Вы тут

Паветраныя вароты пад замком


Чаму ў Нацыянальным аэрапорце дэбашыры — рэдкасць

Пагадзіцеся, нездарма наш Нацыянальны аэрапорт называюць паветранымі варотамі краіны. Тут сустракаюцца пасля доўгай разлукі, вітаюць сяброў і кампаньёнаў па працы, прымаюць замежныя дэлегацыі і вядомых спартсменаў... Але ўсё гэта патрабуе высокага ўзроўню бяспекі. І задача нашых міліцыянераў таксама ў тым, каб гэтая планка заўжды падтрымлівалася на належным узроўні. Пра працу Мінскага аддзела ўнутраных спраў на паветраным транспарце МУС Беларусі напярэдадні Дня міліцыі і пойдзе наш расповед.

28-11

Асноўная праблема — незаконныя мігранты

Насамрэч, для гэтага падраздзялення, між іншым, унікальнага для ўсёй краіны, бяспека ў самім будынку аэрапорта — толькі адна са шматлікіх задач. Праваахоўнікі ў тым ліку аглядаюць грамадзян, супрацьстаяць эканамічным злачынствам і незаконнаму ўмяшальніцтву ў дзейнасць грамадзянскай авіяцыі, забяспечваюць бяспеку на аб'ектах паветранага транспарту. Акрамя таго, аддзел перакрывае шляхі незаконным мігрантам... Здавалася б, абавязкаў шмат, але службу нясуць тут спраўна, эфектыўна. Працы ў міліцыянераў у аэрапорце хапае. Летась праваахоўнікі выявілі і прыцягнулі да адказнасці прыкладна 2800 незаконных мігрантаў. 77 замежнікаў прыйшлося дэпартаваць з нашай краіны. Іх сумарны штраф склаў 2,3 мільярда рублёў.

— Мы найчасцей маем справу з незаконнымі мігрантамі, — гаворыць Дзмітрый ХАНЦЭВІЧ, начальнік Мінскага АУС на паветраным транспарце. — Гэта асабліва характэрна для грамадзян Грузіі, якая ў адрозненне ад нас мае візавы рэжым з Расіяй. Многія працоўныя мігранты спрабуюць гэтым скарыстацца. Яны з тэрыторыі Беларусі едуць у Расію, а калі вяртаюцца — усе тэрміны прыбывання ўжо парушаны.

28-8

— 2014 год стаў знакавым для ўсёй краіны. На чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску зляцелася шмат людзей з усёй планеты. Пры наяўнасці квітка на матч не трэба было рабіць візу. Ці затрымлівалі сярод іх сумніўных балельшчыкаў, якія пад выглядам цікавасці да хакея спрабавалі пракласці сабе іншыя шляхі?

— Падчас правядзення чэмпіянату сумесна з астатнімі дзяржаўнымі органамі мы ўзмацнілі ў аэрапорце меры бяспекі. Былі «фанаты» з адной афрыканскай краіны, якія спрабавалі расказваць нам, што прыехалі на хакей. Аднак яны нават не чулі, куды ехаць, хто іх будзе сустракаць. Затое выдатна ведалі, калі будзе рэйс у адну з краін Заходняй Еўропы. Зразумела, далейшыя іх спробы намі спыняліся. Падчас спаборніцтваў мы затрымалі на 300 чалавек больш, чым у звычайны квартал. Другіх сур'ёзных правапарушэнняў у гэты час зафіксавана не было.

[caption id="attachment_73603" align="alignnone" width="600"]28-9 Дзмітрый Ханцэвіч.[/caption]

Што крадуць грузчыкі?

Яшчэ адна асаблівасць аэрапорта — адсутнасць вялікай колькасці нецвярозых. Дзмітрый Вітальевіч кажа, што за тыдзень тут затрымліваюць аднаго ці двух п'яных. І гэта не ідзе ў ніякае параўнанне з чыгуначным вакзалам, дзе колькасць затрыманых — дзясяткі ў суткі.

Што тычыцца крадзяжоў у аэрапорце, асаблівым стараннем у гэтым вызначыліся... грузчыкі, непасрэдныя супрацоўнікі аэравакзала.

— Багажу знікае вельмі шмат, — працягвае суразмоўца. — Пытанне сур'ёзнае, характэрнае не толькі для Беларусі, але і для ўсіх міжнародных аэрапортаў. Крадуць паўсюль. Проста не ўсе расказваюць пра скрадзеную маёмасць.

— А на чым яны «спецыялізуюцца»?

— Аддаюць перавагу відэапаратуры, фотакамерам, лічбавай тэхніцы, планшэтам, тэлефонам, а таксама алкагольным напоям, касметыцы, цыгарэтам. Крадуць таксама грошы, залатыя ўпрыгажэнні. Але ад адказнасці ніхто не сыходзіць. Крадзены тэлефон, напрыклад, знайшлі ў чалавека, які ўжо паўгода не працаваў у аэрапорце.

— Праблема з паркоўкамі яшчэ актуальная?

— Па вялікім рахунку ўсё вырашыла сістэма відэафіксацыі. Раней людзі на некалькі дзён паўсюль кідалі аўтамабілі і ляцелі на адпачынак, а пасля знаходзілі іх на штрафстаянцы. У сваёй працы карыстаемся эвакуатарамі, якія належаць аэрапорту. Аднак цяпер аплата стаянкі даволі сур'ёзная. Калі ты знаходзішся на тэрыторыі больш за 20 хвілін, табе прыйдзецца за кожную лішнюю гадзіну даплачваць па 100 тысяч рублёў. І ахвотных прыпаркаваць сваю машыну каля аэрапорта не так шмат. Калі кагосьці трэба доўга чакаць, кіроўцы паркуюцца на пад'ездзе да аэрапорта.

Мы заходзім у абноўлены аэрапорт. Людзей хапае. Нехта з пасажыраў пацягвае каву ў кавярні, гамоніць, хтосьці чытае, а астатнія пазяхаюць і чакаюць свайго рэйса. У аэрапорце змянілася многае, але ці дабавілася працы праваахоўнікам пасля аднаўлення галоўнага аэравакзала краіны?

[caption id="attachment_73604" align="alignnone" width="600"]28-10 Міліцыянеры ня­суць служ­бу ў аэ­ра­пор­це па­змен­на, круг­ла­су­тач­на.[/caption]

— Як працавалі зладжана, так і працягваем гэта рабіць, — кажа Дзмітрый Ханцэвіч. — Праўда, пры павелічэнні плошчаў аэрапорта нам прыйшлося павялічаць штат.

Дарэчы, сабакі ў аэрапорце таксама на службе. Але не ў міліцыянераў, а ў мытнікаў і ў службе авіяцыйнай бяспекі.

Праваахоўнікі ў большасці выпадкаў абмяжоўваюцца праверкай дакументаў.

Аляксандр Волчак, намеснік начальніка аддзела, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі, расказаў, што міліцыянеры нясуць службу ў аэрапорце пазменна, кругласутачна. Пастаянна патрулююць залы аэрапорта.

— Колькі працую, але сапраўдных дэбашыраў тут не бачыў. Выпадкі хуліганства, як і крадзяжы, здараюцца вельмі рэдка. Многія пакідаюць свае рэчы і самі садзейнічаюць падобным злачынствам. Пакідаюць на зарадцы тэлефон, сыходзяць у кавярню падсілкавацца, вяртаюцца, а яго ўжо няма. Аднойчы ў зоне вылету студэнтка ў спецыяльнай нішы для падзарадкі пакінула тэлефон і паляцела. Вярнулася праз два месяцы, пачала яго шукаць. Нават заяву нам напісала, а ён ляжаў у той нішы, дзе яго пакінулі.

За тым, што адбываецца ў памяшканнях, на вуліцы сочаць амаль 500 камер відэаназірання. Схавацца ад іх амаль немагчыма. Уся інфармацыя паступае часткова ў дзяжурную часць, дзе ўстаноўлены некалькі манітораў. На адзін з іх можна вывесці карцінку з любой камеры ў рэжыме анлайн, а на другім — даведацца пра дыслакацыю праваахоўнікаў на тэрыторыі аэрапорта.

— Гэта дапамагае ў тых выпадках, калі пасажыр пакідае без нагляду свой багаж. Тады паведамляем міліцыянеру, каб той накіраваўся да гэтага месца, — кажа старшы інспектар, дзяжурны Аляксей Маліноўскі, які за змену на службе праводзіць 24 гадзіны. — Пры гэтым усё відэа захоўваецца, і пры неабходнасці мы можам прадаставіць запіс нават месячнай даўнасці.

Цудоўна, нічога не скажам. Хоць саміх праваахоўнікаў падобным ужо даўно не здзівіш. Пастаянны тэхнічны прагрэс патрабуе і самаўдасканалення. Але ўсе гэтыя прыклады зладжанай працы, безумоўна, выклікаюць павагу. Зразумела, праблемы бываюць заўжды. Ад іх нікуды не падзенешся. Але хочацца верыць, што нашы паветраныя вароты сапраўды пад надзейным замком.

Тарас ШЧЫРЫ.

Фота Надзеі Бужан

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».