Вы тут

Акно магчымасцяў адчынена


Калегія Міністэрства замежных спраў разгледзела вынікі працы знешнепалітычнага ведамства краіны за мінулы год. Асноўнай тэмай абмеркавання стала развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі.

Як заўважыў Уладзімір МАКЕЙ, міністр замежных спраў, мінулы год выдаўся вельмі складаным для беларускай дыпламатыі.

— Беспрэцэдэнтнае абвастрэнне сітуацыі ў нашым рэгіёне ў сувязі з украінскім крызісам, жорсткае супрацьстаянне вядучых сусветных гульцоў, санкцыйныя войны паміж Расіяй і Захадам аказалі сур'ёзны негатыўны ўплыў на развіццё сусветнага гандлю, пагоршылі крызісныя з'явы ў эканоміках сумежных з намі дзяржаў і, як вынік, выклікалі рэзкае сцісканне традыцыйных для Беларусі рынкаў збыту, — адзначыў міністр. — У той жа час узважаныя знешнепалітычныя падыходы Беларусі ў значнай ступені спрыялі больш пільнай увазе да краіны і яе кіраўніцтва, пераацэнцы месца і ролі Беларусі ў глабальных і рэгіянальных працэсах.

Той спрыяльны інфармацыйны і знешнепалітычны фон, які зараз сфарміраваўся, па меркаванні кіраўніка дыпламатычнага ведамства, адчыняе новае акно магчымасцяў для нашай краіны, і гэтыя магчымасці варта максімальна эфектыўна выкарыстоўваць у першую чаргу для нарошчвання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

На калегіі прысутнічаў і пасол Беларусі ва Украіне Валянцін ВЯЛІЧКА. Ён расказаў журналістам, што кожны дзень у пасольства паступае да 30 зваротаў з просьбамі пераехаць у Беларусь на пастаяннае месца жыхарства, вучобу. Па яго інфармацыі, да нас перабралася ўжо больш за 60 тысяч чалавек.

* * *

Як паведамляецца ў апублікаваным раней дакладзе аб дзейнасці Міністэрства замежных спраў Беларусі за 2014 год, сёння наша краіна прадстаўлена 67 замежнымі ўстановамі ў 56 дзяржавах свету. У мінулым годзе з'явіліся беларускія пасольствы ў Аўстраліі, Катары, Манголіі, Пакістане, Эквадоры, а таксама генеральнае консульства ў Мілане (Італія). Акрамя гэтага, знешнегандлёвымі партнёрамі нашай краіны сталі 207 дзяржаў свету. У дзевяць краін беларуская прадукцыя пастаўлялася ўпершыню.

У 2014 годзе ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны з Дэмакратычнай Рэспублікай Усходні Тымор. Такім чынам, нашай дзяржавай падтрымліваюцца дыпламатычныя адносіны са 174 дзяржавамі свету, што складае больш за 90 працэнтаў ад агульнай колькасці дзяржаў — членаў ААН.

Вялікая ўвага надавалася таксама развіццю двухбаковай дагаворна-прававой базы ў галіне ўзаемнай адмены віз. Падпісаны міжурадавыя пагадненні па візавых пытаннях з Ізраілем, Камбоджай, Эквадорам, уступілі ў сілу пагадненні з Балівіяй, Лаосам, Манголіяй, ААЭ, Турцыяй, Шры-Ланкай. На сёння грамадзяне 17 дзяржаў могуць уязджаць у Рэспубліку Беларусь без віз.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».