Вы тут

Ёсць такая прафесія — прыроду берагчы, або Працоўныя будні, што нагадваюць дэтэктыў


...Бярэзіна заўжды славілася сваімі краявідамі. Якраз у такім маляўнічым кутку — на ўзбярэжжы ракі на вуліцы Берагавой — знаходзіцца будынак Бабруйскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Вядома, месца выбрана не з эстэтычнай прычыны: летам на невялічкай прыстані стаяць катары, якімі карыстаюцца супрацоўнікі.

26-3

— Сам я хлопец вясковы, дзяцінства прайшло ў вёсцы Міхалёва пад Бабруйскам. Пэўна, гэта і абумовіла маё захапленне прыродай і маю будучыню, — узгадвае дзяржаўны інспектар Ілья Дудаль. — З шостага класа я марыў аб вучобе па спецыяльнасці «геаэкалогія» на геафаку БДУ. У 2006 годзе мара спраўдзілася — я паступіў на першы курс. Адначасова навучаўся на ваеннай кафедры, бо хацеў прайсці добрую «вайсковую школу». А ў 2009-м пайшоў паралельна атрымліваць другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «юрыст-прававед» у БДЭУ. Абавязкова хацеў мець дзве «вышэйшыя»: адну па гуманітарнай спецыяльнасці, а другую — больш «жыццёвую». А яшчэ, пачынаючы з першага курса, мяне чакала ў Мінску будучая жонка. На пятым курсе я стаў бацькам. Таму прыходзілася ўсё рабіць як мага хутчэй.

Сваім размеркаваннем ён заняўся загадзя: склаў рэзюмэ і разаслаў яго ў некалькі экалагічных, картаграфічных і юрыдычных арганізацый Магілёўскай вобласці. Жыццё ў Мінску не вабіла: ён адэкватна ацэньваў свае фінансавыя магчымасці. Найбольш удалым хлопцу падаўся варыянт з Бялыніцкай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету. Добра зарэкамендаваўшы сябе яшчэ падчас вучобы, Ілья паступіў на працу ў ліпені 2011 года. Праз год на зборах маладога інспектара заўважыў начальнік Бабруйскай міжрайінспекцыі Валерый Глушко, якому хлопец цяпер вельмі ўдзячны. У той час там якраз з'явілася працоўнае месца: штат інспекцыі павялічылі з трох да чатырох чалавек. І Глушко прапанаваў гэтае месца ўраджэнцу Бабруйшчыны. Той адразу ж згадзіўся, каб быць бліжэй да бацькоў. З таго часу Ілья паспеў адпрацаваць сваё размеркаванне і ўжо амаль два гады пасля яго жыве тут.

26-5

Заўважыўшы стос папер на стале, пытаемся, якой працы ў інспектара больш: аператыўнай ці папяровай. Ілья кажа, што апошняй даволі шмат, але яму, як маладому супрацоўніку, дазваляюць больш працаваць «у полі». З паперамі звычайна разбіраюцца больш вопытныя, дасведчаныя калегі хлопца, хаця і ён не вызвалены ад іх.

У сферу адказнасці міжраённай інспекцыі ўваходзяць тры раёны: Бабруйскі, Кіраўскі і Клічаўскі. На тэрыторыі апошняга знаходзіцца гідралагічны заказнік «Выспы Дулебы». Ёсць насаджэнні каштоўных парод драўніны ў Кіраўскім раёне (так званы ўчастак лесу «Чыгірынскі»), там растуць рэдкія для Беларусі сасна Мурэя і дугласія (Дугласава піхта). Гэтыя два віды былі прывезены з Паўночнай Амерыкі і пасаджаны тут напрыканцы XІX стагоддзя. На падведамаснай тэрыторыі шмат водаахоўных зон. Здараюцца і камандзіроўкі на дзяжурства ў іншыя раёны, таму на адсутнасць працы Ілья не скардзіцца.

Разам з жонкай і дзвюма дочкамі (у свае 25 гадоў хлопец ужо двойчы бацька) Ілья жыве ў інтэрнаце, дзе маладой сям'і выдзелілі ўвесь двухпакаёвы блок. Але ён марыць пра ўласнае жыллё, хоча пабудаваць загарадны дом. Заробак у інспекцыі, паводле слоў Ільі, «годны» — ад 6 да 7 мільёнаў у месяц. Сыходзячы ў штогадовы адпачынак, супрацоўнікі атрымліваюць нядрэнныя сродкі на аздараўленне: у мінулы раз інспектару выплацілі 21 мільён рублёў.

...Атрымаўшы агульнае ўражанне аб працы інспектара, выпраўляемся назіраць за ёй, як кажуць, «на свае вочы». Службовы транспарт — славуты УАЗ-452, што ў народзе завецца «буханкай». Між іншым, год выпуску машыны — 2014-ы. Шчыра здзіўляемся, што іх яшчэ выпускаюць. Паводле слоў супрацоўнікаў інспекцыі, лепшага транспарту для іх працы не знайсці — высокая праходнасць, поўны прывад, вялікі кузаў... Працягваем размову ўжо ў дарозе.

— Сам я не рыбак і не паляўнічы, — усміхаецца Ілья. — Цягу да рыбалкі ў мяне «адбіў» бацька яшчэ ў дзяцінстве. Увесь час браў з сабой на ноч: мяне там елі камары, нічога не лавілася. Увогуле, лічу, што калі бацькі навязваюць нешта сваім дзецям, нічога з гэтага не атрымаецца. Паляванне таксама не люблю. У мяне іншыя цікавасці, напрыклад, спорт. Маю карычневы пояс па каратэ, з калегамі ходзім у трэнажорную залу. Займаемся самаабаронай без зброі, бо гэта, лічыце, прафесійны навык. Адзін з калег — майстар спорту па самба і дзюдо. Яшчэ іграю на гітары, праўда, сам песні не пішу.

26-4

...Па дарозе Ілья расказвае пра найбольш частыя парушэнні, з якімі сутыкаецца на практыцы. Бабруйскі лес славіцца сваёй якасцю, а таму знаходзяцца і тыя, хто хоча пагрэць на гэтым рукі. Наяўнасць такой ракі, як Бярэзіна, таксама накладае свой адбітак: на пошук сетак, пастаўленых браканьерамі, затрачваецца шмат працоўнага часу. Нацягваюць іх нават зімой — карыстаюцца радыёкіраванай «тарпедай», якую спускаюць пад лёд праз высвідраваную лунку.

— На шчасце, за час працы табельную зброю прымяняць мне не даводзілася, — распавядае Ілья. — У чым майстэрства інспектара? Не ўступаць у адкрытую канфрантацыю з парушальнікам, а зрабіць усё акуратна.

...Пад гэтыя словы машына спыняецца на ўзбярэжжы Бярэзіны на так званым Белым беразе — папулярным у мясцовых жыхароў месцы адпачынку. Ілья Дудаль накіроўваецца да двух рыбакоў, якія займаюцца зімовай рыбалкай. Адразу кажа, што наўрад ці яны робяць нешта незаконнае — браканьеры на рэках збольшага «працуюць» ноччу, калі нічога не відаць. Пакуль перасякаем раку па лёдзе, распытваем у хлопца, ці баіцца ён за сваё жыццё, займаючыся даволі небяспечнай працай.

— Страх у мяне знік пасля аднаго выпадку пад Бялынічамі, — кажа Ілья. — Браканьеры на кані перавозілі лодку і сеткі, я за імі доўга назіраў. Раптам яны накіраваліся не туды, куды, на маю думку, павінны былі, і мне прыйшлося кіламетраў пяць бегчы за імі. Нарэшце дагнаў, але паступіў няправільна — ускочыў на воз і пачаў сцягваць аднаго з браканьераў на зямлю. Яны разам скінулі мяне. З таго часу я зразумеў, што ўсё трэба рабіць, што называецца, «з галавой»...

Як і чакалася, ніякіх сетак рыбаловы на Белым беразе не ставілі — лавілі пры дапамозе жэрліц. Але флажкі, якія сігналізуюць пра паклёўку, не падпісалі, хоць гэтага вымагаюць правілы. Нагадаўшы, што маркеры трэба падпісваць, Ілья накіроўваецца назад да машыны...

— Аднойчы ад егера паступіла паведамленне, што ў зоне, дзе паляванне забаронена, заўважылі машыну. Мы прыехалі — і сапраўды: машына стаіць ў глушы лесу, быццам бы схаваная. Вырашылі рабіць засаду. Пяць гадзін чакалі на марозе, ледзь вытрывалі. І вось выходзяць з лесу нашы «браканьеры»... з вудамі! Аказалася: яны не з мясцовых, ехалі па навігатары і бартавы камп'ютар падказаў ім, што адсюль бліжэй да вадаёма, хоць насамрэч да возера там далёка. Ці яшчэ быў выпадак: чакаў браканьераў у засадзе каля забітага лася. Не прыйшлі. Справа была каля могілак, а я напярэдадні якраз «Бітву экстрасэнсаў» па тэлебачанні з жонкай глядзеў. Нацярпеўся! — дзеліцца інспектар.

...Наша «буханка» чарговы раз спыняецца ў лясной глушы. Ілья разглядае свежыя сляды аўтамабіля, што рухаўся ў бок дзялянкі. Раптам непадалёк з'яўляецца «легкавушка», якая таксама накіроўваецца ў лес. Інспектар спыняе яе, размаўляе з кіроўцам, просіць паказаць багажнік. Аказваецца, што той — тутэйшы ляснік, які вяртаецца дадому. Завязваецца прафесійная размова пра апошнія навіны і праблемы лясніцтва. Сапраўднае лясное брацтва!..

— Самая важная якасць любога чалавека, які хоча працаваць у інспекцыі, — гэта шчырая, сапраўдная любоў да прыроды, — лічыць Ілья. — Мне пашанцавала: я з дзяцінства марыў пра такую работу, і мая мара здзейснілася...

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

Мінск — Бабруйскі раён — Мінск.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».