Вы тут

Прызы — па выніках


У Мінску прэзентавалі спецыяльную ўзнагароду для лёгкаатлетаў — бронзавую «Атлетыку» — і абвясцілі планы на будучыя турніры

Першымі ўладальнікамі статуэткі стануць найлепшыя лёгкаатлеты краіны і іх трэнеры, якія дамагліся поспеху ў 2014 годзе. «Атлетыка» будзе ўручацца найлепшым спартсменам у 4 узроставых катэгорыях (абсалютнай, да 21, да 19 і да 17 гадоў), а таксама трэнерам, пад чыім кіраўніцтвам рыхтаваліся лаўрэаты. Свае прызы спартсмены і трэнеры атрымаюць пасля заканчэння зімовага чэмпіянату Еўропы—2015, які пройдзе
ў пачатку сакавіка ў Празе.

23-9

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі адзначыў, што гэтая акцыя стане адным з першых крокаў новага кіраўніцтва БФЛА ў справе папулярызацыі лёгкай атлетыкі ў Беларусі і паслужыць магутным стымулам для далейшых перамог.

Таксама старшыня нагадаў, што Беларусь мае намер прэтэндаваць на правядзенне зімовага чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы ў 2019 годзе.

— Мы ведаем, што канкурэнцыя ў гэтым тэндары будзе вялікая. Але я лічу, што Мінск мае неблагія шанцы на перамогу. У нас ёсць дастаткова добры лёгкаатлетычны манеж на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Таксама выдатная «Мінск-Арэна», якая можа быць пераабсталяваная пад лёгкаатлетычны стадыён. Спартыўныя чыноўнікі ўжо прыязджалі ў Мінск і высока ацанілі нашы магчымасці. Да таго ж, чэмпіянат свету па хакеі паказаў, што праблем з наведвальнасцю ў нас не будзе: я ўпэўнены, што людзі прыйдуць паглядзець на нашых «зорак».

У ліку прыярытэтных напрамкаў работы федэрацыі Вадзім Дзевятоўскі назваў працу з рэзервам у рэгіёнах Беларусі, дзе ёсць нямала таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, але пакуль няма ўмоў для таго, каб раскрыць іх патэнцыял. У сувязі з гэтым ён паведаміў, што ўжо дасягнута дамоўленасць з кампаніяй «Белдзяржстрах» аб рэалізацыі сумеснага праекта па падтрымцы дзяцей з глыбінкі. У прыватнасці плануецца сабраць 300 маленькіх спартсменаў і правесці з імі вучэбна-трэніровачныя зборы, каб выявіць патэнцыйных «зорак» лёгкай атлетыкі.

На прэзентацыі «Атлетыкі» гаворка зайшла і пра будучыя турніры. Нагадаем, што зараз праходзіць адкрыты чэмпіянат краіны па лёгкай атлетыцы. Гэты турнір з'яўляецца асноўным і заключным этапам адбору на чэмпіянат Еўропы, які пройдзе з 5 па 8 сакавіка ў Празе.

— Нацыянальны чэмпіянат з'яўляецца абавязковым для адбору ў Прагу. Калі казаць пра стан кандыдатаў на ўдзел у еўрапейскім першынстве, то адзначу, што сёння тры нашыя спартсмены з'яўляюцца лідарамі еўрапейскага рэйтынгу і два — сусветнага, таму мы маем усе шанцы на ўзнагароды, — адзначыў галоўны трэнер нацыянальнай каманды Ігар Сівадзедаў.

Што датычыцца нашых лідараў, то не ўсе прымаюць удзел у цяперашняй падрыхтоўцы. Марына Арзамасава прапускае зімовы сезон і не будзе выступаць на чэмпіянаце Еўропы ў Празе з прычыны базавай падрыхтоўкі да летняга чэмпіянату свету ў Пекіне.

Найлепшы беларускі дзесяціборац Андрэй Краўчанка пачаў падрыхтоўку да зімовага сезона, але ў хуткім часе было прынята рашэнне пра неабходнасць аперацыі на назе, якая была паспяхова праведзена ў Хельсінкі ў канцы студзеня. Зараз Андрэй праходзіць рэабілітацыю, плануецца, што спартсмен выступіць у Пекіне.

Лідар цяперашняга сусветнага сезона ў бегу на 60 м з бар'ерамі Аліна Талай адзначыла, што набрала нядрэнную форму і мае намер паспяхова прабегчы не толькі ў Магілёве, але затым і ў Празе пазмагацца за месца на п'едэстале. У апошнія месяцы Аліна трэніравалася ў Аўстрыі пад кіраўніцтвам вядомага спецыяліста Піліпа Унфрыда.

Дар'я Лабажэвіч.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».