Вы тут

Я сам ашуквацца рады


Да маіх шматлікіх суседзяў па пад'ездзе, у асноўным пенсіянераў, патэлефанавалі ў дзверы прыемныя маладыя хлопцы, якія прадставіліся супрацоўнікамі фірмы, што правярае якасць вады. Яны прадэманстравалі хімічны эксперымент, які павінен быў пераканаць, што трэба прымаць тэрміновыя меры па выратаванні ўсіх. Яшчэ 30 хвілін «бла-бла-бла» — і некаторыя клюнулі на «суперпрапанову» — устаноўку фільтра ў крэдыт за немаведама якую суму. Зразумела, «са зніжкай — толькі для вас». Вечарам дадому з працы вярнулася маладое пакаленне, якое расказала бабулям і дзядулям, колькі насамрэч каштуе тое абсталяванне, якім «ашчаслівілі» старых. Некаторыя плакалі ад крыўды.

Патэлефанавала мне знаёмая, 80-гадовая заслужаная настаўніца, і з бязмежнай радасцю паведаміла, што купіла свайму праўнуку коўдрачку з воўны ламы для здаровага сну. «Для дзіцяці ж нічога не шкада», — гаворыць і называе завоблачную цану. Аказваецца, яны з сяброўкай схадзілі на прэзентацыю прадукцыі супераздараўленчых медыцынскіх вырабаў. Ім далі купон на зніжку 30% і пераканалі, што без вырабаў з ламы ў доме жыццё страчвае сэнс. Дарэчы, праз тыдзень, калі жанчына абмеркавала сваю пакупку з сябрамі, горка прызналася: «Ну вось, зноў мяне падманулі...»

27-21

Да швагеркі нейкі смуглявы інтэлігентны чалавек пад'ехаў у двары на чорным прыгожым аўто з замежнымі нумарамі. Мужчына на ламанай мове прапанаваў набыць набор металічнага посуду вядомага брэнда. Сказаў, што вяртаецца ў Малдавію, а праз мяжу ўсё роўна не правязе тавар, таму прадае танна — за «сімвалічную» суму ў валюце. Згадзіўся пачакаць, пакуль тая пазычыць у суседзяў неабходныя грошы. У выніку, калі вечарам яе дачка «пагугліла» і назвала рэальную цану той кітайскай падробкі, жанчыне стала дрэнна.

Вы ці вашы блізкія траплялі ў падобныя сітуацыі? Чаму мы робім учынкі, якія супярэчаць нашым уласным інтарэсам? Што аб'ядноўвае быццам бы розныя прапановы, на якія ўсведамляюць паддаюцца людзі розных узростаў і ўзроўню адукаванасці? Псіхолаг Таццяна Сасноўская нагадвае, што нам усім уласціва базавая патрэба ў бяспецы, якую эксплуатуюць тыя, каму трэба прадаць нейкі тавар. Калі проста: нас спачатку банальна пужаюць, пасля чаго прапаноўваюць рашэнне, якое павінна пазбавіць ад гэтага страху:

— Напрыклад, паказваюць страшылку пра кляшчоў-сапрафітаў, якія быццам бы выклікаюць жудасныя хваробы. І тут жа прапаноўваюць набыць кітайскі пыласос. Дэманструюць дзіцячы дослед гідролізу вады, узяты з кніжкі пра забаўляльную хімію — і адразу ж «толькі гэты дарагі фільтр пазбавіць вас ад такой брыдоты»... Прыкладаў безліч. А справа ў тым, што ва ўсіх людзей глыбока ўнутры ёсць страх смерці, які можа выяўляцца па-рознаму. Напрыклад, страхам цемры, вышыні, хваробы. Чалавек нават можа не ўсведамляць, чаго насамрэч ён баіцца. Менавіта таму яму прапануюць нешта, што быццам дазволіць жыць вечна. Напрыклад, той жа цудадзейны фільтр або біядабаўкі, якія пазбавяць яго ад усіх хвароб. Дарэчы, і фільтры, і біядабаўкі, і пыласосы бываюць вельмі добрай якасці, але часта нядобрасумленныя прадаўцы выдаюць звычайны ці зусім нізкаякасны тавар за эксклюзіўны. І вось тут важна не стаць ахвярай ашуканца.

— Хто часцей за ўсё паддаецца на прапановы нядобрасумленных прадаўцоў, махляроў па сумяшчальніцтве?

— Простага рабочага чалавека гэтыя ўсе «прыёмчыкі» хвалююць мала, бо ў яго няма нейкіх надуманых страхаў — калі ён рэалізаваны на працы, у калектыве. Для яго падставамі для неспакою з'яўляецца толькі недахоп рэальных жыццёвых патрэб. Напрыклад, нявыплата зарплаты, падаражанне харчавання. А тое, што вада ў кране не вельмі добрай якасці... Ён скажа: «Не дурыце мне галаву, хто прыдумаў тыя мікробы? Усё жыццё піў, і ўсё нармальна было!». Ахвярамі страхаў, а ўрэшце, і ашуканства часцей за ўсё становяцца людзі трывожныя, уражлівыя, не рэалізаваныя. Калі ж чалавек разумее, чаго яму сапраўды не хапае ў жыцці, яго наўрад ці падмануць. Напрыклад, ён асэнсоўвае, што не рэалізаваны на рабоце, не можа знайсці агульную мову з сям'ёй, адзінокі...

27-20

— Атрымліваецца, што ў нас вельмі многія не, чаго ім сапраўды не хапае для шчасця?

— Так, і купляюць нейкую зусім непатрэбную рэч, умоўную «таблетку шчасця». Дарэчы, прафесійныя прадаўцы адзін і той жа сродак для розных людзей прэзентуюць па-рознаму, каб адпавядаць спадзяванням канкрэтнага пакупніка. Бабулі скажуць: купіце біядабаўку, і вам будзе лёгка падымацца па прыступках, дзяўчыне: вы пахудзееце і на вас будуць азірацца маладыя людзі; жанчыне сярэдняга ўзросту: будзеце прыгожай, як 20 гадоў таму... Пры гэтым біядабаўка будзе адна і тая ж. І гэта нармальна, так дзейнічаюць законы маркетынгу. Але калі той маркетынг становіцца яшчэ адным спосабам адабрання апошняга ў спажыўцоў, якія бяруць крэдыты, пазычаюць грошы дзеля пакупкі «цуда»-тавару, гэта выклікае справядлівы гнеў. Да таго ж у нас дастаткова людзей, якія адчуваюць сябе непатрэбнымі, нерэалізаванымі, няшчаснымі. А тым часам некаторыя нядобрасумленныя прадстаўнікі сеткавага маркетынгу ім гавораць: мы дадзім вам шчасце. Людзей запрашаюць у спецыяльныя салоны, дзе ім прапануюць: пасядзіце, паляжыце на нашых цудадзейных ложках. Давайце вам зробім масаж, прыходзьце яшчэ. Пераконваюць: бачыце, як вам добра? Пенсіянеры ходзяць, з імі там ветліва размаўляюць. Урэшце старым становіцца няёмка — з імі ж так добра гутарылі. І ад гэтага пачуцця няёмкасці яны купляюць абсалютна непатрэбныя рэчы, якія каштуюць іх гадавую пенсію.

— І ўсё ж, як трэба сябе паводзіць, каб не застацца на бабах? Ці гэта непазбежна?

— Нас лягчэй падмануць, калі мы прымаем рашэнне імпульсіўна і пад уздзеяннем эмоцый. У многіх з тых, хто нам спрабуе нешта прадаць, асноўны прынцып такі: купляйце зараз, заўтра будзе позна. Сёння ж зніжка. Гэта ўсё робіцца для таго, каб чалавеку не даць часу падумаць, параіцца. Менавіта таму глабальным проціяддзем можна назваць больш цесную супольнасць з іншымі людзьмі. Любы чалавек адчувае сябе мацнейшым, калі ён можа з кімсьці абмеркаваць праблему. Яго цяжэй «развесці» на непатрэбную пакупку. У любым выпадку, калі нейкі тавар вам навязваюць, трэба спыніцца і не згаджацца адразу. Хаця б патэлефануйце іншаму чалавеку, спытайце яго думку, зайдзіце ў інтэрнэт, пачытайце там розную інфармацыю пра гэты тавар ці фірму. Калі не можаце самі, папрасіце гэта зрабіць сваякоў ці сяброў. Бо часта ахвяра гандляра знаходзіцца пад уплывам пэўнага гіпнозу, абаяння, пачуцця няёмкасці. Мы ж часта лічым, што калі нам нешта нязначнае далі, мы павінны аддаць амаль усё. Гандляр прыйшоў да мяне, прапыласосіў дыванок, патраціў паўгадзіны, я яму за гэта нешта павінен. Купіць непатрэбны мне пыласос, напрыклад. Нас запрашаюць на нейкія прэзентацыі, частуюць, а потым прымушаюць купляць непатрэбныя рэчы за нечуваныя грошы. Падумайце вельмі добра, ці сапраўды вам патрэбна пэўная рэч за такі вялікі кошт?

— Да таго ж вакол шмат людзей, пакрыўджаных на грамадства, на жыццё, на сваякоў... Здаецца, ім асабліва патрэбна «таблетка шчасця».

— Так, людзі з пазіцыяй «мне недадалі» ў першую чаргу паддаюцца маніпуляцыям. Таму тут патрэбна гаварыць пра тое, як імкнуцца дасягаць унутранай раўнавагі, якая робіць нас абароненымі — у тым ліку ад усялякіх гандляроў «таблеткамі шчасця». Заўважце, тыя, хто нешта робіць для іншых, хто дапамагае суседзям, сябрам, сваякам — у іх куды лепшы ўнутраны эмацыянальны стан, чым у тых, хто адчувае сябе пакрыўджаным. Самыя лепшыя рэчы ў свеце — бясплатныя: сям'я, сябры, каханне, любоў, павага, спакой, шчасце ўрэшце. Мы гэта атрымліваем, толькі калі нешта важнае аддаём іншаму. Шчасце — гэта ніколі не ўнутр сябе, гэта заўсёды вонкі. Чалавека напаўняе аддача. Яна нейтралізуе дрэнныя эмоцыі. Калі табе дрэнна — дапамажы іншаму, і табе стане лепш. Не парадуйся, што яму яшчэ больш дрэнна, чым табе, а шчыра дапамажы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».