паўсюдна.

Пераважная колькасць мерапрыемстваў у нашых клубных установах, бібліятэках і музеях праводзіцца на беларускай мове. Фестывалі і выстаўкі народнай творчасці і фальклору — выключна беларускамоўныя. У нас створана больш за сотню дамоў і цэнтраў рамёстваў, працуе Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. Рэпертуар Купалаўскага тэатра беларускамоўны, у праграме астатніх — да 80% твораў беларускіх аўтараў.

Таму можна сказаць, што мы падтрымліваем і папулярызуем беларускую мову, прычым па шматлікіх кірунках.

— Куды ў абласных драматычных тэатрах падзеліся спектаклі на беларускай мове? Наколькі вядома, раней міністр культуры зацвярджаў план пяці новых пастановак, і без такога спектакля вяртаў план на дапрацоўку. Чаму сёння няма такога? Што вы думаеце рабіць, каб захаваць беларускамоўныя спектаклі? (З Мінска.)

— Беларускія тэатры ўвогуле актыўна прапагандуюць беларускую мову, і Міністэрства культуры падтрымлівае беларускіх драматургаў, кампазітараў, паэтаў-песеннікаў. Тэатры, цыркі, канцэртныя ўстановы ў першую чаргу выкарыстоўваюць творы беларускіх аўтараў, у тым ліку на беларускай мове. Цалкам беларускамоўныя Купалаўскі тэатр, тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску, віцебскі тэатр «Лялька», Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача і іншыя.

Да 70% бягучых рэпертуараў складаюць творы беларускіх аўтараў на беларускай мове. Напрыклад, у Слонімскім драматычным тэатры такіх 18 спектакляў, у Мінскім абласным тэатры лялек «Батлейка» — 20. І штогод з'яўляюцца новыя пастаноўкі на беларускай мове.

22-22

Будучыня нацыянальнага кіно

— Выйшаў зборнік анімацыйных фільмаў кінастудыі «Беларусьфільм». Прапаную выпусціць дыск с серыяй фільмаў пра беларускую геральдзіку «Аповесць мінулых гадоў» і дыск экранізацый Уладзіміра Караткевіча. Сюды можа ўвайсці, напрыклад, мультфільм «Каму чорт дзетак калыша». (Прапанова ад чытача з Магілёва.)

— Добрая прапанова, слушная. Я агучу яе кіраўніцтву кінастудыі «Беларусьфільм», і паглядзім, якія можна знайсці грошы для гэтага праекта. Дзякуй за падказку.

— У нас кожны год выпускаюцца маладыя спецыялісты з Акадэміі мастацтваў і Універсітэта культуры. Куды яны трапляюць? Дзе новыя фільмы, чаму на «Беларусьфільме» іх выходзіць так мала? Не чуваць новых імёнаў, назваў карцін. Хочацца, каб іх выходзіла больш, каб было чым ганарыцца.

— Можна паспрачацца, шмат ці не выходзіць фільмаў. Калі вас цікавяць лічбы, то за мінулы, 2014-ы, год у нас было створана 7 ігравых, 7 анімацыйных фільмаў, 14 неігравых і 40 летапісных матэрыялаў — гэта паказчыкі кінастудыі. Некаторае змяншэнне вытворчасці звязана з актыўнай рэканструкцыяй «Беларусьфільма». Сёння ў нас ёсць новы вытворчы будынак — два павільёны, у якіх ужо рыхтуецца шэраг фільмаў.

Кінематограф атрымлівае дзяржаўную падтрымку, як і раней, але ўжо на ўмовах конкурснага адбору, куды трапляе не толькі «Беларусьфільм».

Большасць маладых спецыялістаў ідзе працаваць на тэлебачанне, але некаторыя з іх асвойваюць і наш кінематограф, у тым ліку на нацыянальнай кінастудыі. Летась быў прэзентаваны фільм «Белыя росы. Вяртанне», ён якраз стаў дэбютам маладой выпускніцы Акадэміі мастацтваў.

— Мне вядома, што, згодна з даручэннем Адміністрацыі Прэзідэнта, Міністэрства культуры разгледзела мой зварот па аказанні дзяржаўнай падтрымкі стварэнню поўнаметражнага дакументальнага фільма «Беларус. Невядомы Жукаў». Адміністрацыя Прэзідэнта падтрымлівае мой праект. А вы асабіста падтрымліваеце гэты фільм? (Рэжысёр Анатоль Іванавіч Алай.)

— Безумоўна. Таму што, чым далей адыходзяць тыя гістарычныя падзеі, тым больш адкрываецца новых фактаў. Нягледзячы на тое, што існуе вялікі кінематаграфічны матэрыял, асоба Жукава даволі неадназначная, і лёс яе звязаны з Беларуссю. Таму я гэты праект падтрымліваю.

Мы абвясцілі конкурс кінапраектаў, калі ласка, няхай кінастудыя ўносіць свае прапановы. Мы не распісвалі дакладную тэматыку для дакументальных фільмаў. Можна лічыць, што тыя тэмы, якія мы прапісалі для ігравога кіно, таксама важныя для дакументальнага. Галоўнае, каб сюжэты не перасякаліся.

— Ці правільна я разумею, што фінансавацца дзяржавай сёлета будуць толькі чатыры ігравыя і тры дакументальныя карціны? (Ад рэдакцыі.)

— Гэта так, але агульная лічба фінансавай падтрымкі кінематографа — каля 60 мільярдаў рублёў. Узнікала пытанне, чаму такі вялікі часавы разрыў паміж конкурсамі (апошні конкурс кінапраектаў праводзіўся ў 2012 годзе. — Рэд.). У 2013 годзе быў працяг конкурсу 2012-га. Пазіцыя «нацыянальны фільм» не была закрыта, таму быў запушчаны праект «Мы, браты». У гэтым годзе мы абвясцілі конкурс адразу ж, як убачылі рэальныя грошы, якія можам выдаткаваць на кіно. З тых сродкаў, якія былі нам дадзены, мы выкарысталі тыя 60 мільярдаў і абвясцілі першую палову конкурсу. Сюды не ўвайшло анімацыйнае кіно — для яго конкурс будзе праводзіцца пазней.

— Ці могуць быць рэалізаваныя кінапраекты за бюджэтныя сродкі па-за межамі конкурсу?

— У мінулыя гады кінастудыя мела свае грошы, на якія запускала праекты, ці ўваходзіла ў капрадукцыю сумесна з расійскімі кінематаграфістамі. Сёння, наколькі я ведаю, разглядаецца праект Эміра Кустурыцы, у які «Беларусьфільм» увойдзе прыватнымі грашыма.

Калі ў нас будзе магчымасць атрымаць дадатковыя грошы на кінематограф, мы абвясцім яшчэ адзін конкурс або працяг гэтага.

— Ці ідзе гаворка пра дэбютны фільм?

— Пакуль што не, але ў будучыні трэба звярнуць на яго ўвагу. Дадатковыя сродкі я ў першую чаргу аддаў бы на дэбют. Няхай, можа, гэта будзе некалькі навел у адным фільме.

— Што прадугледжана на той выпадак, калі на нейкую намінацыю ўвогуле не будзе пададзена заявак?

— Мы пераразмяркуем грошы, магчыма, увядзём новую намінацыю. Але калі мы прапісалі гэтыя тэмы — ведаем, што атрымаем нешта па кожнай з іх. Безумоўна, гэтыя тэмы дыктуе час, вы бачыце, што яны прывязаны да падзей года. Гэта добра разумеюць і нашы кінематаграфісты.

22-25

Грамадскае і асабістае

— Якія мерапрыемствы плануе Міністэрства культуры ў сувязі з 200-гадовым юбілеем выдатнага кампазітара Станіслава Манюшкі, што чакае нас у 2019 годзе? Ці плануецца стварэнне юбілейнага камітэта, распрацоўка дзяржаўнай праграмы мерапрыемстваў — якіх менавіта? Часу засталося не так шмат. Спробы запусціць падрыхтоўку да годнай сустрэчы юбілею пачаліся год таму, але пакуль што нічога рэальнага нават не запланавана. Ці будзе адноўлена сядзіба ва Убелі, на якую нават знайшліся фундатарскія сродкі? Ці ўстановяць помнік у Верхнім горадзе, за які летась было сабрана больш за 4000 подпісаў? (Алесь Белы, ініцыятар збору подпісаў за ўсталяванне помніка.)

— Праграма, вядома ж, плануецца. Цяпер удакладняецца план урачыстых і памятных мерапрыемстваў, добраўпарадкавання аб'ектаў, звязаных з дзейнасцю кампазітара.

Будзе створана манументальная скульптура «Жыхары Мінска ХІХ стагоддзя: кампазітар Станіслаў Манюшка і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — стваральнікі беларускай нацыянальнай класічнай оперы», якая будзе ўсталявана ў скверы на плошчы Свабоды ў Мінску. Але рэалізацыя праекта пачнецца толькі пасля ўзгаднення з кіраўніком дзяржавы.

Акрамя таго, бюст Станіслава Манюшкі ўжо быў усталяваны ў 2013 годзе на радзіме кампазітара ў вёсцы Убель Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці.

Мы плануем правесці цэлы шэраг тэматычных літаратурна-мастацкіх, дакументальна-публіцыстычных і іншых праграм, правесці міжнародную канферэнцыю, мастацкія выставы сучасных твораў, выдаць паштовую марку, выпусціць юбілейную манету з выявай Манюшкі, выдаць музычную спадчыну кампазітара і іншае. Урачыстыя мерапрыемствы пройдуць на Ратушнай плошчы ў Мінску, ва ўстановах культуры і адукацыі рэспублікі.

Ужо сёлета мы завяршым фарміраванне складу арганізацыйнага камітэта і план асноўных мерапрыемстваў.

— Ці будуць адноўленыя рэспубліканскія фестывалі кшталту «Сузор'е дзяцінства», ці іншыя, дзе мы маглі б атрымаць уяўленне пра тое, што адбываецца ў развіцці дзіцячай творчасці ў розных абласцях нашай краіны? Бо існуючы конкурс «Я спяваю» такога ўяўлення не дае. (Пытанне з Віцебска.)

— Напэўна, маецца на ўвазе тэлевізійны конкурс «Сузор'е надзей».

Гэта быў аўтарскі праект Ніны Шобы на Першым нацыянальным тэлеканале. Яго поспех забяспечваўся ўдзелам Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі і Белтэлерадыёкампаніі. Апошні раз праект быў рэалізаваны ў 2006 годзе, але на тэлебачанні яшчэ амаль два гады ішла трансляцыя яго частак. Ён спыніў сваю дзейнасць, таму што з тэлебачання пайшла яго кіраўніца і аўтарка.

Мэтай «Сузор'я надзей» была дэманстрацыя талентаў і дасягненняў дзіцячых калектываў і выканаўцаў з усіх рэгіёнаў краіны. А «Я спяваю» — гэта яскравае захапляльнае тэлевізійнае шоу. Таму і не дае ўяўлення аб развіцці дзіцячай творчасці. Але гэта прадугледжана канцэпцыяй самога праекта, якая належыць Белтэлерадыёкампаніі.

22-28

Сярод мерапрыемстваў Міністэрства культуры, якія дэманструюць дасягненні дзіцячай мастацкай творчасці ў Беларусі, можна назваць міжнародны фестываль «Залатая пчолка» (праводзіцца штогод у Клімавічах), міжнародны фестываль «Зямля пад белымі крыламі» (праходзіць раз на 2 гады ў Мазыры), конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні «Халі-Хало» (штогод праходзіць у Наваполацку), фестываль дзіцячага і юнацкага фальклорнага мастацтва «Берагіня» (раз на 2 гады ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці), калядны фестываль дзіцяча-юнацкай творчасці «Мы — разам» (штогод у Брэсце), фестываль дзіцячых міжнародных аб'яднанняў Беларусі, Расіі і Украіны «Жывая вада дружбы», які праходзіць раз на 2 гады ў Гомелі.

— Сёння на пасады галоўных рэжысёраў тэатраў (оперы і балета, музычны) запрашаюцца рэжысёры з-за межаў краіны. Чаму мы так збяднелі? У нас што, прапалі свае майстры сцэны? Тады дазвольце запытаць, чым займаецца Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, якая не ў сілах падрыхтаваць высокапрафесійнага тэатральнага рэжысёра? Можа, на факультэце тэатральнай рэжысуры неабходна правесці люстрацыю (не пабаюся гэтага слова!) кадраў і папоўніць яе нармальнымі і талковымі выкладчыкамі? (З Мінска.)

— Запрашэнне рэжысёраў з замежжа — традыцыйная сусветная практыка тэатральнага мастацтва. Кожны рэжысёр мае ўласныя мастацкія асаблівасці, а калі рэпертуар тэатра складаецца са спектакляў аднаго рэжысёра — гэта яго збядняе і спараджае выкарыстанне штампаў. Спектаклі ж запрошаных рэжысёраў могуць узбагаціць рэпертуар новай мастацкай стылістыкай, дазваляюць тэатральным трупам выкарыстоўваць свой патэнцыял у поўнай ступені, садзейнічаюць развіццю айчыннага тэатральнага мастацтва.

Што тычыцца двух названых тэатраў, тут склаліся творчыя тандэмы дзеячаў з Беларусі і Расіі. Галоўным рэжысёрам Вялікага тэатра оперы і балета з'яўляецца Міхаіл Панджавідзэ (грамадзянін Расійскай Федэрацыі), мастацкае кіраўніцтва балета тэатра ўзначальвае Юрый Траян (грамадзянін Рэспублікі Беларусь).

У акадэмічным музычным тэатры мастацкім кіраўніком працуе заслужаны работнік культуры Беларусі Адам Мурзіч (грамадзянін Рэспублікі Беларусь), галоўным рэжысёрам — ураджэнец Беларусі Міхаіл Кавальчык, які ў 1971 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут і ў розныя гады працаваў у тэатрах Беларусі.

Мастацкае кіраўніцтва драматычных тэатраў Беларусі таксама ўзначальваюць беларускія рэжысёры.

— Я хачу задаць пытанне наконт Закона аб пахаваннях і пахавальнай справе. Я лічу, што гэта ў кампетэнцыі Міністэрства культуры. Трэба стварыць на могілках мемарыяльныя зоны, выдзеліць месца старадаўніх пахаванняў. (Чытач з Магілёва.)

— Міністэрства культуры вырашае пытанні захавання мясцін гістарычных пахаванняў і стварэння мемарыяльных зон. Вядома, што да іх адносяцца як старажытныя могілкі, так і пахаванні ахвяр войнаў. Такім аб'ектам надаецца асаблівы статус, і яны ўключаюцца ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Сёння ў Дзяржспіс унесены 783 воінскія пахаванні, 80 могілак, з якіх 73 — вайсковыя, 7 старадаўніх цывільных могілак. Гэта складае 66% ад агульнай колькасці помнікаў гісторыі, адзначаных у названым спісе.

Акрамя таго, ГА «Беларускі камітэт ІКАМОС» стварыў сайт www.nіеkrораlі.bу, прысвечаны старадаўнім некропалям Беларусі. Тут збіраецца інфармацыя пра гістарычныя могілкі і складаецца база звестак гістарычных пахаванняў. З такіх аб'ектаў фарміруюцца прапановы аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці месцам пахаванняў, якія маюць выдатныя гістарычныя і мастацкія асаблівасці.

У 2012—2014 гадах Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры надала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці яшчэ чатыром старажытным могілкам. Гэта Трышынскія могілкі (ХІХ стагоддзе) у Брэсце, могілкі нямецка-аўстрыйскіх салдат Першай сусветнай вайны ў вёсцы Няхачава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці, магілы паўстанцаў (1863 года) у вёсцы Плябань Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці і ў Косаве Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Умяшанне ў такія аб'екты павінна быць вельмі карэктным, каб не страціць іх гістарычную самабытнасць, не нанесці шкоду новаўвядзеннямі. Таму стварэнне мемарыяльных зон ажыццяўляецца сумесна з Акадэміяй навук, мясцовымі ўладамі, мастакамі і грамадскасцю.

— Мяне хвалюе, як будзе ўшанавана памяць Максіма Гарэцкага на яго радзіме? Быў знесены дом, дзе ён жыў. Абяцалі, што паставяць помнік пісьменніку, але дагэтуль нічога няма.

— У вёсцы Багацькаўка (на радзіме пісьменніка) створаны музей імя Гарэцкага. У яго гонар названая бібліятэка ў Горках, вуліцы ў Мінску, Мсціславе і тых жа Горках. Устаноўлены помнікі ў Мінску і Вязьме, мемарыяльныя дошкі ў Горках і Мінску. У Вязьме ўстаноўлены памятны знак на меркаваным месцы пахавання пісьменніка.

Акрамя таго, мемарыяльная дошка Гарэцкаму ўстаноўлена ў Вільнюсе на будынку былой Віленскай беларускай гімназіі.

22-24

У 2012 годзе ад Горацкага райвыканкама мы атрымалі інфармацыю аб тым, што да 120-годдзя Максіма Гарэцкага плануецца ўстаноўка на месцы знесенага дома памятнага знака або помніка.

Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры падтрымала гэтую прапанову.

— У Беларусі, можна сказаць, няма сваёй школы кінакрытыкі, літаратурнай крытыкі. Як вы думаеце, гэта добра ці дрэнна, калі крытыка ў краіне не адыгрывае значнай ролі ў творчым працэсе?

— У нас ёсць саюз крытыкаў. Сёння той жа інстытут журналістыкі рыхтуе спецыялістаў. Крытыкам нельга нарадзіцца, гэта павінна быць сацыяльная інстытуцыя, у якой працуюць самыя розныя людзі — і журналісты, і нежурналісты. Неабавязкова мець адукацыю ВГІКа — я яе не маю, але заўсёды цікавіўся кінематографам на крыху філасофскім узроўні, быў у ліку беларускіх крытыкаў.

Але сапраўды нам проста не хапае мастацкай «цэнзуры» як ацэнкі якасці. Крытыка павінна быць актыўнай. Яе нам нестае і ў кінематографе, і ў тэатры, і ў літаратуры.

— Станькава, вы ведаеце, — гістарычнае месца, шмат захавалася ад роду Чапскіх. Адразу скажу, тут шмат зроблена, дзяржава дапамагла адрэстаўраваць царкву і астатняе, але я хацела запытацца, што ў Станькаве плануецца зрабіць яшчэ? (Пытанне ад чытача са Станькава.)

— Па праграме «Культура Беларусі» за кошт абласнога бюджэту па будынку скарбніцы, які ўваходзіць у склад ансамбля былой сядзібы ў Станькаве, выканана адстройванне цаглянага скляпення ў падвальным памяшканні, пакладзена тратуарная плітка на прылеглай тэрыторыі.

У мінулым годзе міністэрства ўзгадніла праект па рэстаўрацыі альтанкі на востраве Радасці. Заказчыкам стаў «Піўзавод Аліварыя», а выканаўцам — індывідуальны прадпрымальнік. Ужо праведзены падрыхтоўчыя работы, рэстаўрацыя муроўкі калон, выраблены новы купал. Сёлета за кошт сродкаў заказчыка рэстаўрацыйныя работы на будынку альтанкі будуць прадоўжаны; акрамя гэтага, запланавана правесці рамонт мастка на востраў і расчыстку рэчышча.

— Я хацела б задаць пытанне, можа быць, неардынарнае, а можа быць, вы ўжо на яго адказвалі. Мы ведаем Барыса Святлова як міністра культуры, а які Барыс Уладзіміравіч у жыцці, побыце? Ці любіце вы, напрыклад, выязджаць на прыроду, збіраць грыбы... (Званок з Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў.)

— Вы ведаеце, міністэрская работа займае большую частку часу. Вас, мабыць, цікавіць у першую чаргу, што я чытаю: скажу адразу, адну кнігу чытаць не атрымліваецца, таму зараз я чытаю зборнік беларускіх маладых аўтараў, кнігу па гісторыі Беларусі і яшчэ адну, якую мне падарыў расійскі мастацтвазнавец і крытык. Не буду ўжо казаць пра тую літаратуру, якую праглядаю кожны дзень у сувязі з працай. Кіно гляджу ў першую чаргу па неабходнасці: фільмы нашай кінастудыі ў якасці не проста гледача, але і чалавека, які іх ацэньвае. Што тычыцца музычнага і тэатральнага мастацтва — у мяне ёсць і неабходнасць, і магчымасць амаль кожны вечар быць на тым ці іншым мерапрыемстве. 99% часу — гэта мая праца, таму што так супадае.

Грыбы вельмі люблю збіраць, так. Я цяпер жыву за горадам, таму маю магчымасць некалькі гадзін знаходзіцца на прыродзе, хаця б у начны час. Таму грыбы — самі разумееце — збіраць не атрымліваецца, нягледзячы на тое, што ў тых мясцінах, дзе я жыву, летась быў сапраўдны грыбны бум.

«Прамую лінію» правяла Ірэна КАЦЯЛОВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».