Вы тут

Замест працы — у суд?


Да абавязковай адпрацоўкі выпускнікоў-«бюджэтнікаў» у грамадстве ставяцца па-рознаму. Адны падтрымліваюць размеркаванне, бо самастойна знайсці першае працоўнае месца не заўсёды лёгка. Другія перакананы, што яно парушае правы чалавека, бо выпускніка супраць яго волі могуць накіраваць у правінцыю або на прадпрыемства з мізэрнай зарплатай. Трэція прытрымліваюцца «залатой сярэдзіны» і лічаць, што варта замяніць абавязковае размеркаванне неабавязковым, а праблему недахопу кадраў у рэгіёнах вырашаць з дапамогай мэтавай падрыхтоўкі. Адным словам, «правілы гульні», прапанаваныя дзяржавай, як бачым, задавальняюць не ўсіх. Аб гэтым сведчыць і тое, што не кожны малады спецыяліст сёння даязджае да месца размеркавання. Што пагражае такім выпускнікам-«ухілістам»? Як размеркавацца туды, куды хочацца? Ці можна студэнту-«бюджэтніку» законным шляхам пазбегнуць абавязковай адпрацоўкі і атрымаць «свабодны дыплом»? У гэтых і іншых пытаннях, якія хвалююць студэнтаў і іх бацькоў, нам дапамагла разабрацца суддзя Вярхоўнага Суда Ксенія КЕНІК.

26-13

26-13

 

— Ксенія Іванаўна, што пагражае маладому спецыялісту, калі ён не адпрацуе сваё размеркаванне?

— Павінен будзе вярнуць грошы, якія дзяржава затраціла на яго падрыхтоўку. Дарэчы, выпускнік мае права адмовіцца ад працы па размеркаванні і добраахвотна кампенсаваць тую суму. Але ў пэўных выпадках маладым спецыялістам, якія не адпрацавалі ўстаноўлены тэрмін, дазваляецца не вяртаць грошы за навучанне. Да іх, у прыватнасці, адносяцца дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў, інваліды першай або другой групы, а таксама выпускнікі, якія маюць медыцынскія супрацьпаказанні да працы па атрыманай спецыяльнасці (калі немагчыма прадаставіць новае месца з улікам стану іх здароўя) і іншыя. У льготную катэгорыю трапляюць таксама дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, ва ўзросце ад 18 да 23 гадоў.

— Атрымліваецца, што тыя сіроты, якія паступаюць ва ўніверсітэты пасля сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і заканчваюць вучыцца, напрыклад, у 24-25 гадоў, пазбаўляюцца льготы і павінны на роўных з усімі кампенсаваць выдаткі за навучанне?

— Так.

— Некаторыя ўчарашнія студэнты ўмудраюцца нават камісію абвесці вакол пальца: прыносяць персанальную заяўку ад «дружалюбнай арганізацыі», якая насамрэч у іх паслугах не мае патрэбы... А ці ёсць законныя спосабы пазбегнуць размеркавання?

— Многія выбіраюць сваё будучае месца працы яшчэ падчас студэнцкай практыкі. А потым просяць наймальніка даць персанальную заяўку: маўляў, просім вас накіраваць, умоўна кажучы, выпускніцу Іванову да нас на пасаду тэхнолага. Гэта законны спосаб размеркавацца туды, куды хочацца. Некаторыя студэнты атрымліваюць «свабодны дыплом», бо трапляюць у адну з ільготных катэгорый. Так, права самастойна працаўладкавацца маюць выпускнікі, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, у якіх адзін з бацькоў або муж (жонка) — інваліды першай ці другой групы і іншыя. У тэрмін абавязковай працы па размеркаванні па жаданні маладога спецыяліста таксама залічваецца служба ў арміі пасля заканчэння ВНУ.

— Ці абавязаны адпрацоўваць па размеркаванні выпускнік, які скончыў сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову і ў той жа год паступіў у ВНУ?

— Прывяду канкрэтны прыклад. Малады чалавек (далей — Ж.) у чэрвені 2012 года скончыў прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці. Яго размеркавалі ў «Пінсксаўгасбуд ПМК №14», дзе ён павінен быў адпрацаваць адзін год. Аднак на працу Ж. не з'явіўся, паколькі 6 жніўня быў залічаны на першы курс БНТУ на платнай аснове. Ліцэй звярнуўся ў суд з іскам, каб спагнаць з выпускніка-«ўхіліста» грошы, выдаткаваныя на яго навучанне. У адпаведнасці з заканадаўствам, ад абавязковай адпрацоўкі вызваляюцца выпускнікі, якія ў год атрымання прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі паступілі ва ўстановы адукацыі больш высокага ўзроўню на дзённую форму навучання за кошт сродкаў бюджэту. У нашай жа сітуацыі малады чалавек паступіў у ВНУ на платнай аснове. Таму суд задаволіў патрабаванні ліцэя і абавязаў Ж. вярнуць грошы, якія дзяржава выдаткавала на яго падрыхтоўку.

— Як вылічваецца сума, якую павінен кампенсаваць малады спецыяліст?

— Механізм разлікаў урэгуляваны Палажэннем аб парадку кампенсацыі ў рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі, спецыяліста, рабочага, служачага. Сярэднямесячны кошт падрыхтоўкі аднаго навучэнца за ўвесь перыяд навучання памнажаецца на карэктуючы каэфіцыент і колькасць поўных месяцаў падрыхтоўкі. Атрыманая лічба дзеліцца на колькасць месяцаў у залежнасці ад устаноўленага тэрміну абавязковай адпрацоўкі і памнажаецца на колькасць неадпрацаваных поўных месяцаў. Карэктуючы каэфіцыент вылічваецца шляхам дзялення сярэднямесячнага кошту падрыхтоўкі аднаго навучэнца ў апошні каляндарны год падрыхтоўкі на сярэднямесячны кошт падрыхтоўкі аднаго навучэнца за ўвесь перыяд падрыхтоўкі.

— Як вызначаецца памер кампенсацыі, калі малады спецыяліст адпрацаваў толькі частку тэрміну размеркавання (напрыклад некалькі месяцаў) і звольніўся?

— У гэтым выпадку грошы спаганяюцца прапарцыянальна неадпрацаванаму тэрміну.

— Ці мае значэнне пры вылічэнні сумы, што падлягае спагнанню, тое, што малады спецыяліст працаваў не на стаўку, а на паўтары стаўкі?

— Не, не мае. Тэрмін абавязковай адпрацоўкі вылічваецца каляндарнымі гадамі.

— Ці маюцца законныя шляхі пазбегнуць выплаты кампенсацыі?

— Сумленна адпрацаваць па размеркаванні ўвесь тэрмін — вось самы законны шлях. Акрамя таго, маладыя спецыялісты вызваляюцца ад выплаты кампенсацыі, калі працоўны дагавор (кантракт) з імі скасаваны ў сувязі з ліквідацыяй арганізацыі, скарачэннем колькасці або штату работнікаў; парушэннем наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага або працоўнага дагавора; неадпаведнасцю займаемай пасадзе або выконваемай працы з прычыны стану здароўя, які перашкаджае працаваць; няяўкай на працу больш за чатыры месяцы запар з прычыны часовай непрацаздольнасці; абставінамі, якія не залежаць ад волі бакоў. Таксама яны могуць быць звольнены ў парадку пераводу да іншага наймальніка. Калі ж прадпрыемства прыме на працу выпускніка без адпаведных дакументаў або звольніць яго без важкай на тое прычыны, то яно абавязана вярнуць у бюджэт сродкі, затрачаныя на яго навучанне.

— Якія шанцы ў маладога спецыяліста пераразмеркавацца, калі ёсць запрашэнне на новае месца працы? І што рабіць, калі наймальнік, у якога працуе выпускнік, не адпускае?

— Пераразмяркоўваць маладых спецыялістаў дазваляецца толькі ў выпадках, устаноўленых артыкулам 85 Кодэкса аб адукацыі. Да іх, у прыватнасці, адносяцца адмова наймальніка ў прыёме на працу выпускніка, накіраванага ў адпаведнасці з заяўкай гэтага наймальніка або дагаворам аб падрыхтоўцы спецыяліста; немагчымасць прадастаўлення работы па спецыяльнасці і кваліфікацыі па заканчэнні ваеннай службы па прызыве пры жаданні выпускніка працаваць па размеркаванні і інш. Больш за тое, пераразмеркаванне магчыма толькі пры згодзе абодвух наймальнікаў — не толькі таго, які запрашае маладога спецыяліста, але і таго, да якога ён быў першапачаткова размеркаваны.

— Якія тэрміны даюцца, каб пагасіць запазычанасць? Пра якія сумы ідзе гаворка?

— Рашэнне аб кампенсацыі затрачаных сродкаў афармляецца загадам кіраўніка ўстановы адукацыі. Копія загаду і разлік сумы, якая падлягае спагнанню ў бюджэт, накіроўваюцца выпускніку. Пры гэтым у паведамленні ўказваецца, што грошы неабходна вярнуць на працягу шасці месяцаў. Праз паўгода, калі малады спецыяліст добраахвотна не разлічыўся з альма-матар, апошняя мае права звяртацца ў суд з іскам. Што тычыцца сумы, то, паверце, яна немаленькая. Варта мець на ўвазе, што кампенсацыя ў выпадку неадпрацоўкі ў разы перавышае тыя сродкі, якія студэнт аддаў бы за платнае навучанне.

— Ці шмат спраў паступае ў суды аб спагнанні сродкаў, затрачаных на навучанне? Якія асноўныя прычыны ўхілення ад размеркавання?

— Суды разглядаюць значную колькасць спраў па ісках устаноў адукацыі да маладых спецыялістаў. Прычыны, па якіх адмаўляюцца працаваць па размеркаванні, розныя. Многія спасылаюцца на тое, што наймальнік не прадаставіў працу па атрыманай спецыяльнасці, на адсутнасць службовага жылля, невысокі заробак. Разам з тым, іх аргументы нярэдка прызнаюцца неабгрунтаванымі. Часам здараецца, выпускнікі парушаюць закон праз прававую недасведчанасць. А няведанне закону, як вядома, не пазбаўляе ад адказнасці. Так, П. пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ў 2011 годзе адпрацавала ўрачом-стажорам год. 1 ліпеня 2012-га яе перавялі на пасаду ўрача-педыятра і заключылі адпаведны працоўны дагавор. 17 ліпеня 2013 года П. падала наймальніку заяву аб звальненні па ўласным жаданні, а 17 жніўня на працу не выйшла. Загадам ад 14 верасня 2013 года яе звольнілі за прагулы. Дзяўчына палічыла, што адпрацавала два гады, і папрасіла суд змяніць фармулёўку прычыны свайго звальнення з «прагула» на «па жаданні работніка». Суд ёй у іску адмовіў, бо для студэнтаў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю па профілі «Ахова здароўя», тэрмін размеркавання адлічваецца з даты заключэння працоўнага дагавора па пасадзе ўрача-спецыяліста (у нашым выпадку — з 1 ліпеня 2012 года). А перыяд праходжання стажыроўкі (інтэрнатуры) не ўваходзіць у тэрмін абавязковай адпрацоўкі. Такім чынам нявыхад на працу дзяўчыны 17 жніўня 2013 года з'яўляецца менавіта прагулам. Больш за тое, установа адукацыі мае поўнае права прад'явіць іск аб спагнанні сродкаў, затрачаных дзяржавай на навучанне сваёй былой студэнткі.

— Ці не з'яўляецца абавязковае размеркаванне парушэннем правоў чалавека?

— Канстытуцыя нашай краіны не толькі гарантуе правы, але і ўстанаўлівае пэўныя абавязкі. Калі грамадзянін скарыстаўся сваім правам на бясплатнае атрыманне адукацыі ў дзяржаўнай установе адукацыі, то пасля заканчэння навучання ён абавязаны выканаць і свой абавязак — адпрацаваць. А для тых, хто не хоча ехаць па размеркаванні, ёсць магчымасць атрымліваць адукацыю за ўласны кошт.

Надзея ДРЫЛА. Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».