Вы тут

Гульня з кубінскім каларытам


Баскетбалісты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта здзейснілі сапраўдны прарыў. Каманда Дзмітрыя Навіцкага — адзіны аматарскі калектыў, які прабіўся ў другі этап чэмпіянату краіны і апярэдзіў у тым ліку зборныя астатніх універсітэтаў. Дасягаць самых значных вынікаў у гісторыі камандзе дапамагае кубінскі легіянер Дарал Эрнандас-Зіненка, які сваёй выніковасцю ўжо шакіраваў многіх сапернікаў.

[caption id="attachment_73323" align="alignnone" width="600"]26-191 Да­рал Эр­нан­дас-Зі­нен­ка за сваю кар'­е­ру па­спеў стаць чэм­пі­ё­нам Эк­ва­до­ра і згу­ляць за збор­ную Ку­бы. Хло­пец збі­ра­ец­ца пры­няць бе­ла­рус­кае гра­ма­дзян­ства і па­сту­піць у БДУ.[/caption]

Баскетбольная дружына БДУ — спартыўны флагман універсітэта. Гэта адзіная спартыўная каманда, якая прадстаўляе найстарэйшы ўніверсітэт краіны на рэспубліканскім узроўні. Пазалетась, дзякуючы падтрымцы тагачаснага першага прарэктара Белдзяржуніверсітэта Міхаіла Жураўкова, хлопцы дэбютавалі ў Міжнароднай студэнцкай баскетбольнай лізе. Гэтым разам баскетбольная федэрацыя прыняла ў Вышэйшую лігу адразу чатыры найлепшыя каманды першай лігі, у лік якіх аўтаматычна трапіў БДУ. Цяпер студэнты змагаюцца за выхад у плэй-оф спаборніцтваў. І гэта пры тым, што каманда — цалкам аматарская, баскетболам спартсмены грошы не зарабляюць.

— Мы атрымліваем фінансавую падтрымку толькі ад універсітэта. Грошы выдаткоўваюць на харчаванне і аплату праезду, — кажа галоўны трэнер каманды Дзмітрый Навіцкі. — Дапамагаюць, як могуць, але гэтага недастаткова для паўнавартаснага трэніровачнага працэсу. Падрыхтоўчага перыяду ў нас не было. Як даведаліся пра фармат новага чэмпіянату, хуценька пачалі камплектаваць каманду. І на выніках матчаў, у якіх мы саступілі саперніку два-тры балы, гэта таксама адбілася.

70-75 працэнтаў ад усяго складу каманды — нашы студэнты. За нас выступаюць яшчэ некалькі выпускнікоў БДУ. Большасць з баскетбалістаў гулялі на ўзроўні сярэдніх школ, ніхто ў спецыялізаваных секцыях, вучылішчах алімпійскага рэзерву не трэніраваўся. Яны паступілі ва ўніверсітэт, і мы пачалі праводзіць з імі паскораны курс «маладога байца». А з кубінцам нам паспрыялі «Цмокі», якія выступаюць у міжнароднай Адзінай лізе ВТБ. З іх спартыўным дырэктарам Ягорам Мешчараковым мы знаёмы даўно. Яму падабаецца наша каманда, і Ягор прапанаваў, каб за нас пагуляў Дарал. З яго прыходам палепшылася камандная выніковасць. Для нас ён стаў «камандаўтваральным» гульцом. На маю думку, нашым клубам наогул не хапае падобнага баскетбольнага кровазліцця. Ён — прадстаўнік зусім іншай баскетбольнай школы. Нашы гульцы пераймаюць вопыт Дарала, нечаму і ён у нас вучыцца.

[caption id="attachment_73321" align="alignnone" width="600"]26-18 БДУ зма­га­ец­ца за вы­хад у плэй-оф пер­шын­ства кра­і­ны.[/caption]

Баскетбаліст, што выступаў за нацыянальную зборную сваёй краіны, станавіўся чэмпіёнам Эквадора, — буйная знаходка для каманды, якая пакуль трымаецца на энтузіястах. Нядзіўна, што прадстаўнікі прафесійных клубаў ужо спрабавалі пераманіць хлопца з Вострава Свабоды.

— «Гродна-93» гатова была адразу забраць кубінца, — прызнаецца Дзмітрый Навіцкі. — Хацелі ўзяць яго на поўнае забеспячэнне, прапанавалі даволі добры, па беларускіх мерках, заробак. Але заўпарцілася... маці баскетбаліста і пераход сарваўся. Было вырашана, што гэты сезон ён дагуляе ў складзе нашай каманды.

Даралу Эрнандасу-Зіненку — 25 гадоў. Двайное прозвішча хлопца тлумачыцца вельмі проста. Бацька — з Кубы, маці — з Беларусі. Сам баскетбаліст нарадзіўся на «Востраве Свабоды». Гэтага высокага, як вежа, хлопца ў натоўпе моладзі заўважыш адразу, але лёгка зблытаеш з замежным навучэнцам. Між іншым, ён вучыўся на радзіме ва ўніверсітэце накшталт нашага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, але ўсё роўна збіраецца паступаць у БДУ.

— На Кубе даволі папулярныя валейбол, бейсбол і бокс, — пачынае размову Дарал. — А я ў дзяцінстве любіў гуляць у футбол. Але мае бацькі хацелі, каб я займаўся баскетболам. З шасці гадоў пачаў і працягваю дагэтуль.

Дарал па чарзе гуляў за «Капіталінас» з Гаваны, эквадорскія каманды «Маварт», з якой станавіўся чэмпіёнам краіны, і УТЭ. Кажа, што ўзровень баскетбола там добры, бо ў многіх камандах гуляюць амерыканцы. Праўда, заробак быў невялікі, і з Лацінскай Амерыкі ён вырашыў пераехаць на радзіму маці.

— Мне падабаецца беларускі баскетбол, — прызнаецца Эрнандас-Зіненка. — У вас усе каманды імкнуцца гуляць тэхнічна, а на Кубе робяць стаўку на атлетызм гульцоў. Чэмпіянат тут таксама нядрэнны. Я ўжо пасябраваў з хлопцамі па камандзе, а на ўсе мае матчы прыходзіць мая маці. Яна вельмі перажывае за мяне. Можа нават накрычаць, калі гуляю дрэнна.

У найбліжэйшы час Дарал збіраецца атрымаць беларускае грамадзянства, вывучыць мову і працягваць займацца любімай справай — гуляць у баскетбол. Паказчыкі ў яго даволі нядрэнныя і яшчэ невядома, у якой камандзе ён распачне наступны сезон. Безумоўна, Дзмітрый Навіцкі хоча, каб такі таленавіты баскетбаліст як мага даўжэй гуляў за БДУ. Аднак дзеля гэтага патрэбна дадатковая грашовая падтрымка, каб хлопцу, як і астатнім гульцам, можна было плаціць заробак. Менавіта фінансавы складнік павінен стаць галоўным узмацненнем каманды. Ва ўсім Савецкім Саюзе Мінскі радыётэхнічны інстытут ведалі ў тым ліку дзякуючы яго баскетбольнай камандзе. Чаму б і камандзе БДУ таксама не стаць баскетбольным брэндам універсітэта?

Тарас ШЧЫРЫ.

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».