Вы тут

Інтэрнэт у кожнай школе


А поўны пераход на лічбавае вяшчанне — не пазней за 10 чэрвеня

Паводле ацэнкі міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі Сяргея Папкова, на нашым рынку ўжо сёння прысутнічае поўны набор паслуг сувязі, якія ёсць у свеце. Гэта фіксаваная тэлефанія і інтэрнэт-тэхналогіі, сотавая і спадарожнікавая сувязь, радыёсувязь і тэлебачанне. Да канца года колькасць электронных паслуг павялічыцца да 100. У Беларусі створаны ўсе рэсурсы для іх прадастаўлення грамадзянам у паштовых аддзяленнях, у сэрвісных цэнтрах «Белтэлекама».

26-35

З 1 можна атрымаць 9

На пачатку года ў Беларусі зарэгістравана 400 аператараў, з іх 11 — паштовай сувязі. Колькасць арганізацый сектара інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (ІКТ) складае больш за 4800.

«Валавая дабаўленая вартасць сувязі у ВУП па выніках года прагназуецца на ўзроўні 1,7%. Той жа паказчык сектара ІКТ — 3,4%», — адзначыў міністр.

Беларусь імкнецца не адставаць ад сусветнага трэнду ў ІКТ, дзе, паводле ацэнак еўрапейскіх аналітыкаў, 1 еўра, укладзенае ў развіццё дадзенай сферы, стварае 9 еўра ў развіцці эканомікі. Таксама ў Мінсувязі сур'ёзна падыходзяць да будаўніцтва партала адкрытых звестак.

«Мы разумеем, што электронныя паслугі маюць сацыяльны аспект. Гэта тычыцца барацьбы з бюракратыяй, вырашэння сацыяльных праблем. Партал адкрытых звестак дазволіць любой фізічнай або юрыдычнай асобе атрымаць усю неабходную інфармацыю па любой сферы дзейнасці, не адыходзячы ад камп'ютара. Плануецца скончыць працу над ім да канца бягучага года», — адзначыў Сяргей Папкоў.

Колькасць абанентаў стацыянарнай тэлефоннай сувязі сёлета складае каля 4,5 мільёна. Пры гэтым паказчык павялічыўся за год на 58,4 тысячы. «Белтэлекам» летась значна павялічыў колькасць абанентаў стацыянарнага шырокапалоснага доступу (ШПД) у інтэрнэт, інтэрактыўнага тэлебачання, камерцыйнага лічбавага эфірнага тэлевізійнага вяшчання, а таксама абанентаў, якія падлучыліся да ІMS-платформы і па тэхналогіі GPON. Сёння ў краіне зманціравана больш за 3 млн 600 тысяч партоў стацыянарнага ШПД. Дарэчы, развіццё сетак шырокапалоснага доступу ўплывае і на выкарыстанне знешняга канала далучэння да інтэрнэту. Сумарная прапускная здольнасць у пачатку года склала 770 Гбіт/с (за год павялічылася на 290 Гбіт/с). Пранікненне паслуг сотавай рухомай электрасувязі складае 120,3 абанента на 100 жыхароў. Колькасць абанентаў на пачатак года склала больш за 11 мільёнаў. Сёння кожны другі абанент сотавай электрасувязі карыстаецца паслугамі мабільнага шырокапалоснага доступу да сеткі інтэрнэт (3G).

«Мінулай восенню Міністэрства сувязі і інфарматызацыі скончыла будаўніцтва аптычных падыходаў практычна да кожнай установы адукацыі, уключаючы пачатковыя школы краіны. Зараз усе маюць магчымасць атрымання паслуг інтэрнэту», — падкрэсліў Сяргей Папкоў.

Варта адзначыць, што сёлета пачнецца рэалізацыя праекта LTE-тэхналогій. Гэта так званы стандарт бесправадной высакахуткаснай перадачы звестках для мабільных тэлефонаў і іншых тэрміналаў. Часта пазначаецца, як 4G LTE. Пачнецца рэалізацыя гэтага праекта пакуль толькі ў Мінску і абласных цэнтрах Беларусі, дзе, паводле ацэнак экспертаў, паслуга будзе найбольш папулярная і запатрабаваная.

Што будзе з тэлевізарамі?

У Беларусі адбываецца паэтапнае адключэнне аналагавага тэлевізійнага вяшчання. Ужо зараз сумесна з Мінгандлю Міністэрства сувязі і інфарматызацыі наладзіла пастаўкі неабходнага прыёмнага абсталявання ў гандлёвыя сеткі краіны. Поўны пераход на лічбавае тэлевізійнае вяшчанне ў Беларусі павінен быць завершаны сёлета не пазней за 10 чэрвеня. Ужо сёння ахоп насельніцтва ім склаў 98,1%.

«З мясцовымі органамі кіравання адпрацоўваліся пытанні прадастаўлення прыставак для малазабяспечаных слаёў насельніцтва, дзякуючы якім на тэлевізарах старой мадыфікацыі яны маглі б глядзець тэлебачанне ў лічбавым фармаце», — растлумачыў міністр.

Трохі пра тарыфы

Сёлета чакаецца павелічэнне тарыфаў на паслугі тэлефаніі і інтэрнэту. «У 2014 годзе страты «Белтэлекама» ад рэгуляваных тарыфаў складалі прыкладна 1 трлн рублёў. Паводле плана, узгодненага з Міністэрствам эканомікі, да канца 2014 года давялі да ўзроўню кампенсацыі паслугі, якія прадастаўляюцца юрыдычным асобам па тэлефаніі. У 2015 годзе павінны зрабіць тое ж самае для фізічных асоб. На інтэрнэт-паслугі тарыфы будуць павышацца з улікам інфляцыі», — адзначыў Сяргей Папкоў.

Чыгунка застанецца пакуль «глухаватай»

Ёсць пытанні і да якасці мабільнай сувязі на дарогах Беларусі. Цяпер стаіць задача яе паляпшэння на беларускіх трасах ад М1 да М12 і на аб'ектах агра- і экатурызму. Гэтая праблема тычыцца і чыгунак, дзе ёсць вялікія ўчасткі, на якіх знікае не толькі інтэрнэт, але і сувязь увогуле. Як адзначыў Сяргей Папкоў, сёння няма аператара, які б узяў на сябе ўсе выдаткі гэтага праекта. Цяпер вядуцца перамовы з аператарамі сувязі. Але, па словах міністра сувязі і інфарматызацыі, сродкаў на гэта зараз у бюджэце няма, з прычыны вялікіх тэрмінаў акупляльнасці такога кшталту паслуг.

Ілья КРЫЖЭВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.