Вы тут

Змест і формы


Адзін чалавек некалі сказаў, што розум квадратны, а жанчына круглая.

Маўляў, у выпадку якой заўгодна небяспекі квадрат з месца не зрушыцца і таму нічога з ім не здарыцца.
Жанчына ж — круглае стварэнне — пакоціцца, быццам мячык, але вось куды?.. А гэта ёй увогуле ўсё роўна.

Такая філасофія. Здаецца, японская.

Ну, як ты тут будзеш спрачацца? Ганарыцца сваёй формай, выстаўляючы яе ў найлепшым святле, — ці не ёсць гэта, насамрэч, самы прыемны жаночы занятак?

У мінулую нядзелю хадзілі з Ім на рынак. Хто па што. Кожны па сваё.

Мне трэба было даведацца, якія новыя формы для выпечкі з'явіліся за той час, пакуль я злоўжывала старымі. У поўным сэнсе слова злоўжывала! Вузкая даўгая металічная, у якой шыкоўна ўдаюцца лазанкі з соусам баланэз і тварожныя запяканкі, мае ўжо такі паважаны ўзрост, што не сорамна прасіцца на адпачынак. Між іншым, як сапраўднае стварэнне жаночага роду, форма гэтая марыць завяршыць свой век неяк больш-менш рамантычна, напрыклад, грэючы свой бок на балконе і гадуючы духмяную герань. Вялізная круглая з раз'ёмнымі сценкамі, у якой так добра атрымліваецца шакаладна-ванільная «Зебра», з нейкай неспадзяванай прычыны раптам перакасілася і пачала працякаць. Тэфлонавыя формы для пернічкаў маюць вузкі асартымент: ну не будзеш жа пячы вясною пернік з выявай Дзеда Мароза. Сіліконавыя формачкі для мафінаў? Разумееце, іх я не маю ў той колькасці, якая задаволіла б патрэбы ўсёй сям'і. Застаецца прамавугольная гафрыраваная, але ў ёй у мяне добра атрымліваюцца толькі чорнапарэчкавыя кексы і велікодныя кулічы. І зусім няма ўжо ў чым рабіць любімае пячэнне з агрэставым джэмам, прысыпанае аўсянымі шматочкамі. Інакш кажучы, усё як у жанчынак з анекдотаў: і вешаць няма куды, і апрануць няма чаго.

Значыць, мне спатрэбіліся новыя формы для выпечкі. А Яму — новы змест для старых заняткаў. Паглядзець, па-першае, перфаратар, па-другое, нейкую частку для бензапілы. Уволю нахадзіўшыся па рынку, паназіраўшы за пакупнікамі і прадаўцамі, я маю цяпер магчымасць поўна аналізаваць тую розніцу, якая існуе паміж мужчынскім і жаночым шопінгам, нават калі ён усяго толькі «зырынг», як казаў адзін прафесійны псіхолаг.

Я не здолею, мабыць, прывесці тут размовы пакупнікоў-мужчын з мужчынамі-прадаўцамі бензапілаў і перфаратараў (усё, відаць, праз мой лексікон, вельмі небагаты ў гэтым сэнсе), але паспрабую данесці, так бы мовіць, вобраз праз паралель. Уявіце сабе мяне, якая прыйшла ў краму з кулінарнымі прыладамі і замест пытання «скажыце, калі ласка, што вы можаце параіць для запякання качкі?» выдае раптам наступнае: «У гэтай форме бісквіт падымецца горкай. А ведаеце, што трэба зрабіць, каб так не было? Стварыць цеплавую праслойку: абкруціць форму ручніком, загорнутым у фольгу». Рэакцыю прадаўшчыцы-жанчыны і яе адказ я не магу ўявіць нават прыблізна — з прычыны поўнай ненатуральнасці сітуацыі. А ў крамах з бензапіламі ўсе прадаўцы ўсіх пакупнікоў выдатна разумеюць. Гэта відаць хаця б па гарачым імкненні першых размаўляць з апошнімі на адной мове. Выснова: яны ходзяць у крамы не купляць нешта і нават не прымервацца да пакупак (каб узнімаць сабе настрой, як мы), а з зусім іншымі, нашмат больш змястоўнымі мэтамі. Яны ходзяць туды распісацца ў наяўнасці ўласнай дасведчанасці і ацаніць яе памеры ў вачах абсалютна пабочных асоб.

І я вось думаю: «Якая ж форма лепшая?..»

Святлана Дзянісава,
галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.