Вы тут

Тонкасці гендарнай палітыкі


Чаму заробак жанчын на чвэрць меншы за мужчынскі, а беларускіх татаў, што «сядзяць у дэкрэтным», толькі два працэнты?

Паняцці «гендарная палітыка» і «барацьба за правы жанчын» многія беларусы лічаць сінонімамі. І ў чымсьці яны, безумоўна, маюць рацыю. Так здарылася, што гісторыя на працягу некалькіх тысячагоддзяў вызначала месца жанчыны на кухні з баршчом (ці што там раней гатавалі?) і дзіцем на руках. Не без выключэнняў, але гэта толькі пацвярджае існаванне правіла. Таму не дзіўна, што сёння cтолькі ўвагі надаецца прававому статусу менавіта жанчыны. Якія праблемы хвалююць беларускую гендарную палітыку ў апошнія гады і ці патрэбны нам закон аб гендарнай роўнасці?

22-15

Агрэсараў высяляем

У аддзеле народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны адзначаюць, што сёння шмат сіл накіравана на аказанне дапамогі тым, хто пацярпеў ад хатняга гвалту.

— Летась у межах закона «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» уведзена навацыя — ахоўнае прадпісанне, на падставе якога агрэсара могуць выселіць з кватэры і ўвогуле забараніць яму набліжацца да ахвяры. Гэта важнае рашэнне, паколькі дагэтуль мы працавалі толькі з ахвярай, якой звычайна становіцца жанчына з дзецьмі. Мы маглі ёй даць прытулак, але ж тады трэба мяняць садок, школу, месца працы. Вялікі дыскамфорт для сям'і, — каментуе галоўны спецыяліст аддзела Алена КОМЛІК.

За мінулыя два гады колькасць «крызісных» пакояў, дзе жанчыны могуць схавацца ад прыступаў лютасці сваіх выбраннікаў, павялічылася ў два разы (да 105 памяшканняў у студзені 2015-га). У Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях прытулкі адкрыты ва ўсіх раёнах. Пры неабходнасці пацярпелых забяспечваюць бясплатным харчаваннем. Знялі лімітавы тэрмін пражывання ў пакоі, які раней складаў 10 дзён. На колькі жанчына можа там застацца, цяпер залежыць ад канкрэтнай сітуацыі.

Важным напрамкам гендарнай палітыкі ў апошнія некалькі гадоў было пытанне жаночага беспрацоўя. У праграме занятасці нават асобным пунктам вылучалася занятасць жанчын. Для іх праводзілі спецыяльныя кірмашы вакансій і «дні прадпрыемстваў», навучалі новым спецыяльнасцям, што карыстаюцца попытам і даюць магчымасць арганізаваць свой бізнес. Летась 35 працэнтаў ад агульнай колькасці беспрацоўных, якіх накіравалі на прафесійную падрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі, склалі жанчыны. Амаль 400 з іх вывучалі асновы прадпрымальніцкай дзейнасці. Дзякуючы гэтым мерам, скараціўся прамежак часу, калі жанчына стаіць на ўліку ў аддзеле занятасці. Каб знайсці працу, сярэднестатыстычнай прадстаўніцы прыгожага полу сёння патрэбны 1,7 месяца (у 2012-м, напрыклад, гэты тэрмін складаў 1,9 месяца), а працягласць жаночага беспрацоўя паменшылася да 3,3 месяца.

Заробак залежыць не ад полу, а ад месца працы

Закона аб гендарнай роўнасці ў нашай краіне пакуль няма. А ці патрэбны ён?

— Мы прапрацоўвалі гэтае пытанне, — кажа Алена Міхайлаўна. — У краіне ўпершыню была праведзена гендарная экспертыза заканадаўства: наколькі яно адпавядае Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын. Дыскрымінуючых нормаў у нас нідзе не ўтрымліваецца. Лепш, напэўна, удасканальваць дзейнае заканадаўства, чым прымаць асобны дакумент. Тым больш у шэрагу краін ён меў хутчэй рамкавы характар. Сёння ва ўсіх беларусаў роўныя правы і магчымасці. Іншая справа, як мужчыны і жанчыны іх рэалізуюць.

З рэалізацыяй, сапраўды, не ўсё так проста. Напрыклад, заработная плата беларускіх жанчын складае толькі 74 працэнты ад таго, што атрымліваюць мужчыны. Але не таму, што за аднолькавую працу ў залежнасці ад полу плацяць розныя грошы. У той час, калі палова мужчын заняты ў прамысловасці і будаўніцтве, дзе заробкі традыцыйна вышэйшыя, большасць жанчын (65 працэнтаў) задзейнічаны ў сферы паслуг. Такія галіны, як гандаль, гасцінічны і рэстаранны бізнес, фінансавая дзейнасць прыкладна на 70 працэнтаў прадстаўлены дзяўчатамі. Сярод супрацоўнікаў устаноў адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнай абароны жанчын і ўвогуле больш за 80 працэнтаў. Ды і на месцах кіраўнікоў сярэдняга і высокага ўзроўню, незалежна ад віду эканамічнай дзейнасці, часцей апынаюцца мужчыны.

Фактычна выбар месца працы нічым не абмежаваны, аднак перайсці ў іншую сферу ці заняць адказную пасаду замінаюць, як ні дзіўна, стэрэатыпы.

— Жанчыны прывыклі, што на іх двайная нагрузка: і на працы, і дома трэба ўсё паспець, — мяркуе Алена Міхайлаўна. — Нягледзячы на высокі ўзровень занятасці (у агульнай колькасці працуючых удзельная вага жанчын складае амаль 55 працэнтаў), яны ў дадатак гатуюць ежу, прыбіраюць у кватэры, рыхтуюць з дзецьмі дамашняе заданне, удзельнічаюць у бацькоўскіх сходах. У выніку сукупная нагрузка — прафесійныя і сямейныя абавязкі — значна большая, чым у мужчын. Таму жанчыны не заўсёды маюць жаданне займаць высокія пасады. Аднак трэба сказаць, што Беларусь уваходзіць у 27 краін свету, якія дасягнулі мэтавага паказчыка па ўдзеле жанчын у дзяржаўным кіраванні. Сёння Нацыянальны сход на трэць прадстаўлены жанчынамі.

Тата ў дэкрэтным водпуску — пакуль рэдкасць

У тэорыі магчымасць займацца хатнімі справамі і выхаваннем малых не абумоўлена полам. Аднак ці гатовы мужчыны сядзець з дзецьмі, пакуль жанчына будзе зарабляць грошы і рабіць кар'еру? Па статыстыцы, толькі два працэнты беларускіх татаў згаджаюцца пайсці ў дэкрэтны водпуск.

— Водпуск па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў па жаданні сям'і прадастаўляецца, замест маці, бацьку ці іншаму сваяку, — кажа Алена Міхайлаўна. — Так, у 2013 годзе гэтым правам скарысталіся 48 дзядуляў, 544 бабулі і 2 731 тата. Колькасць мужчын у дэкрэтным штогод расце. У той жа Швецыі нават заахвочваюць татаў браць такі водпуск. Там устаноўлены пэўны перыяд, падчас якога толькі мужчына можа даглядаць дзіця ці сям'я ўвогуле згубіць гэтыя некалькі месяцаў.

Каб узмацніць ролю бацькі ў сям'і, на базе Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей ужо некалькі гадоў рэалізуецца праект «Тата-школа», дзе расказваюць, як сумесна выхоўваць малых. А ў БДУ «Школа ўсвядомленага бацькоўства» вучыць студэнтаў размяркоўваць хатнія абавязкі.

Грамадства да падобных ініцыятыў часам ставіцца скептычна. Маўляў, не сядзіцца жанчынам на месцы. Хм... Розныя мадэлі паводзінаў, якія гендарная палітыка актыўна прапагандуе, у інтарэсах не толькі жанчын. Абстрактныя абмежаванні на ўзроўні стэрэатыпаў выклікаюць цалкам рэальныя праблемы. Меркаванне пра тое, што мужчыне не трэба бегаць у паліклініку па дробязях і сядзець з талонам да ўрача, не найлепшым чынам адбілася на здароўі мужчынскай часткі насельніцтва. Паводле ацэнкі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, натуральнай розніцай у працягласці жыцця жанчын і мужчын прынята лічыць 5 гадоў. У нашай краіне гэтая розніца перавышае норму ў два разы. Таму пытанні мужчынскага здароўя ўжо плануюць уключыць у наступны Нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці. Хоць змяніць стэрэатыпныя ўстаноўкі будзе складаней, чым заканадаўства.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».