Вы тут

Спыні «прывіда» на дарозе


Сацыяльна-небяспечныя грамадзяне на дарозе рызыкуюць не толькі сваім жыццём. Ахвярамі дарожна-транспартных здарэнняў вельмі часта становяцца людзі, якія нідзе не працуюць, вядуць асацыяльны лад жыцця і ў неадэкватным стане трапляюць пад колы машын. Іх, ляжачых на праезнай частцы ў цёмны час сутак, нерэальна заўважыць нават вопытнаму аўтамабілісту.

Тым больш немагчыма іх прымусіць апрануць святлоадбівальныя камізэлькі ці мець флікеры. Часам гэтыя людзі наўмысна не абазначаюць сябе. Бо, напрыклад, уначы прабіраюцца па прасёлкавых дарогах з нечым крадзеным на веласіпедах. І, калі ўсё ж давялося заўважыць такіх «прывідаў» на дарозе, начальнік ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Ігар Макушэнка заклікае адразу ж тэлефанаваць па нумары 102. Такім чынам і небарак можна выратаваць ад заўчаснай смерці пад коламі, і аўтааматараў — ад доўгіх судовых разбораў у выпадку наезду на п'янага.

Дарэчы, для сумленных прыхільнікаў веласіпеднага руху сёлета ў Гомелі будуць арганізаваны тры веладарожкі: на тратуарах вуліцы Мазурава, праспекта Рэчыцкага і праспекта Касманаўтаў. Пакуль што іх агульная працягласць складзе каля 2-3 км.

— На гэтых участках веласіпедная дарожка будзе вызначана адпаведнай разметкай і дарожнымі знакамі, — гаворыць Ігар Аляксандравіч. — Спачатку, каб пазбегнуць канфліктаў паміж веласіпедыстамі і пешаходамі, за веладарожкамі будуць сачыць супрацоўнікі ДАІ.

Між тым, летась атрымалася дасягнуць кансенсусу паміж заўзятымі аўтааматарамі і кіроўцамі грамадскага транспарту. У былыя гады вельмі частымі былі выпадкі, калі зухаватыя ўладальнікі іншамарак «падразалі» на дарозе тралейбусы і аўтобусы. У выніку рэзкага тармажэння пасажыры ўнутры салона падалі і атрымлівалі траўмы. Вырашыць сітуацыю кардынальна дапамаглі сродкі відэафіксацыі, усталяваныя на ўсіх машынах грамадскага транспарту, — расказвае камандзір батальёна дарожна-патрульнай службы ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Драбышэўскі:

— А новыя аўтобусы «МАЗ» адразу абсталяваны камерамі, якія фіксуюць сітуацыю не толькі звонку, але і ўнутры салона. У некаторых выпадках менавіта здымкі з відэафіксатара дапамагаюць устанавіць віноўнікаў аварый.

Напрыканцы 2014 года на Гомельшчыне рэзка павялічылася колькасць аўтаўладальнікаў — паўплывала эканамічная сітуацыя ў Расіі, куды некаторыя нашы грамадзяне ездзілі купляць патаннелыя аўто.

— Толькі за апошнія тры месяцы мінулага года колькасць машын павялічылася на 21 тысячу, — адзначае Ігар Макушэнка. — Праўда, з пакупкай пашанцавала не ўсім — пры рэгістрацыі «жалезных коней» з Расіі супрацоўнікі ДАІ выявілі 16 фактаў падробленых дакументаў. Чатыры машыны знаходзіліся ў вышуку па лініі інтэрпала.

Таксама супрацоўнікі ДАІ згадалі і пра 16 мясцовых кіраўнікоў, якіх «злавілі» за рулём у стане алкагольнага ап'янення. Большасць з іх працавала ў аграпрамысловым сектары. Усе былі звольненыя са сваіх пасад, акрамя таго, што пакараны ДАІ ва ўстаноўленым парадку.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.