Вы тут

Камера пазнае злачынцу


Усё часцей згрызоты сумлення прымушаюць зладзеяў не хавацца ад пакарання, а прыходзіць у міліцыю з пакаяннем. І, як лічыць Таццяна АБОЗНАЯ, прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС сталіцы, на гэты выбар правапарушальнікаў падбівае і актыўнасць сродкаў масавай інфармацыі.

28-16

— Калі раней падчас пошуку зламыснікаў мы выкарыстоўвалі фотаробат, на працягу апошніх гадоў нам вельмі ў гэтым дапамагаюць камеры відэаназірання, — прызнаецца суразмоўца. — Часцяком выкладваем інфармацыю, відэа з месца злачынства на сайт Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама. Яго наведваюць даволі шмат інтэрнэт-карыстальнікаў. У тым ліку і журналісты, якія пасля размяшчаюць відэа на сваіх сайтах альбо друкуюць фотаздымкі ў газетах. На іх многія пазнаюць не толькі знаёмых, якія здзейснілі дрэнны ўчынак, але і... сябе. А пасля добраахвотна прыходзяць у міліцыю.

Сярод падобных выпадкаў — нядаўні крадзеж двух мабільных тэлефонаў на суму амаль 14 мільёнаў рублёў у адной з наведвальніц караоке-клуба. Як аказалася, чужую маёсць прысвоіў малады хлопец, які таксама там адпачываў. Толькі да гэтага ён актыўна пазіраваў перад фатографам, засвяціўся на відэакамеры, што дазволіла супрацоўнікам клуба апазнаць злодзея. Як толькі інфармацыя аб гэтым з'явілася ў інтэрнэце, хлопец сам звярнуўся ў міліцыю, прызнаўся ў крадзяжы. Заведзена крымінальная справа, але рашэнне пакаяцца ў зробленым таксама будзе ўлічана ў судзе.

Летась кадры з камеры назірання, на якіх жанчына і мужчына крадуць крышталёвую попельніцу ў адной са сталічных крам, прымусілі парачку самастойна здацца праваахоўнікам. Між іншым, на іх рахунку было не адно злачынства. Такім жа чынам паступілі мужчыны, якія на аўтазапраўцы збілі інваліда, што папрасіў дапамагчы заправіць аўтамабіль. Кадры з камеры, усталяванай на запраўцы, таксама з'явіліся і на тэлебачанні, і ў інтэрнэце. Усё ж такі перспектыва быць апазнаным у такім сюжэце таварышамі па працы, сваякамі і сябрамі, стаць сумніўнай «тэлезоркай» нікога не радуе, і немінучае пакаранне прымушае звяртацца ў міліцыю. Пры гэтым шмат звестак пра месцазнаходжанне злачынцы паступае і ад пільных грамадзян.

— Камера яшчэ і дысцыплінуе людзей, — падкрэслівае Таццяна Абозная. — Калі чалавек ведае, што ў краме ці пад'ездзе ўсталявана сістэма відэаназірання, ён наўрад ці будзе парушаць закон.

Калі вы валодаеце інфармацыяй аб злачынцы, яго месцазнаходжанні, лепш тэлефанаваць непасрэдна супрацоўніку крымінальнага вышуку. Яго нумар звычайна пакінуты на аб'яве. Такім чынам вы толькі паскорыце працу міліцыі.

Тарас ШЧЫРЫ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.