Вы тут

Вучыцца. І берагчы здароўе з маладосці


Новы семестр прафілактычнага праекта «Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра» ўрачыста стартаваў у Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Праект быў спецыяльна распрацаваны для БДУІР спецыялістамі Мінскага гарадскога цэнтра здароўя і гарадскога Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У яго «фокусе» — студэнты першага курса, паколькі менавіта гэта катэгорыя маладых людзей уваходзіць у групу рызыкі: фізіялагічныя і анатамічныя змяненні ў арганізме, высокая псіхаэмацыянальная і разумовая нагрузкі, неабходнасць прыстасоўвацца да новых умоў пражывання і навучання вядуць да зніжэння імунітэту і сур'ёзных медыцынскіх і сацыяльна-псіхалагічных праблем. Асабліва складаная для першакурснікаў першая сесія...

26-21

26-21

 

— Калі ўпершыню была агучана ідэя рэалізаваць у нашым універсітэце прафілактычны праект, мая першая рэакцыя была: «А навошта нам гэта трэба?» Мы ж тут займаемся сур'ёзнымі справамі, развіваем навуку... Але затым прыгадаліся словы маці: «Мішачка, беражы здароўе з маладосці...» — расказаў студэнтам рэктар БДУІР Міхаіл БАТУРА. — Глыбокі сэнс гэтых слоў, вядома, разумееш значна пазней. Галоўнае, каб не было зусім позна. А вучыцца ў нашым універсітэце вельмі складана, шмат часу студэнты праводзяць за камп'ютарам. Таму мы вырашылі рызыкнуць і паспрабаваць... Між іншым, летась захваральнасць нашых студэнтаў зменшылася на 4 працэнты. Мяркую, што мы можам аднесці гэта дасягненне на карысць той работы, што праводзілася ўвесь папярэдні навучальны год сярод першакурснікаў.

За год праект вырас і пашырыўся — да яго далучыліся новыя ўдзельнікі і партнёры. Цяпер прафілактычная праграма будзе рэалізоўвацца яшчэ ў шасці вышэйшых навучальных установах: Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце і філіяле Расійскага сацыяльнага ўніверсітэта. Новымі партнёрамі ў гэтай важнай справе сталі як установы аховы здароўя (Гарадскі кардыялагічны цэнтр, Клініка эстэтычнай стаматалогіі), так і спорту (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр спорту).

— Ісці першымі і пракладаць шлях астатнім заўсёды складаней. І ў гэтым плане БДУІР пацвердзіў, што ён і сапраўды перадавы ўніверсітэт, прычым перадавы ва ўсім, — лічыць Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач горада Мінска Наталля ЖУКАВА.

Па словах Наталлі Жукавай, сітуацыя ў горадзе трывожная: у 1,7 раза ўзрасла захваральнасць на ВІЧ/СНІД, прычым пераважную колькасць захварэлых складаюць маладыя людзі ва ўзросце ад 20 да 25 гадоў. Расце колькасць маладых людзей з наркатычнай і алкагольнай залежнасцю. Медыкі канстатуюць невысокую ўстойлівасць моладзі да стрэсаў. І гэта яшчэ адна з прычын, чаму менавіта на першакурснікаў у прафілактычным праекце зроблены ўпор, бо менавіта ў іх асяроддзі найбольш эфектыўная першасная прафілактыка рознага кшталту залежнасцяў.

На ўрачыстым адкрыцці другога этапу праекта была прадстаўлена новая комплексная мадэль падтрымання і аднаўлення здароўя сучаснага студэнта, якая ўключае ў сябе індывідуальнае меню, фізічныя нагрузкі, рэабілітацыю, здароўе поласці рота і кантроль за станам сардэчна-сасудзістай сістэмы.

— Не ўсе студэнты ведаюць, што 33-я гарадская студэнцкая паліклініка мае магчымасці не толькі для лячэння, але і для аздараўлення практычна здаровых, — расказала галоўны ўрач паліклінікі Алена Харкова. — Па звестках медыцынскіх аглядаў, якія праводзяцца ў нашай медустанове, больш як 50 працэнтаў студэнтаў маюць нязначныя адхіленні ў стане здароўя, якія, тым не менш, могуць прывесці да сур'ёзных праблем, калі іх не папярэдзіць.

У аддзяленні медыцынскай рэабілітацыі паліклінікі ёсць сучаснае абсталяванне, што дазваляе правесці аднаўленчае лячэнне: кабінеты водалячэння, цеплалячэння, лазератэрапіі, лячэбнай фізкультуры. Сярод тых, хто прайшоў тут рэабілітацыю, большасць складаюць студэнты з захворваннямі косна-мышачнай сістэмы (скаліёзам, парушэннямі паставы), з рознага кшталту траўмамі і захворваннямі нервовай сістэмы. У аддзяленні ўведзены ў строй апарат «лінфастым», які паскарае вывядзенне шлакаў і таксінаў з арганізма, аднаўляе водны баланс клетак, дапамагае пазбавіцца ад цэлюліту і іншых наступстваў маларухомага ладу жыцця. Спецыяльны касцюм дазваляе праводзіць масаж адначасова васьмі ўчасткаў цела, такім чынам адзін сеанс прэсатэрапіі замяняе 10-20 сеансаў ручнога масажу.

Па выніках мінулага года эфектыўнасць аднаўленчага лячэння была даволі высокая: у 42 працэнтаў пацыентаў зафіксавана поўнае аднаўленне, а ў 54 працэнтаў — паляпшэнне функцый.

Аўтар і куратар праекта ўрач-валеолаг Гарадскога цэнтра здароўя Сняжана Каўрыга расказала, што ўсе яго ўдзельнікі падзеленыя на групы карэкцыі масы цела. Летась разам з тэхнолагам камбіната харчавання ўніверсітэта былі распрацаваныя спачатку 30 комплексных абедаў для харчавання кожнай групы ва ўніверсітэцкай сталовай. Але ў красавіку меню было падкарэктаванае і дадаткова былі распрацаваныя яшчэ 10 комплексных абедаў для групы студэнтаў з паніжанай масай цела.

У новым семестры ўсе ўдзельнікі атрымаюць спецыяльны дзённік харчавання, у якім яны павінны будуць фіксаваць час, калі ядуць, колькасць і састаў ежы, падлічваць кілакалорыі і тлушчы і адказваць на простае пытанне «Навошта я ем?» Першы такі дзённік быў уручаны рэктару Міхаілу Батуру, які пагартаў яго і прызнаўся, што «знайшоў у ім шмат карысных ведаў, якіх раней не меў...»

Перад урачыстым мерапрыемствам усе студэнты БДУІР маглі паспрабаваць хуткарастваральныя вітамінныя комплексы «Вітус», атрымаць кансультацыі і ўзоры лекаў ад «Белмедпрэпаратаў» і сродкі гігіены рота — ад Клінікі эстэтычнай стаматалогіі, памераць ціск на стэндзе «Лекфарм». Каля кожнага стэнда можна было ўзяць буклеты з карыснай інфармацыяй аб лекавых сродках і метадах прафілактыкі захворванняў.

А напрыканцы мерапрыемства рэктар БДУІР Міхаіл Батура ўручыў прадстаўнікам факультэтаў кошыкі з прыгожымі, сакавітымі яблыкамі, якія сталі сімвалам праекта.

Фінальны этап мерапрыемства «Мой стыль жыцця сёння — маё здароўе і поспех заўтра» адбудзецца ў маі, калі ўдзельнікі пройдуць паўторнае паглыбленае медыцынскае абследаванне стану здароўя, а найлепшыя па выніках заняткаў атрымаюць сертыфікаты «Трэнер па пытаннях захавання і ўмацавання здароўя», якія даюць права навучаць асновам здаровага ладу аднагодкаў. Летась, дарэчы, такія сертыфікаты атрымалі 25 найлепшых старастаў груп.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Фота прадастаўлена прэс-службай БДУІР.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.