Вы тут

І так будзе заўсёды


Гэтага не відаць з першага погляду. Ды і з другога незаўважна таксама... Можна толькі здагадвацца аб тым, як шмат сярод нас жанчын, стомленых ад адзіноты, заціснутых, нібы ў панцыр, у штодзённыя свае абавязкі.

Ім хочацца хоць крыху ўвагі і цяпла. Хочацца, вярнуўшыся дадому, убачыць пяшчоту ў вачах і ўсмешку на твары. І пажадана, каб гэта была не ўласная выява ў люстэрку...

22-14

Мая прыяцелька Інга — натура імпульсіўная і рамантычная (але, як любая жанчына, не пазбаўленая здаровага практыцызму). Закахацца і забыцца дзеля гэтага на ўсё — для яе раз плюнуць. І калі на пэўны перыяд яна знікае з далягляду і амаль не тэлефануе — гэта дакладная прыкмета таго, што Інга зноў перажывае хвалюючыя моманты новага захаплення.

«Дзынь!» — жыццярадасна і нецярпліва ўрываецца ў маё размеранае жыццё тэлефонны званок.

— Прывітанне! Стаіш? Лепей сядай... У мяне навіна... Малайчына, здагадлівая! Та-а-кі мужык — аж самой не верыцца.

— Няўжо не жанаты?

— Ты вельмі многа хочаш ад мужчыны. Вядома, жанаты. А што, гэта мае значэнне?

Калі Інга «ўляпалася» ў раман з жанатым мужчынам, адгаворваць яе бессэнсоўна. Бессэнсоўна тлумачыць, што толькі вельмі наіўныя жанчыны ўспрымаюць чужога мужа як «галоўнага мужчыну» ў сваім жыцці, а сябе — як яго «галоўную жанчыну». Інга — не наіўная дзяўчынка. У «актыве» — вышэйшая адукацыя, цікавая праца са стабільным заробкам, адзін няўдалы шлюб, сын-студэнт і процьма раманаў, кожны наступны з якіх яна перажывае, як апошні. «У жыцці мне патрэбна апора, а не падпорка», — гаворыць яна. І лічыць, што асабістае жыццё можна распланаваць не горш за эканамічныя паказчыкі ў межах асобна ўзятай арганізацыі.

— Я ўжо амаль што закахалася! Дзіма тэлефануе мне кожны дзень, зранку і ўвечары. Цікавіцца, што я бачыла ў сне і як правяла дзень. Пытаўся, між іншым, якой парфумай я карыстаюся, якія цукеркі люблю і якому віду адпачынку аддаю перавагу... Учора я дазволіла яму забраць мяне з працы. Давёз да самага дома і нават не імкнуўся прыставаць. Вось гэта вытрымка! Гэта табе не мой Пашка. Такія заўсёды дабіваюцца ўсяго, чаго хочуць.

Дзівачка... Да гэтага часу яна ўпэўненая, што з Пашкам ёй не пашанцавала. Ну падумаеш, цвік не мог у сцяну забіць. Затое кожны вечар у сем гадзін быў дома. Вядома, у іх кватэры ўсе дзверцы ў шафах трымаліся на Інгіных шпільках. Ды і машыну Паша вадзіць не ўмеў. Ён увогуле баяўся ўсяго, што было звязана з пэўнай рызыкай: спіртнога, жанчын, камандзіровак, перастановак на службе... Інга не афармляла развод — проста прапанавала мужу пажыць асобна і сыходзіцца зноў не спяшалася.

«Дзынь!» — гучыць нервова і нецярпліва.

— Ну, дзе ты ходзіш? Тэрмінова трэба параіцца. Сын паехаў на практыку, так што я цяпер вольная. Але галоўнае — не гэта. Сёння патэлефанаваў Дзіма. Як які? Ну ў цябе і памяць!.. Сказаў, што хоча сустрэцца. А я яму ўмову паставіла: павінны сустрэцца ў такім месцы, дзе я ніколі не была — пажадана з экзатычнай кухняй, ненавязлівай музыкай і «неразумнымі» цэнамі. Папрасіла заехаць гадзіны праз тры, а сабралася за гадзіну. Цяпер вось сяджу, як прынцэса, не ведаю, куды сябе прыткнуць. Як думаеш, дазволіць яму сёння мяне пацалаваць ці пагуляць яшчэ ў непрыступнасць?

Вось і размаўляй з ёю... Колькі разоў казала: не захапляйся жанатымі, не зацыклівайся на іх. Мужчыны — пры ўсёй іх палігамнасці — істоты кансерватыўныя, звычкі для іх значаць нашмат больш, чым самыя рамантычныя адносіны. Парушэнне размеранасці свайго жыцця — паходаў з жонкай у госці, паездак на дачу, прагулак з дзецьмі — нейкі час яны яшчэ могуць выносіць. Але на працяглы тэрмін лепш не разлічваць. Рана ці позна жанаты мужчына вернецца да сваёй «паловы» (зразумела, калі тая цярпліва чакае, не ўчыняе скандалаў, не выстаўляе на лесвічную пляцоўку чамадан з яго асабістымі рэчамі), таму што любіць прывычнае, зручнае. Так яму больш спакойна і камфортна. А ў гэтым выпадку прывычка і жонка — словы-сінонімы.

...Зноў званок. Пранізлівы і рэзкі. На тым канцы нябачнага проваду мая прыяцелька пасылае праклёны ўсім прадстаўнікам моцнай паловы чалавецтва... Ужо? Так хутка? Не прайшло ж і месяца з моманту іх знаёмства...

— Спачатку ўсё ішло цудоўна. Села да яго ў машыну, спытала, куды паедзем. Ён адказаў: «Гэта сюрпрыз!» Уключыў музыку. Мне стала так добра і ўтульна... Адкінулася на спінку сядзення, заплюшчыла вочы... Прыйшла ў сябе, калі машына пачала падскокваць на нейкіх калдобінах. Від незнаёмага мікрараёна і суцэльных новабудоўляў не абяцаў нічога прыемнага. Спыніліся ля корпуса дзевяціпавярховага дома. Дзіма папрасіў ісці за ім — патлумачыў, што не хацеў псаваць такі прыгожы вечар нейкім там рэстаранам і таму... Прывёз мяне да сябе. Не, не туды, дзе жонка і дзеці, а ў сваё, як ён сказаў, «логава». Спачатку я раззлавалася, а потым нават узрадавалася — што гэта быў бы за мужчына, калі б не хацеў адасобіцца з упадабанай жанчынай?.. У пакоі ўсё зіхацела, як пасля генеральнай прыборкі. Я папрасіла вады — ён акуратна дастаў з шафы кубак, напоўніў, падаў мне, потым забраў, памыў, старанна выцер і акуратненька паставіў на тое ж самае месца. І ўвогуле, папрасіў нічога без асаблівай неабходнасці не чапаць. Ветліва так папрасіў, між іншым. «Іншае» сам парэзаў, разліў і падаў на стол. Я спрабавала жартаваць, каб неяк выратаваць сітуацыю. Уяўляеш — атрымалася. Разгаварыліся, разагрэліся каньяком, атмасфера «пацяплела». І тут ён пацікавіўся: «А ты даўно хадзіла да ўрача?» — «У сэнсе?» — пачала я строіць з сябе дурніцу. «У сэнсе розных цікавых захворванняў... Я ж чалавек сямейны, не хацелася б непрыемнасцяў...» А праз 40 хвілін ён ужо стаяў пры поўным парадзе — у касцюме і гальштуку — ля ўваходных дзвярэй і заклапочана паглядваў на гадзіннік. Сказаў, што трэба яшчэ паспець заехаць ва ўніверсам, купіць курыныя кумпячкі. Ні больш ні менш. Карацей, дабіў мяне гэтымі кумпячкамі. Вось сяджу цяпер і думаю: можа, дарэмна мы з Пашам разышліся?

...Як шмат сярод нас жанчын, стомленых ад адзіноты, заціснутых, нібы ў панцыр, у свае абрыдлыя штодзённыя абавязкі. А хочацца пяшчоты і цяпла, хоць зрэдку. Вось і мітусімся, вось і бегаем па жыцці, набіваючы гузакі, шукаючы «самага галоўнага мужчыну». Шукаючы сябе. І так будзе заўсёды, таму што ідэальных мужчын (як і жанчын) не існуе, а імкнуцца да ідэала хочацца. «Гісторыі кахання» будуць паўтарацца ў часе і прасторы, страчваючы ранейшы змест, набываючы новыя абрысы, аж пакуль не прыйдзе старасць і не ператворыць у попел усе нашы пакуты і пошукі, якія сёння здаюцца вельмі важнымі.

Але гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя...

Ала БЫВАЛАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.