Вы тут

Зачараваныя навукай


Як школьнікі рухаюць прагрэс і ствараюць будучыню

Ці можа зацікаўленасць школьніка навукай перарасці ў сур'ёзныя даследаванні і праекты яшчэ да паступлення ва ўніверсітэт? Адказ на гэтае пытанне можна было знайсці ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, на базе якога адбыўся фінал навукова-інжынернага конкурсу навучэнцаў «Belarus Scіence and Engіneerіng Faіr — 2015» (BelSEF-2015). Мерапрыемства праводзіцца ўжо трэці год запар. Сёлета яго арганізатарамі выступілі ўпраўленне адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі, адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій і карпарацыя Іntel.

26-10

26-10

 Дзміт­рый Кры­вян­чук і яго квад­ра­коп­тар.

 

Галоўнае мерапрыемства конкурсу — адкрытая стэндавая выстава — праводзілася ў адным з карпусоў БДУІР, куды і завіталі карэспандэнты «Чырвонкі». Творчая атмасфера адчувалася з першых крокаў: паветра на першым паверсе рассякаў квадракоптар (беспілотны лятальны апарат з чатырма прапелерамі — Аўт.). Зусім побач дэманстраваліся захапляльныя фізічныя і хімічныя эксперыменты. Паверхам вышэй наведнікаў забаўляў робат, які збіраў кубік Рубіка.

Пачынаем агляд стэндаў, напэўна, з самага відовішчнага праекта — гутарым са стваральнікам згаданага квадракоптара,Дзмітрыем КРЫВЕНЧУКОМ з гімназіі №1 г. Пінска.

— Сёння існуе шэраг задач, вырашэнне якіх людзьмі бачыцца эканамічна неапраўданым або проста немагчымым, — расказвае Дзмітрый. — Такія задачы могуць выконвацца робатамі, у тым ліку — беспілотнікамі або квадракоптарамі. Знаёмячыся з апаратамі, якія прадстаўлены зараз на рынку, я заўважаў адну асаблівасць: у іх вельмі вузкі функцыянал, і выкарыстоўваюцца яны часцей за ўсё ў якасці цацак. Таму я вырашыў распрацаваць універсальны беспілотны лятальны апарат, што зможа выконваць розныя задачы, і займаўся даследаваннем яго тэхнічных характарыстык.

Падаецца неверагодным, але хлопец сам распрацаваў корпус квадракоптара (яго па замове вырабілі пры дапамозе лазера) і напісаў праграмнае забеспячэнне. Па словах аўтара, апарат можа выкарыстоўвацца для пошуку людзей, папярэджання надзвычайных сітуацый, аховы аб'ектаў, дзяржаўнай мяжы, маніторынгу дарожнай сітуацыі, пры правядзенні навуковых даследаванняў, складанні карт мясцовасці, дастаўкі пасылак, медыкаментаў і многага іншага. Згодна з вынікамі даследавання, апарат пераўзыходзіць найбольш распаўсюджаныя ў краінах СНД аналагі практычна па ўсіх характарыстыках. Так, напрыклад, максімальная яго хуткасць — амаль 120 кіламетраў у гадзіну. Шырокі функцыянал забяспечваецца вялікай колькасцю дадатковай апаратуры, якая ўсталявана на квадракоптары. Цікавімся коштам распрацоўкі. Дзмітрый кажа, што стварэнне «дрону» (іншая назва беспілотнікаў. — Аўт.) абышлося яму прыкладна ў паўтары тысячы долараў. Хлопец разлічыў і кошт апарата пры наладжванні серыйнага выпуску — ён будзе ніжэйшым прыкладна ў тры разы.
26-9

26-9

 Шоу ў сты­лі Ні­ко­лы Тэс­лы — лам­пы за­га­ра­юц­ца без пра­ва­доў.

 

У секцыі інфарматыкі знаёмімся з Уладзімірам ГАНГАЛАМ, вучнем СШ №6 г. Кобрына. Хлопец прывёз на конкурс праект па распрацоўцы інфармацыйных рэсурсаў па гісторыі і краязнаўстве.

— Мне падаецца, што існуе праблема з прадстаўленнем нашай гістарычнай і культурнай спадчыны не толькі для замежнікаў, але нават і для грамадзян Беларусі, — дзеліцца Уладзімір. — Існуюць пэўныя сайты, але ўсё гэта робіцца несістэмна, выглядае ў некаторых выпадках несучасна і ўтрымлівае неактуальную інфармацыю. Я ўпэўнены: нам ёсць што паказаць і самім сабе, і гасцям з замежжа, а таму вырашыў паспрабаваць на прыкладзе ўласнага горада давесці гэта. Мы стварылі інфармацыйны рэсурс, прысвечаны Кобрыну, і змясцілі на ім усю інфармацыю, якая можа спатрэбіцца замежнаму ці айчыннаму турысту. У перспектыве аналагічныя сайты могуць быць створаны ва ўсіх гарадах краіны і аб'яднаны ў адзін партал, прысвечаны культурнай спадчыне Беларусі. Так мы атрымаем адзіную крыніцу інфармацыі для турыстаў і зможам прыцягнуць больш інвестыцый у сферу турызму.

Сайт, прысвечаны Кобрыну, ужо гатовы і працуе. «Што наведаць?», «Чым заняцца?», «Як забраніраваць?» і «Як дабрацца?» — гэтыя раздзелы могуць спатрэбіцца кожнаму, хто ўпершыню прыедзе ў палескі горад на адпачынак. Увогуле, па інфармацыі, змешчанай на сайце, можна скласці поўную карціну гарадскога жыцця. Тут прадстаўлена не толькі інфармацыя пра найбольш цікавыя турыстычныя месцы Кобрыншчыны, але і апошнія навіны горада, і многае іншае. Асаблівы гонар стваральніка — 3D-экскурсія па горадзе. Пры дапамозе панарамных здымкаў прагуляцца па вуліцах Кобрына можна, седзячы за камп'ютарам у любым месцы планеты, дзе ёсць інтэрнэт.

Шмат цікавых праектаў было прадстаўлена ў секцыі экалогіі. Вольга УРУБЛЕЎСКАЯ і Юрый СЕРАВОКІ з гімназіі №2 г. Салігорсканатхніліся галітавымі адваламі, вядомымі кожнаму, хто калі-небудзь быў у гэтым горадзе. Манументальныя «горы», якія так моцна ўражваюць прыезджых, дрэнна адбіваюцца на экалагічнай сітуацыі і дэфармуюць глебу. Навучэнцы заняліся праблемай перапрацоўкі адвалаў, спрабуючы пры гэтым атрымаць пэўны эканамічны эфект, і гэта ў іх атрымалася. Высветлілася, што пры выкарыстанні метаду электролізу галіт распадаецца на асадак і шчолач. Асадак, змешаны з вадой, цэментам і дробнабітым шклом, выкарысталі для стварэння тратуарнай пліткі. Доследны ўзор атрымаўся ў сярэднім у два разы больш трывалым і ўстойлівым за звычайную плітку, а разліковы кошт серыйнага выпуску адной пліткі роўны 394 рублям, што ў восем (!) разоў менш за цяперашні. Шчолач варылі разам з тлушчавымі адходамі, атрымаўшы ў выніку натрыевае і каліевае мыла.

[caption id="attachment_73311" align="alignnone" width="600"]26-8

26-8

 Ро­бат збі­рае ку­бік Ру­бі­ка.

 

Варта заўважыць, што ўзрост удзельнікаў ніяк не ўплываў на «сур'ёзнасць» і грунтоўнасць праектаў. Васьмікласнікі Уладзіслаў КАЦАП і Максім РАБЕЦ са сталічнай гімназіі №146 прывезлі на конкурс праект па змяншэнні шкодных выкідаў грамадскім транспартам. Хлопцы прапаноўваюць абсталяваць гарадскія аўтобусы міні-цеплаэлектрастанцыямі.

— Па нашай задумцы вада з бака па змеевіку будзе падавацца да выхлапной трубы, дзе яе нагрэюць выхлапныя газы, — тлумачыць Максім, дэманструючы схему. — Атрыманая пара будзе выкарыстоўвацца для працы электрагенератара. Такім чынам мы зменшым тэмпературу выхлапу, якая складае 1200 °C, і атрымаем дадатковую крыніцу энергіі. У выніку штатны генератар аўтобуса можа быць дэмантаваны (ККД з рухавіка стане большым), бо новы генератар, па нашых разліках, будзе выпрацоўваць нават больш энергіі.

Па словах хлопцаў, іх распрацоўка цікавая мінскаму аўтобуснаму парку №5. Менавіта яго супрацоўнікі прадаставілі канкурсантам усе тэхнічныя характарыстыкі аўтапарка, паводле якіх і рабіліся разлікі. Магчыма, у хуткім часе з'явіцца і аўтобус, абсталяваны сістэмай ахаладжэння выхлапу, распрацаванай юнымі вынаходнікамі.

Ілья НАВАСЕЛЬСКІ з гімназіі №6 г. Мінска заняўся праблемай адходаў свінагадоўчых комплексаў. Хлопец прапаноўвае выкарыстоўваць другасныя стокі такіх прадпрыемстваў для вырошчвання водарасці хларэла. Падчас тэсціравання многія штамы вырашчанай на такіх адходах водарасці аказаліся прыгоднымі для атрымання біядызельнага паліва. Такім чынам, стокі свінагадоўчых комплексаў будуць ачышчаныя да той ступені, калі іх можна будзе зліваць у агульную каналізацыю. Акрамя таго, з'явіцца новая крыніца атрымання таннага біяпаліва.

Дарэчы, далёка не ўсе праекты мелі выключна навуковую скіраванасць. Хапала і даволі простых, але не менш цікавых і вартых увагі работ. Дзіяна МАКАРЭВІЧ з Мінскага раённага ліцэя займалася вывучэннем экзатычнага малюска пад назвай ампулярыя, які карыстаецца папулярнасцю сярод акварыумістаў. Дзяўчына вырошчвала малюскаў, вывучала іх перавагі ў ежы, асаблівасці росту і многае іншае. Па яе словах, у інтэрнэце і некаторых даведніках сустракаюцца спрэчныя звесткі пра гэтую істоту, крыніцы супярэчаць адна адной. Вынікам працы Дзіяны стаў зборнік парадаў па вырошчванні ампулярыі ў хатніх умовах, які можа стаць карысным для многіх аматараў акварыумнага мастацтва.

Юныя навукоўцы з радасцю распавядаюць пра свае распрацоўкі. Ці перарасце захапленне даследчай працай у справу жыцця, невядома. Але думаецца, што менавіта вось такія шчыра ўлюбёныя ў фізіку, хімію, біялогію, інфарматыку і іншыя навукі школьнікі будуць змяняць свет.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».