Вы тут

"Лепшыя сябры" гумару


Класічны КВЗ у новай апрацоўцы

Адзін з самых яскравых успамінаў пачатку 2000-х для многіх беларусаў — выступленні айчынных каманд КВЗ у Вышэйшай лізе. Двойчы чэмпіён зборная БДУ, фіналіст «ЧП»... Іх жарты ішлі, што называецца, «у народ» і станавіліся крылатымі. З цягам часу змяняўся сам Клуб вясёлых і знаходлівых, змяняліся і тэмы жартаў. Яшчэ дзве каманды з Беларусі выступалі ў «вышцы», але асаблівага поспеху там не здабылі. І вось цяпер — новая спроба. Сёлета нашу краіну ў прэстыжным спаборніцтве КВЗ прадставіць каманда «Лепшыя сябры» з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Карэспандэнты «Чырвонкі» завіталі на адну з рэпетыцый каманды і пагутарылі з яе ўдзельнікамі пра сучасны КВЗ, шлях каманды да Вышэйшай лігі і шанцы ў сезоне.

26-17

Актавая зала БДПУ. Менавіта тут праводзяць свае «трэніроўкі» прадстаўнікі Беларусі ў Вышэйшай лізе КВЗ. Галоўныя героі знаходзяцца ў творчай мітусні: праганяюць ужо гатовыя мініяцюры, генерыруюць жарты, проста назіраюць за сябрамі па камандзе. Побач сапраўдная кравецкая майстэрня — з хлопцаў здымаюць меркі для пашыву касцюмаў. Запомніцца гледачам трэба не толькі жартамі, але і знешнім выглядам.

На размову з намі пагаджаюцца два ўдзельнікі каманды: капітан «Лепшых сяброў» і адначасова мастацкі кіраўнік студэнцкага клуба «Юнацтва» Аляксандр КАМАРОЎСКІ і педагог дадатковай адукацыі Уладзімір ВАРАБЕЙ.

— Што з сябе ўяўляюць «Лепшыя сябры»?

А.К.: — Трэба сказаць, што ў БДПУ ўвогуле багатая гісторыя руху КВЗ, тут заўжды было шмат каманд. Напрыклад, удзельнікамі таго ж «ЧП» былі некалькі студэнтаў нашага ўніверсітэта. Пасля ўтварыліся каманды «Справа №» і «Розныя людзі». Менавіта іх і можна назваць заснавальнікамі КВЗ-руху ў БДПУ. Прадстаўнікі больш маладога пакалення ў 2007 годзе стварылі сваю каманду з простай назвай «Зборная БДПУ». У свой час яна дасягнула даволі значных вынікаў і, узяўшы перапынак, адкрыла новую старонку ў сваёй гісторыі ўжо пад назвай «Лепшыя сябры». Склад удзельнікаў у большай ступені не змяніўся, і вось сёлета, дзякуючы досведу і фартуне, «Лепшыя сябры» ўпершыню выступяць у Вышэйшай лізе КВЗ.

— Адкуль такая назва?

А.К.: — Бо так і ёсць: удзельнікі каманды — сапраўды найлепшыя сябры па жыцці, па працы, па адпачынку. Прасцей кажучы, па ўсім.

У.В.: — Усе ўдзельнікі нашай каманды працуюць у дзіцячым летніку «Спадарожнік» пад Мінскам у складзе педагагічнага атрада «Ветразь». Тры хлопцы выступалі на важацкім канцэрце з песняй, і арганізатары запыталіся, як іх аб'яўляць. Яны з ходу адказалі, што «Лепшыя сябры». З таго моманту ўсё і закруцілася.

— Колькі людзей гуляюць у складзе каманды і хто яны?

А.К.: — Шчыра кажучы, мы самі гэтага дакладна не ведаем (смяецца). Колькасць удзельнікаў вагаецца ад дзевяці да пятнаццаці чалавек. Гэта і тыя, хто непасрэдна выходзіць на сцэну, і тыя, хто дапамагае ім. Якраз нядаўна дабралі ў каманду некалькі ўдзельнікаў, правялі, так бы мовіць, трансферную кампанію. Узялі тых, хто, як нам падаецца, таксама ўжо заслужыў пагуляць на высокім узроўні.

У.В.: — На жаль, у нас у камандзе няма дзяўчат. Дарэчы, калі ў каго-небудзь ёсць жаданне, калі ласка, запрашаем да нас на «кастынг».

[caption id="attachment_73296" align="alignnone" width="600"]26-14 Генерыраваць жарты - праца нялёгкая![/caption]

— Чаго каманда дамаглася за гэты час, акрамя выхаду ў Вышэйшую лігу?

А.К.: — З афіцыйных дасягненняў на турнірах пад эгідай «АМіК» («Аляксандр Маслякоў і Кампанія») — толькі чэмпіёнства Лігі Палесся ў 2013-м. А ўвогуле «Зборная БДПУ» (яна ж — «Лепшыя сябры») — гэта яшчэ і фіналіст Першай лігі Міжнароднага саюза КВЗ — 2011, двойчы чэмпіён Мінскай прэм'ер-лігі, уладальнік Кубка Чэмпіёнаў Рэспублікі Беларусь — 2013. Летась мы гулялі ў Цэнтральнай міжнароднай лізе КВЗ, дзе дайшлі да паўфіналу.

— Раскажыце падрабязней пра Сочынскі фестываль, які склаўся для вас трыумфальна...

У.В.: — Трэба зазначыць, што для Сашы гэта быў юбілейны, дзясяты, фестываль. Сёлета нашаму капітану споўніцца 30 гадоў.

А.К.: — Сістэма зімняга фестывалю нагадвае сіта. У Сочы прыязджаюць больш за 400 каманд, усе выступаюць перад вялікай колькасцю рэдактараў і астатнімі камандамі. Пасля гэтага з іх выбіраюць каля сотні найлепшых. «Найлепшыя», зразумела, паняцце адноснае, бо гэта не спорт. Усё вырашае густ рэдактараў. Выступленні адабраных каманд праглядаюць ужо Аляксандр Васільевіч і Аляксандр Аляксандравіч Масляковы, таксама з рэдактарамі. Усё робіцца ў некалькі этапаў, пакуль не застанецца 17 каманд. Яны і прымаюць удзел у Вышэйшай лізе разам з трыма камандамі, якія добра выступілі ў мінулым сезоне.

— Якія былі ўражанні, калі даведаліся, што трапілі ў «вышку»? Ці стала гэта для вас нечаканасцю?

А.К.: — Была, вядома, радасць, якая перарасла ў разуменне: нешта сур'ёзнае мы зробім, калі па-сапраўднаму замацуемся ў Вышэйшай лізе і правядзём там некалькі гульняў. А пакуль што — гэта ўсяго толькі ўдзел, хоць і яго з беларусаў дамагаліся нямногія.

У.В.: — Частка каманды не паехала на Сочынскі фестываль, засталася ў Мінску. Як толькі хлопцы напісалі ў суполцы, што мы прайшлі, асабіста я танчыў хвілін пятнаццаць, радаваўся. Родныя думалі, што я звар'яцеў. Потым сустрэліся з астатнімі, абдымаліся, адзначалі. Насамрэч, для нас гэтая падзея была нечым накшталт перамогі футбольнага БАТЭ над «Баварыяй» у Лізе чэмпіёнаў. Можа, сакрэт поспеху ў тым, што наш капітан гэтага вельмі моцна хацеў (смяецца).

— А наколькі моцнае ў капітана жаданне годна выступіць у Вышэйшай лізе КВЗ?

А.К.: — Неверагодна моцнае. Шчыра кажучы, мы хочам у першым жа сезоне стаць чэмпіёнамі.

— Сучасны КВЗ вылучаецца тым, што ў кожнай каманды ёсць нейкая свая «фішка». Тое, на чым будуецца імідж каманды, яе вобраз. Ці ёсць нешта падобнае ў вас?

У.В.: Аляксандр Аляксандравіч Маслякоў сказаў, што яму падабаецца наша «олдскульнасць», прыхільнасць да «старой школы». А Аляксандр Васільевіч назваў выступленне каманды «класічным КВЗ у новай апрацоўцы». Я думаю, адсутнасць «фішкі» — не праблема, а наш стыль. Мы спрабуем рабіць усё, як у класічным КВЗ, толькі абнаўляем падачу жартаў.

— Ці натхняецеся вы выступленнямі іншых каманд?

А.К.: — Самі мы, я думаю, ні да каго не падобныя. Ці так гэта, даведаемся толькі пасля першай гульні.

[caption id="attachment_73298" align="alignnone" width="600"]26-16 У перапынках паміж трэніроўкамі з хлапцоў здымаюць меркі для пашыву касцюмаў. На фота капітан "Лепшых сяброў" Аляксандр Камароўскі.[/caption]

— Кажуць, КВЗ вымагае ад каманд немалых грашовых унёскаў. Як гэтае пытанне вырашаеце вы?

А.К.: — Вядома, пэўныя сродкі для нармальнага існавання каманды патрэбныя. Але ў нас з гэтым праблем няма. «Лепшым сябрам» пашанцавала — мы заўжды пазіцыянавалі сябе як зборную каманду БДПУ, ёй мы па сутнасці і з'яўляемся. Рэктарат універсітэта прыхільна ставіцца да нашага захаплення, падтрымлівае маральна і матэрыяльна: выдзяляе сродкі на касцюмы, дапамагае шукаць і аплачвае пражыванне на час спаборніцтваў. Мы вельмі ўдзячныя ўніверсітэту за гэта і ўвогуле лічым, што пачуццё гумару — абавязковая рыса для педагога, а такая гульня, як КВЗ, яго добра выхоўвае.

У.В.: — Увогуле, БДПУ, на маю думку, дае вялікія магчымасці для развіцця не толькі ў прафесійным кірунку, і гэта вельмі добра. У нас магутная міжфакультэцкая ліга КВЗ, шмат іншых студэнцкіх рухаў.

— Цяпер нярэдка можна пачуць меркаванне, што «КВЗ ужо не той». Ці падзяляеце вы такі пункт гледжання?

У.В.: — Я — дакладна падзяляю. Толькі ў пазітыўным, а не ў негатыўным сэнсе. КВЗ год ад году становіцца ўсё лепшым. Вось і сёлетні сезон быў аб'яўлены сезонам моладзі, чакаецца новая хваля незвычайнага, цікавага, сучаснага гумару. Проста кожны глядзіць КВЗ па-свойму: нехта любіць танцы, нехта — песні, нехта — жарты... Магчыма, камусьці і падаецца, што тое, што яго цікавіла, цяпер стала горшым. У любым выпадку нельга параўноўваць стары і сучасны КВЗ. Гэта як развіццё мабільнай тэлефаніі: тое, што дзесяць гадоў таму падавалася цудам, цяпер ужо безнадзейна састарэла.

А.К.: — Зараз, калі пераглядаю запісы эфіраў КВЗ канца 1990-х, у галаве круціцца думка: «Я такіх жартаў на цэлую гульню за гадзіну напішу». Такі гумар ствараецца вельмі лёгка — усе гэтыя каламбуры, іншыя хады. Сёння прыдумляць жарты вельмі цяжка, бо столькі тэм ужо абыграна з самых розных бакоў. Я думаю, што калі б сучасныя жарты КВЗ паказалі гледачам 90-х, яны былі б уражаныя іх цяжкасцю і інтэлектуальнасцю. Можа быць, у той час людзі проста былі не настолькі разбэшчаныя самымі рознымі камедыйнымі жанрамі, таму з такой любоўю і глядзелі КВЗ... Зноў-такі, па-мойму, якасць і вартасць сучаснага гумару ў КВЗ на высокім узроўні: узяць тыя ж каманды «Саюз» ці «Вятка» — гэта вельмі востры сацыяльны і палітычны гумар.

— Для многіх КВЗ становіцца шляхам у вялікую будучыню: былыя ўдзельнікі працуюць на тэлебачанні, у кіно... Ці шукаеце вы для сябе падобны шлях?

А.К.: — Такія думкі, напэўна, прыходзяць калі-небудзь да кожнага. Але ў нас яны адразу знікаюць, бо мы заўсёды працуем па прынцыпе step-by-step (крок за крокам — Аўт.). На дадзеным этапе галоўнае — годна выступаць. Ужо потым можна будзе думаць пра нешта іншае.

У.В.: — Сапраўды, зараз мы атрымліваем задавальненне ад усяго, што робім. Нават не ад выхаду на сцэну і выступлення, а ўвогуле ад усяго, што звязана з КВЗ: ад рэпетыцый, прыдумвання жартаў, ад такога жыцця. На пабудову нейкіх планаў на будучыню часу мала.

— Ці можа, на вашу думку, КВЗ стаць паўнавартаснай прафесіяй?

А.К.: — Насамрэч, гэта ўжо прафесія і ёй шмат гадоў. Бо сама гульня патрабуе наяўнасці рэдактараў, вядучых і многіх іншых, хто будзе ёй займацца. Дарэчы, мне некалі давялося на працягу года весці гульні КВЗ у школе для дзяцей, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Займаўся з юнакамі, якія маюць праблемы з сацыялізацыяй, дапамагаў ім засвоіць сцэнічнае майстэрства, вучыў размаўляць. У выніку іх каманда ўзяла трэцяе месца на сталічных спаборніцтвах. Зноў-такі, найлепшыя вядучыя на вяселлях — з КВЗ, бо яны ўмеюць імправізаваць. Яны ж займаюцца напісаннем сцэнарыяў для серыялаў і камедый. Таму гэта ўжо прафесія, хоць афіцыйна такой і не лічыцца.

[caption id="attachment_73297" align="alignnone" width="600"]26-15 Для імправізацыі падыходзіць любы рэквізіт, які выпадкова можна знайсці за кулісамі![/caption]

— Ці ёсць у вашай камандзе спецыялісты па розных тэмах: па музыцы, кіно і гэтак далей?

А.К.: — У асноўным усе мы ўніверсалы. Але ёсць у нас і адзін агульны мінус, наша слабое месца — спевы. Мы ўсе вельмі дрэнна спяваем.

У.В.: — Хаця, можа, гэта і не так страшна. Тыя ж хлопцы з «Дэтэктыўнага агенцтва «Месячнае святло» (каманда, якая складаецца ўсяго з двух чалавек. — Аўт.) маюць аналагічную праблему, але знаходзяць выйсце. Летась яны дайшлі да фіналу Вышэйшай лігі. Дарэчы, першую сваю гульню мы праводзім якраз з імі.

— А што цікавіць удзельнікаў «Лепшых сяброў» акрамя КВЗ?

А.К.: — Па-першае, у большасці з нас ёсць асабістае жыццё (смяецца). Таму хлопцы стараюцца як мага болей вольнага часу прысвячаць сваім каханым. Астатняе — гэта агульнае развіццё, праца. Акрамя таго, усе мы педагогі, і гэта не пусты гук. Тры летнія месяцы мы традыцыйна праводзім у летніку, пра які ўжо казалі. Хапае іншых універсітэцкіх мерапрыемстваў, там таксама вельмі цікава бавіць свой час.

У.В.: — На мой погляд, наша каманда самая сяброўская, мы ў вельмі добрых стасунках з нашымі, калі можна так сказаць, калегамі. І гэта сапраўднае, шчырае сяброўства, а не «паказуха». Са «Зборнай БДУ» мы заўжды разам: нашы хлопцы дапамагалі ім у мінулым сезоне, яны таксама часта падтрымліваюць нас. Менавіта таму наша хобі, наша назва і наша жыццёвае крэда — лепшыя сябры.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

Фота Надзеі БУЖАН.

Жарты ад каманды КВЗ «Лепшыя сябры»

Хлопец расстаецца з дзяўчынай з дапамогай СМС:

— «Дарагая... Нам трэба з табой разысціся... Справа не ў табе... Справа ўва мне...» Блін! Дзве СМС! Тады так: «Справа ў табе!»

***

Інтэрв'ю з касманаўтамі, якія два гады не былі на Зямлі.

— Хлопцы, вы так доўга былі ў космасе. Можа, раскажаце які-небудзь сакрэцік, які там здарыўся?

— Усё, што было ў космасе, застаецца ў космасе...

***

Пасля пакарання смерцю і падчас Лігі чэмпіёнаў:

— Ё-маё, шэсць галоў...

***

Два бацькі ў дзіцячым садку і дзяўчыны глядзяць футбол:

— Слухай, а дзе нашы?

Найлепшыя дасягненні беларускіх каманд у Вышэйшай лізе КВЗ:

БДУ — чэмпіёны 1999 і 2001 гадоў.

«ЧП» — фіналісты 2005 года.

«Мінскае мора» — чвэрцьфіналісты 2011 года.

«Зборная БДУ» — удзельнікі 1/8 2013 года.

Каманда КВЗ БПІ (Беларускага політэхнічнага інстытута, цяпер БНТУ) была чэмпіёнам Клуба вясёлых і знаходлівых у сезоне 1970/71 гадоў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.