Вы тут

Яны — лепшыя!


 У Мінску ўручылі спартыўныя «Оскары»

На ўрачыстай цырымоніі падвядзення вынікаў адкрытага публічнага конкурсу «Трыумф. Героям спорту — 2014» у сталічным Палацы спорту былі названы лепшыя спартсмены і спартыўныя моманты мінулага года.

27-23

У ходзе конкурсу беларускія аматары спорту і журы вызначалі спартсменаў, якія дабіліся ў 2014 годзе найбольш значных вынікаў на буйных афіцыйных міжнародных спаборніцтвах. Галасаванне заўзятараў доўжылася тры тыдні, у ім прынялі ўдзел каля паўтара мільёна чалавек, у тым ліку і чытачы «Звязды».

Аматары спорту па традыцыі выбіралі сваіх фаварытаў у чатырох намінацыях: «Трэнер года», «Спартсмен года», «Спартсменка года» і «Каманда года». Яшчэ ў чатырох («Самы яркі момант года», «Прарыў года», «Вынік года» і «За волю да перамогі») пераможцаў вызначыла журы конкурсу.

Фіналам праекта стала цырымонія ўрачыстага ўзнагароджання пераможцаў і гала-канцэрт з удзелам артыстаў беларускай эстрады. Убачыць яго маглі ўсе беларусы ў эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1»   і "Беларусь 24» .

Галоўным героем урачыстасці стала трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава, яна выйграла бронзавыя статуэткі адразу ў дзвюх намінацыях: «Спартсменка года» і «Вынік года». Сама Даша не змагла прысутнічаць на цырымоніі — рыхтуецца да чэмпіянату свету, але яна выйшла на сувязь з беларускімі заўзятарамі з Рупольдынга.

[caption id="attachment_73477" align="alignnone" width="600"]27-24 На відэасувязі — Дар'я ДОМРАЧАВА.[/caption]

Біятланістка адзначыла, што вельмі рада атрымаць такое прызнанне, падзякавала ўсім, хто галасаваў за яе, і асабліва сваёй сям'і.

— Гэта быў той вынік, да якога я ішла доўгія гады, у які ўклала на той момант усе свае сілы і вопыт; вынік, у які ўклалі сілы ўсе мае трэнеры і ўся мая каманда. Асаблівы дзякуй хацелася б сказаць маёй сям'і. На жаль, таты ўжо няма з намі, але я адчуваю, што ён са мной і мне вельмі дапамагае. Мая матуля для мяне самая лепшая! Дзякуй майму брату, бо менавіта ён прывёў мяне ў секцыю біятлона.

Узнагароду Дар'і атрымлівала яе мама Ларыса Аляксееўна:

— Трэба сябраваць са сваімі дзецьмі, жыць з імі, радавацца кожнай самай маленькай перамозе, бо вялікія перамогі прыходзяць не адразу. Я вельмі рада за дачку. Яна змагла зрабіць амаль немагчымае: тройчы выйграла залатыя медалі на адной Алімпіядзе! Галоўнае, пасля перамогі Дар'і многія дзеці прыйшлі ў спартшколы і пачалі займацца лыжным спортам, біятлонам. Дар'я вельмі захоплена сваёй справай. Хачу ўсім пажадаць так ставіцца да сваёй працы, тады ў нас усё атрымаецца.

У намінацыі «Каманда года» перамагла жаночая нацыянальная каманда па біятлоне. Дзяўчаты занялі 5-е месца ў эстафеце на зімовых Алімпійскіх гульнях у Сочы.

Фрыстайліст Антон Кушнір стаў лепшым у намінацыі «Спартсмен года» — за званне чэмпіёна зімовых Алімпійскіх гульняў-2014 народнае журы аддала пяцьдзясят працэнтаў галасоў.

— Хачу сказаць дзякуй родным, блізкім, сям'і. Дзякуй за падтрымку. Асаблівая падзяка майму першаму трэнеру Галіне Пятроўне Досавай і, вядома ж, Мікалаю Іванавічу Казеку. Я магу сказаць, што вы найлепшы ў свеце трэнер па фрыстайле.

У пацвярджэнне слоў Антона Кушніра ўзнагароду ў намінацыі «Трэнер года» атрымаў «рулявы» нацыянальнай каманды па фрыстайле Мікалай Казека. Канкурэнцыю яму склаў біятлонны гуру — Клаус Зіберт. Намінантаў падзяліў усяго адзін працэнт галасоў.

— Нарэшце дачакаўся гэтай прэстыжнай прэміі. Рэцэпт поспеху просты: люблю сваю працу. Разлічваў атрымаць узнагароду пасля перамогі Аляксея Грышына ў Ванкуверы, але давялося выхаваць яшчэ двух алімпійскіх чэмпіёнаў, каб стаць лаўрэатам.

[caption id="attachment_73478" align="alignnone" width="600"]27-25 «Трэнер года» — Мікалай КАЗЕКА (злева). Узнагароду ўручае Юрый ЧЫЖ.[/caption]

Бронзавая статуэтка ў намінацыі «За волю да перамогі» традыцыйна ўручаецца спартсменам-паралімпійцам. Сёлета ёю ўшанавалі Васіля Шаптабоя, ён стаў двухразовым бронзавым прызёрам зімовых Паралімпійскіх гульняў у Сочы па біятлоне сярод інвалідаў па зроку.

«Самым яркім спартыўным момантам года» названа перамога каманды Беларусі ў матчы з Латвіяй на чэмпіянаце свету па хакеі ў Мінску. Менавіта гэтая вікторыя дазволіла падапечным Глена Хэнлана выйсці ў 1/4 фіналу першынства.

У намінацыі «Прарыў года» перамогу атрымала алімпійская чэмпіёнка Ала Цупер. На сцэну па ўзнагароду спартсменка паднялася не адна: хутка другі раз Ала стане мамай.

Наступныя прэміі «Трыумф. Героям спорту» будуць раздадзены толькі праз два гады. Іх трыумфатарамі будуць ужо летнія алімпійцы, якім трэба будзе пазмагацца за ўзнагароды ў Рыа-дэ-Жанейра.

Арганізатарамі маштабнага праекта з'яўляюцца рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне «Прэзідэнцкі спартыўны клуб», Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальны алімпійскі камітэт, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія.

Раней герояў спорту беларускія заўзятары выбіралі ў праектах «Навагодні баль — 2007. Героям спорту», «Трыумф. Героям спорту — 2008», «Трыумф. Героям спорту — 2010», «Трыумф. Героям спорту — 2012».

Дар'я Лабажэвіч

Фота Надзеі Бужан

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.