Вы тут

«Мы ведалі, што тут многае змянілася»


У медальным заліку першае месца заняла ў дзвюх узроставых катэгорыях Расія. На другім месцы — Францыя, на трэцім — Нарвегія. Беларусы з 2 залатымі ўзнагародамі апынуліся на 5-м радку.

 

Біятлоннае першынство сярод юнакоў і юніёраў сабраў у Раўбічах не толькі таленавітую спартыўную моладзь, але і заслужаных трэнераў, славутых чэмпіёнаў свету, вядомых функцыянераў, якія ўпершыню наведалі адноўлены спарткомплекс. Аб уражаннях ад спаборніцтваў і біятлоннай арэны нам расказалі госці.

Уладзімір БРЫНЗАК, прэзідэнт Федэрацыі біятлона Украіны:

— Я ў біятлоне ўжо 40 гадоў, а таму наведваю Раўбічы далёка не першы раз. Тут заўжды было добра. Проста цяпер усё ўдасканалілі, падрыхтавалі сучасны комплекс, які можа прымаць любыя спаборніцтвы. І для нас гэта вялікая радасць, што ў Еўропе з'явіўся такі цэнтр, дзе мы можам трэніравацца. Нашы спартсмены бываюць тут кожны год, а цяпер тым больш будзем прыязджаць у Раўбічы. Дарэчы, у нас, у Карпатах, пабудавалі таксама даволі добры стадыён, і мы спадзяёмся, што будзем праводзіць там яшчэ і міжнародныя спаборніцтвы.

Два медалі ўкраінкі Юліі Журавок на гэтым чэмпіянаце, як і золата Ганны Крыванос, не сталі для нас адкрыццём. Мы заўжды разлічваем на добрыя вынікі. У любой узроставай групе мы маем спартсменаў, якія могуць змагацца за ўзнагароды.

Віктар МАЙГУРАЎ, віцэ-прэзідэнт Міжнароднага саюза біятланістаў, трохразовы чэмпіён свету:

— Спарткомплекс «Раўбічы» мае ліцэнзію катэгорыі «А», якая дае магчымасць праводзіць біятлонныя спаборніцтвы найвышэйшага ўзроўню. Уся інфраструктура гэтаму адпавядае. Але гаспадароў новых чэмпіянатаў будуць выбіраць на кангрэсе, які пройдзе праз паўтара года. Вось тады і стануць вядомыя краіны, якія прымуць чэмпіянаты 2021 і 2022 гадоў. Да таго часу каляндар ужо распісаны і зацверджаны. Што тычыцца этапаў Кубка свету, яны спланаваны да 2018 года. Але ёсць яшчэ чэмпіянат Еўропы, летняе першынство свету, з наступнага года стартуе Кубак свету сярод юніёраў, і я думаю, што Раўбічы выкажуць жаданне стаць гаспадарамі гэтых спаборніцтваў.

— Ці складана трапіць у графік правядзення этапаў Кубка свету? Шмат што залежыць у тым ліку і ад кліматычных умоў...

— Тут можна праводзіць этапы ў лютым ці нават у сакавіку. Зразумела, зіма нестабільная, аднак паглядзіце на Еўропу. Там таксама вельмі шмат праблем. І я мяркую, што ўмовы надвор'я не стануць праблемай, калі месцам правядзення выберуць Раўбічы.

— А хто са спартсменаў спадабаўся вам на гэтым першынстве?

— Мяне прыемна здзівіў Андэрс Эміл Шылеруп, спартсмен з Даніі, які заваяваў сярэбраны медаль у індывідуальнай гонцы сярод юнакоў. Мне здаецца, для яго краіны гэта першая ўзнагарода ў гісторыі на падобных спаборніцтвах. Адзначу хуткую, добрую стральбу беларускіх дзяўчат, вынікі французскай, нарвежскай і расійскіх камандаў. Наогул у Раўбічах медалі заваявалі прадстаўнікі 11 краін. І гэта сведчыць пра добрую канкурэнцыю. Галоўнае, каб усе вынікі маладых спартсменаў былі перанесены ў дарослы спорт.

Альгімантас ШАЛНА, трэнер-скаўт (ЗША), алімпійскі чэмпіён па біятлоне ў складзе зборнай СССР:

— Не быў у Раўбічах з 1990 года. За гэты час яны вельмі змяніліся. Я заўжды лічыў, што ў гэтым месцы павінны адбывацца буйныя міжнародныя спаборніцтвы. Па некаторых прычынах пэўны час тут нічога не адбывалася, але цяпер комплекс «Раўбічы» з'яўляецца адным з лепшых біятлонных цэнтраў у свеце.

— А ці ёсць умовы для падрыхтоўкі біятланістаў у ЗША?

— Мы маем і стрэльбішчы, і трасы. З гэтым праблем няма. Але біятлон у ЗША не такі папулярны. У Расіі ці, напрыклад, у Аўстрыі вядуць тэлевізійныя трансляцыі, паміж спартсменамі высокая канкурэнцыя, а ў нас... Мы набіраем тых, хто прыходзіць да нас, каго знаходзім сярод лыжнікаў. На ўсё гэта патрэбна шмат часу.

— Калі не памыляюся, летась у Амерыцы праходзіў чэмпіянат свету па біятлоне сярод юніёраў. Ці шмат балельшчыкаў сачылі за спаборніцтвамі?

— Так, у Прэск-Айле, што ў штаце Мэн. Праўда, людзей там было — 1/15 ад той колькасці балельшчыкаў, якія наведалі гонкі ў Раўбічах. У школьным аўтобусе прывезлі дзяцей. Яны бегалі па снезе, гулялі, валяліся, а біятлон ім быў не цікавы. Гэта адлюстроўвае інтарэс, хоць на гонкі прыязджалі бацькі, сябры ўдзельнікаў і падтрымлівалі біятланістаў.

— Напэўна прыехалі ў Беларусь і сустрэлі шмат знаёмых.

— Іх тут — мора. Многіх ужо не пазнаю, бо так даўно з імі не бачыўся. Але з Сяргеем Булыгіным і Юрыем Кашкаравым, з якім перамог у эстафеце на Алімпіядзе ў Сараева, пабачыліся. Тут арганізавалі трэнерскі вечар. Сядзелі доўга, размаўлялі, узгадвалі мінулае.

Томаш СІКОРА, галоўны трэнер юніёрскай зборнай Польшчы, чэмпіён свету:

— Раней я кожны год прыязджаў у Раўбічы на трэніровачныя зборы. Мне тут усё падабалася: і добрае стрэльбішча, і складаная траса... Апошні раз быў тут 11 гадоў таму, калі заваяваў два залатыя медалі на чэмпіянаце Еўропы. А калі прыехаў цяпер, перажыў прыемны шок. Мы ведалі, што тут многае змянілася, але каб настолькі... Я не ведаю, што лепш можна зрабіць для трэніровак, зімовых спаборніцтваў. Тут ідэальныя ўмовы. Я вельмі задаволены і, хто ведае, можа ўжо сёлета мы прыедзем да вас на зборы.

— Як лічыце, а ці могуць Раўбічы прыняць чэмпіянат свету?

— Могуць. Трэба толькі пашырыць трыбуны, а з астатнім усё цудоўна.

Тарас ШЧЫРЫ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.