Вы тут

Адказ на эканамічныя выклікі


Палата прадстаўнікоў ухваліла праграму дзейнасці ўрада на гэты год

Развіццё айчыннай эканомікі сёлета залежыць ад цаны на нафту і дынамікі курсу расійскага рубля — гэта найбольш непрадказальныя параметры з тых, што ўплываюць на макраэканамічную сітуацыю ў краіне. Да іх і прывязана праграма дзейнасці ўрада на 2015 год, ухваленая дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў на заключным пасяджэнні шостай пазачарговай сесіі.

Прэм'ер-міністр краіны Андрэй КАБЯКОЎ, выступаючы перад парламентарыямі, падкрэсліў: праграма працы ўрада на гэты год — адказ на эканамічныя выклікі, з якімі сутыкнулася наша краіна. З‑за абвалу цэн на нафту на сусветным рынку запланаваныя даходы бюджэту падаюць. Акрамя таго, і расійская эканоміка з яе залежнасцю ад узроўню даходу на нафтавым рынку замаруджвае актыўнасць і зніжае імпарт — у тым ліку і беларускай прадукцыі. Па гэтай прычыне ўзяты сёння за аснову варыянт сацыяльна-эканамічнага развіцця дастаткова жорсткі. У той жа час, па словах прэм'ер-міністра, калі сітуацыя будзе больш спрыяльнай — а для гэтага ёсць падставы — эканамічная палітыка ў другім паўгоддзі стане больш мяккай і некаторыя бюджэтныя прызначэнні будуць адноўлены.

— Абмежаванні ў бюджэтнай палітыцы закліканы забяспечыць выкананне пазыковых абавязацельстваў краіны, — паведаміў прэм'ер-міністр. — Нагадаю, што валютныя плацяжы па дзярждоўгу ў 2015 годзе складуць $ 4 млрд. Парушэнне абавязацельстваў па іх выплаце і абслугоўванні недапушчальна.

Па словах Андрэя Кабякова, для рашэння гэтай задачы ёсць тры складнікі. Першае — гэта нарошчванне экспарту тавараў і паслуг і, як вынік, атрыманне валюты, другое — рэфінансаванне доўгу і трэцяе — скарачэнне ўласных выдаткаў, што з'яўляецца не вельмі папулярным захадам. Урад вядзе працу па ўсіх трох напрамках.

Адказваючы на пытанне дэпутата Валянціны Жураўскай, кіраўнік урада паведаміў, што, нягледзячы на крызіс, бюджэт захавае сацыяльную накіраванасць. Па словах прэм'ер-міністра, па магчымасці будзе праводзіцца індэксацыя аплаты працы. Што да павышэння заработнай платы, то яно таксама будзе ажыццяўляцца толькі з улікам магчымасцяў эканомікі і канкрэтнага прадпрыемства. Каментуючы пытанне дэпутата Уладзіслава Цыдзіка, Андрэй Кабякоў заявіў: своечасовасць выплаты заработнай платы бюджэтнікам не падвяргаецца сумненню.

Віктар ВАЛЮШЫЦКІ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы, заўважыў, што з улікам электаральных асаблівасцяў 2015 года праграма носіць кароткатэрміновы характар.

— Тым не менш яна разлічана на далейшыя пашырэнні з улікам таго, што плануецца разгляд і прыняцце ў гэтым годзе праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016–2020 гады. Урад ужо прыступіў да яе распрацоўкі, і парламентарыі таксама прымаюць у гэтым актыўны ўдзел. Думаю, што там будуць больш шырока і канкрэтна расстаўлены акцэнты па эканамічных складніках.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.