Вы тут

Тры сцэнарыі


Дэпутаты абмеркавалі праграму дзейнасці ўрада на гэты год

Урад распрацаваў цэлых тры сцэнарыі развіцця эканомікі на гэты год. На такі крок пайшлі з‑за непрадказальнасці цяперашніх знешніх фактараў. Папярэдні разгляд праграмы дзейнасці ўрада на 2015‑ы адбыўся ўчора на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце. Кіраўнікі розных дзяржаўных міністэрстваў, ведамстваў і структур адказалі на пытанні парламентарыяў і патлумачылі, якімі прынцыпамі карысталіся падчас распрацоўкі гэтага дакумента.

—Гэтая праграма адрозніваецца ад такога кшталту дакументаў шэрагам важных асаблівасцяў, — адзначыў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі падчас выступлення перад дэпутатамі. — Праект праграмы фарміраваўся з улікам высокага ўзроўню няпэўнасці знешнеэканамічнай сітуацыі.

Па словах міністра, гэта паўплывала на неабходнасць выкарыстання сцэнарных падыходаў у праграме, а таксама на захаванне гнуткай бюджэтнай, грашова-крэдытнай і знешнеэканамічнай палітыкі. Урадам і Нацыянальным банкам распрацаваны тры сцэнарыі праграмы, і ўсе яны ўлічваюць такія фактары, як цана на нафту і дынаміка курсу расійскага рубля.

Першы сцэнарый распрацаваны, зыходзячы з сярэднегадавога кошту на нафту ў 2015 годзе $60 за барэль і курсу расійскага рубля 60 рублёў за $1. Другі сцэнарый заснаваны на разліках базавага сцэнарыя Расіі і вызначае сярэднегадавую цану на нафту на сусветных фінансавых рынках $50 за барэль і сярэднегадавы курс рубля — 61,5 рубля за $1. Трэці сцэнарый з'яўляецца, па словах міністра, стрэсавым. Ён разлічаны на сярэднегадавую цану на нафту на сусветных фінансавых рынках $40 за барэль і сярэднегадавы курс рубля — 80 расійскіх рублёў за $1. Для кожнага са сцэнарыяў распрацаваныя меры рэагавання і эканамічнай балансіроўкі, аднак, як адзначыў Уладзімір Зіноўскі, у якасці базавага сцэнарыя Прэзідыум Савета Міністраў прыняў другі.

—Ён з'яўляецца кансерватыўным — гэта значыць, горшым за цяперашнія чаканні адносна знешніх умоў развіцця эканомікі. Гэта дазваляе стварыць нейкі запас трываласці бюджэту і эканомікі ў выпадку пагаршэння знешнеэканамічнай сітуацыі. Менавіта зыходзячы з гэтага сцэнарыя праводзіцца эканамічная палітыка сёння. Пры больш спрыяльным развіцці сітуацыі, што па нашых ацэнках з'яўляецца дастаткова верагодным, урад і Нацыянальны банк будуць мець магчымасць скарэктаваць у другім паўгоддзі 2015 года эканамічную палітыку ў бок змякчэння, аднавіць некаторыя бюджэтныя прызначэнні.

Асноўнымі аспектамі праграмы дзейнасці ўрада на гэты год Уладзімір Зіноўскі лічыць зніжэнне працэнтных ставак і інфляцыі. Па яго словах, балансіроўка валютнага рынку будзе ажыццяўляцца выключна на рыначных прынцыпах пры актыўным укараненні кампенсацыйных захадаў для рэальнага сектара.

—Урад ужо рэалізаваў досыць вялікі пакет мер. Забяспечана гнуткасць абменнага курсу беларускага рубля да кошыка валют. Мы пачулі экспарцёраў і адкарэктавалі курсавую палітыку. Ліквідаваны валютны збор, адноўлена нармальная праца біржы. Зняты ўсе абмежаванні на прырост рыначнага крэдытавання пад акупныя камерцыйныя праекты. Крэдытна-дэпазітны і валютны рынак вярнуўся да звыклых прынцыпам функцыянавання.

Галіна Філіповіч, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, заканадаўстве і рэгламенце, выступіла ў падтрымку праграмы.

—Па-першае, у праграме прадстаўлены тры сцэнарыі развіцця эканомікі, што сведчыць пра ўдумлівую распрацоўку дакумента, — адзначыла дэпутат. — Я думаю, што гэтыя сцэнарыі ўзброяць нас на любую сітуацыю, якая будзе знешне складвацца ў дачыненні да Беларусі. Другі момант, які найбольш мне прыемны, гэта тое, што ў развіцці галін эканомікі захавана пераемнасць. Напрыклад, у маёй выбарчай акрузе на 2015 год запланаваны ўвод новай вытворчасці на базе адкрытага акцыянернага таварыства «Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат». Акрамя гэтага, урад запланаваў адкрыць у нас прадпрыемства па вытворчасці дубляванай нятканай тканіны на базе «Светлагорскхімвалакна». Для нас гэта два горадаўтваральныя прадпрыемствы, сэрца цэлага рэгіёна: новыя працоўныя месцы, развіццё сацыяльнай сферы.

Аляксей Кузьміч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве, пацікавіўся ў прадстаўнікоў урада, як будзе развівацца жыллёва-будаўнічы комплекс сёлета.

—Што да будаўніцтва жылля і дзяржаўнай падтрымкі, то запланавана пабудаваць 1,6 мільёна квадратных метраў жылля, — паведаміў міністр эканомікі.

Анатоль Чорны, міністр архітэктуры і будаўніцтва, у сваю чаргу дадаў, што сёння прадугледжана будаўніцтва арэнднага жылля за кошт крыніц бюджэту.

—У асноўным гэта абласныя бюджэты. Прапанова, каб прадпрыемствы за свае грошы будавалі жыллё і пасля яно залічвалася як арэнднае, пакуль толькі разглядаецца.

Уладзімір Шыцько, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, задаў пытанне пра забарону з 1 сакавіка гэтага года рэалізоўваць нафтапрадукты на беларускіх АЗС за замежную валюту.

—Наша краіна транзітная, мы імкнёмся прывабіць як мага больш турыстаў, — заўважыў парламентарый. — Ці можа гэта рашэнне аказаць негатыўны ўплыў на прывабнасць нашай краіны для замежнікаў? Тым больш што мы імкнёмся прыцягнуць валюту ў Беларусь…

—Усе грамадзяне павінны паважаць беларускі рубель і ўсяляк яго падтрымліваць, — лічыць Уладзімір Зіноўскі. — Ніякіх праблемных пытанняў па запраўцы: усе запраўкі на мяжы абсталяваны тэрміналамі, і ўжо даўно вядома, што можна разлічыцца за паліва карткай. Што да турызму, то, натуральна, нам важна, каб да нас прыязджалі. Але што перашкаджае купіць беларускія рублі? Калі ж мы самі жадаем выехаць за мяжу, то таксама пажадана, каб за тыя ж турпуцёўкі мы разлічваліся не валютай недзе за мяжой, а тут, памяняўшы валюту на беларускія рублі. Гэтым мы пацвярджаем, што хочам навучыць людзей давяраць сваёй валюце. Тут самае галоўнае, каб не раслі цэны: тады беларускі рубель будзе цаніцца і мець такую ж вагу, як і любая замежная валюта.

Надзея ЮШКЕВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.