Вы тут

Жаніх за грошы... Ці харошы?


Як я спрабавала знайсці сваю «палову» з дапамогай шлюбнага агенцтва

Здаецца, каму гэтыя агенцтвы яшчэ патрэбныя ў час інтэрнэту? Усе знаёмяцца ў сацыяльных сетках. Але, як высветлілася, шлюбныя агенцтвы не проста існуюць, а карыстаюцца шалёным попытам!
Дык хто ж сёння шукае сваю другую палавінку праз пасрэднікаў і як гэта адбываецца?

22-11

«Намаляваныя» хлопцы

Цікавую брашуру з не менш цікавымі паслугамі мне падкінулі ў паштовую скрыню. Чытаю: «Шлюбнае агенцтва. Знаёмім адзінокіх людзей ад 18 да 90 гадоў». Сумняваюся, што гэта сапраўдны падарунак лёсу ці адзіны шанц у жыцці, як кажа мая матуля, выйсці ўдала замуж. Хутчэй за ўсё, такія «паштоўкі» атрымала і цётка Зіна з пятага паверха, і баба Маша з першага. Рэклама. Але дапытлівасць узяла сваё, і на наступны дзень я пайшла шукаць сваё «шчасце» ў шлюбнае агенцтва.

Офіс з патэнцыйнымі жаніхамі знаходзіцца ў цэнтры Мінска. Невялічкі пакой з трыма камп'ютарамі і морам чырвона-сініх папак. Кожная з іх — гэта анкета жанчыны ці мужчыны, якія жадаюць развітацца са сваёй адзінотай.

— Ой, вы падобныя да Наташы Каралёвай, — пачула я адразу, як толькі села ў мяккае крэсла. — З такой знешнасцю вам доўга чакаць не давядзецца — абавязкова каго-небудзь знойдзем! — працягвае расчырванелая супрацоўніца агенцтва.

— Мне не трэба «хто-небудзь»! Я адукаванага і забяспечанага жаніха хачу, — адказваю на прапанову.

— Дзіцятка маё, у нас усе тут як намаляваныя! Іншых не трымаем! З 2000 года працуем, ніводнай скаргі не было! — запэўнівае мяне «свацця».

— А ёсць гарантыя, што хлопец «з малюнку» не ашуканец? Не вельмі хочацца рызыкаваць.

— За чужаземцаў мы спакойныя. Ім візы адкрылі — значыць, ужо не злачынцы! А вось мясцовых кавалераў праверыць мы не можам. А вам, дарэчы, хто трэба: наш ці замежны прынц?

На любы густ і колер

Вызначыцца з тым, адкуль павінен быць мой жаніх, мне дапамаглі хутка. Паводле назіранняў спецыялістаў агенцтва, беларускія мужчыны... сціплыя, сумныя і малаперспектыўныя! Іншая справа — англічанін або француз! Не жаніх, а мара!

— Ды не саромейцеся вы так! — кажа мне «свацця». — Да нас прыходзяць людзі розных узростаў, і ў гэтым няма нічога дрэннага! Вось вы малайчына, што загадзя пачалі думаць пра свой шлюб. Вядома, што жанчына па-свойму прывабная і ў пяцьдзясят гадоў, але ёй жаніха будзе знайсці больш складана чым вам (мне 22).

Далей яна пачала распавядаць пра тое, што сярод іх кліентак ёсць балерыны, спартсменкі, эканамісты, юрысты, фотамадэлі, бізнес-лэдзі. Усе яны паспяховыя і прыгожыя жанчыны, але часу на адпачынак, дзе можна з кім-небудзь пазнаёміцца, няма, а з першым сустрэчным у кавярню не пойдзеш... Шмат каго ў агенцтва прыводзяць бацькі са словамі: «Мы замуж пакуль яшчэ не збіраемся, нам вучыцца трэба, але хай кантактуе з хлопчыкамі з-за мяжы, мову падцягвае».

Годных мужчын у базе таксама шмат. Шмат іншаземцаў. Адзін — мільянер, другі — сапраўдны прынц, па крыві. І ўсе шукаюць «беларускую» душу.

— А шмат шлюбаў утварылася дзякуючы вам? — аглядаю пакой, у якім няма ніводнага фотаздымка ззяючай ад радасці пары.

— Усіх і не ўзгадаеш, не пералічыш, колькі сем'яў нарадзілася з дапамогай нашага агенцтва! — жвава адказалі мне. — Сюды людзі прыходзяць з сур'ёзнымі намерамі!

Але бываюць і такія выпадкі, калі «сваццям» даводзіцца адмаўляць кліентам. Напрыклад, у мінулым годзе сюды звярнулася 60-гадовая жанчына, якая запатрабавала мужчыну 35 гадоў, высокага, прыгожага, багатага, з кватэрай і машынай. «Я хаджу ў спартзалу і молада выглядаю, мой біялагічны ўзрост — трыццаць гадоў», — тлумачыла свае запыты кліентка... Супрацоўніцы агенцтва адразу зразумелі, што нічога з гэтай задумкі не атрымаецца, і адмовілі жанчыне. Гэта суправаджалася крыкамі, слязьмі і пагрозамі...

Вось так, аказваецца, людзі змагаюцца за сваё шчасце...

Канфідэнцыйнасць і дысцыпліна

— Вы, дарэчы, англійскай мовай валодаеце? — пытаецца ў мяне супрацоўніца агенцтва.

— Так.

— Гэта добра. Тады на спатканне можна без перакладчыка ісці. Так зручней будзе. Сустракацца можна тут, у офісе, або ў кавярні, што знаходзіцца побач. Калі спадабаецеся адно аднаму, тады абменьвайцеся кантактамі — і «ў добры шлях»! Калі зразумееце, што гэта не ваш чалавек, тады проста чакайце свайго прынца далей.

Існуе яшчэ адзін варыянт сустрэчы — калі мужчына запрашае вас да сябе ў іншую краіну. Усе расходы на «квіток — пражыванне» ён бярэ на сябе.

— А як я буду выбіраць сабе жаніха? Ці якім чынам ён знойдзе мяне? — цікаўлюся.

— З вашай анкетай будзе працаваць агенцтва, паказваючы яе патрэбным людзям. Акрамя гэтага, вашы фотаздымкі мы размесцім на двух сайтах. Першы даступны кожнаму карыстальніку інтэрнэту, другі — толькі нашым замежным кліентам. Такім чынам яны выбіраюць вас, а вы іх, — тлумачыць «свацця».

Цікава, што ў гэтым бізнесе існуе строгая дысцыпліна. Напрыклад, калі мужчына крыўдзіць жанчыну на спатканні словам, учынкам або поглядам, ён выключаецца з базы. Або калі мужчына ўпэўнены, што пасля вячэры ў рэстаране дама павінна паехаць да яго, кавалера папярэджваюць. Не разумее — выганяюць, грошы не вяртаюць. Нельга таксама даваць тэлефоны з базы сябрам і парушаць прыватнасць.

— Засталося нам з вамі, Кацярына, толькі падпісаць дагавор. Каштуе паслуга нашага агенцтва сямсот тысяч беларускіх рублёў. Фатаграфіі з сабою ёсць? — у чаканні цвёрдага «так» пытаецца ў мяне супрацоўніца агенцтва.

Вядома, ніякіх фота ў шлюбнае агенцтва я не прынесла і несці не збіралася. Для мяне ўсё гэта выглядае неяк... ненатуральна. Ці я проста прывыкла да сацыяльных сетак, дзе ўсё так проста і знаёма?.. У любым выпадку попыт на «шчасце» па-ранейшаму актуальны, і яго трэба задавальняць. Сёння на пытанне «дзе шукаць сужэнца?» пошукавая сістэма «Яндэкс» выдае чатырнаццаць мільёнаў адказаў. Па частаце запытаў гэта якраз паміж «дзе шукаць грыбы?» і «дзе шукаць працу?».

Кацярына Асмыковіч

 

Што пішуць на форумах?

Наталля, 34 гады:

«Мы з маім мужам сустрэліся дзякуючы шлюбнаму агенцтву. Спачатку я не верыла, што з гэтай, на першы погляд, вар'яцкай задумы нешта атрымаецца, і проста запоўніла анкету на сайце агенцтва. «Хай вісіць, горш не будзе», — думала я. Праз тры месяцы мне пазванілі «свацці» і сказалі, што я зацікавіла аднаго вельмі сур'ёзнага чалавека. Мы з ім сустрэліся, а праз паўгода пажаніліся. Зараз у нас расце маленькая дачка Саша, якой мы абавязкова раскажам, як незвычайна пазнаёміліся яе бацькі».

Ірына, 26 гадоў:

«На жаль, у мяне са шлюбнымі агенцтвамі неяк не склалася. Дакладней з тымі жаніхамі, якіх яны мне прапаноўвалі! Адзін аказаўся жанаты, другі — з велізарнымі крэдытамі. Не такіх Прынцаў чакала Папялушка, не такіх! Вось і шукае зараз свайго героя сама».

Міхаіл, 50 гадоў:

«Пасля смерці жонкі я доўга не хацеў глядзець на жанчын. Бізнес, дзеці, унукі — вось што вяртала мяне да жыцця. Колькі разоў мая дачка спрабавала мяне з кім-небудзь «звесці», аднак усё безвынікова. Аднойчы Ванька, унук, выпрасіў маю фатаграфію і сказаў, што «хутка будзем на дзедавым вяселлі гуляць». Я, вядома, значэння гэтаму не надаў. А ўжо праз некалькі месяцаў знаёміў сям'ю са сваёй новай абранніцай. Ванька, аказваецца, анкету ад майго імя на сайце шлюбнага агенцтва запоўніў».

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.