Вы тут

Вярнуцца — і ўбачыць


Чаму мужык паўстаў з магілы?

Ён мужык. Беларус. Але пан — сахі і касы... Тэма ад Купалы — вечная. Ён пра гэта пісаў больш за сто гадоў таму. Але ж дзіўнай здольнасцю валодаюць паэты: умеюць асэнсаваць тое, што па-за часам, што ёсць характарыстыка жыцця чалавека наогул. Хоць наш паэт пісаў, вядома, пра Беларусь. Актуальная тэма і цяпер — яна, наша краіна, яе жыццё, людзі, якія яе стваралі (ствараюць), іх характары, мэты, мары. Нават калі пра аднаго чалавека, пра яго мары і жаданні — усё роўна атрымліваецца, што пра народ і яго зямлю. Як у драматычнай паэме Янкі Купалы «Адвечная песня». Ці гэта так у тэатральным увасабленні прагучала яна, што сапраўды было адчуванне пазачасавасці.

28-19

Вечнае кола праходзіць чалавек у гэтым свеце: ад нараджэння да смерці. Пасярод могуць быць варыянты, вядома. Але сэнс іх у большасці адзін: праца, каханне, сям'я, шмат працы... Так, як і ў спектаклі «Адвечная песня» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, створаным рэжысёрам Сяргеем Кавальчыкам яшчэ ў 2002 годзе, але цяпер адноўленым у рэпертуары. Так, як нам праспявалі артысты: спектакль музычны (аўтар музыкі Цімур Каліноўскі, аранжыроўкі ад Алега Хаменкі і гурта «Палац»). Глядач успрымае ўсё сапраўды як адну песню, даўжынёй у цэлае жыццё — аднаго чалавека, партыю якога спявае Ігар Сігоў. Але ў драматычным тэатры гэта больш чым спеўная партыя — гэта роля, якую ён пражывае як герой.

Мужык. Абстрактны (варыянты імёнаў могуць быць розныя), таму што найперш ён чалавек. Прыходзіць у свет. На радасць бацькам. На шчасце — ну напэўна ж. Дзіцятка яшчэ ў калысцы, але ўжо прыцягвае ўвагу розных істот, якія збіраюцца, кружаць вакол яго, і кожная нешта абяцае ад сябе. Было б добра, каб сапраўды «ўсё чыста на свеце», што наканавана жыццём, каб ён заўсёды пачуваўся гаспадаром свайго лёсу. Але ж што могуць паабяцаць Доля, Бяда, Голад і Холад, прывіды якіх падкрадаюцца да калыскі? Яны жудасныя, непрыемныя, таму хочацца думаць, што калі чалавек вырасце, то пазбавіцца ад іх клопату, сам, сваёй воляй, сваёй працай, бо ён сумленны, шчыры і не навучаны ленавацца.

Яму на дапамогу прыйдуць поры года, якія круцяць гэтае бясконцае кола жыцця, дзе для кожнага часу свой клопат. З Вясной — праца і надзеі на будучы ўраджай. З Летам — можна было б павесяліцца і ў спакусы кінуцца (хоць бы разам з русалкамі), але ж надвор'е падкідвае клопату і працы. Восень павінна прынесці добры ўраджай — шмат жа працаваў, але і тут няма ўпэўненасці, што сям'і гэтага хопіць. Не, ён проста павінен знайсці выйсце і з усім справіцца. Яшчэ і таму, што ёсць дзеля каго старацца. Яго блізкія — маці, потым каханая, дзеткі — бачаць у ім сваю апору ў розных жыццёвых сітуацыях і ў тых трывожных падзеях, якія адбываюцца навокал. То войска адно праходзіць і нечага пазбаўляе, то другое войска некага забірае. То чужыя, то свае — і калі няма чаго аддаць ім, то застаецца адзіная, самая бясспрэчная і вечная каштоўнасць Мужыка. Але калі глядзіш, як яму ўсё даецца і дастаецца, то нават забываешся, што гэта каштоўнасць. Можа, і сапраўды бываюць моманты, калі смерць — ці не адзінае даступнае збавенне ад нягод? Камусьці (сям'і), вядома, бяда. Але яму — спакой. Вечны спакой.

Не такі ён. Нават ТАМ няма спакою, хочацца зразумець, ці надышла, здарылася іншая доля на гэтай зямлі, якой ён аддаваў усе свае сілы? І ён устае з магілы.

Усё гэта кожны глядач прымярае на сябе. Калі не сам сюжэт (з сезоннай працай селяніна), то жыццёвы цыкл, дзе ёсць моманты росквіту і кахання, намаганняў і працы, жаданняў, у тым ліку няспраўджаных, расчаравання, адчаю і аднаўлення, своеасаблівага ўваскрэсення душы, якая заўсёды побач з тым, што яна працягвае любіць. І калі прымяраеш і адчуваеш разам з героем, то разумееш, чаму Купалу называюць беларускім прарокам. Актуальныя думкі яго. Актуальны твор гэты, напісаны яшчэ маладым паэтам, але пра тое, што не страціць сваёй жыццёвасці праз стагоддзі. І справа не толькі ў тым, што бачыць Мужык, устаўшы з магілы.

Нездарма да паэмы «Адвечная песня» звярталіся і працягваюць звяртацца цяпер. За савецкім часам яна была адкрыццём дзякуючы Уладзіміру Мулявіну і «Песнярам», якія прадставілі рок-оперу «Песня пра долю» — на той час, на тых людзей, з музыкай, якая чапляла і ўзрушвала тады, у сярэдзіне 70-х. Гэта была падзея не толькі ў плане ўвасаблення спадчыны народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Тады гэты твор (як і ўся дзейнасць «Песняроў») дапамагаў стварыць у свядомасці людзей самабытны вобраз самой Беларусі — зямлі з асаблівым лёсам.

Лёс краіны — справа яе жыхароў. А яны ўжо не такія, як у часы Купалы ці нават Мулявіна. Змяніўся час — змяніўся свет і чалавек у ім. Якая «Доля»? Гэта неяк сумна. Гэй, людзі, у нас жа ХХІ стагоддзе! Клёва: мы цяпер прасунутыя, з гарантаваным кавалкам хлеба, ядзім да сытасці, хочам есці і ў тэатры. О, і тут якраз дарэчы музычны спектакль — няхай жа нам праспяваюць...

У нас цяпер іншы стыль жыцця, яго гукавыя ўвасабленні, рытмы. Таму і іншы варыянт «Адвечнай песні», дзе ёсць і фальклорныя матывы, і меладычныя спевы, і партыі, калі дарэчы, бадай што, оперны вакал, і цяжкія, нават рваныя рытмы ў стылі рок ( як жа без іх, калі гаворка пра рок, што вісіць над чалавекам?). Хіба што вонкавае афармленне застаецца народным па духу, хоць і больш умоўным. У адноўленым спектаклі за сцэнічнае афармленне адказваў Юрый Саламонаў, пра касцюмы дбала мастак Марыя Герасімовіч. Ёсць момант нейкай гульні, у якую напачатку імкнуцца нібыта ўцягнуць залу — прычым, гэта фактычна робіць уся трупа тэатра, што занятая ў спектаклі. Энергічна. З думкай пра сучасных гледачоў, прызвычаеных да шоу. Але не спяшайцеся з высновамі.

Сцэна за сцэнай — далучаешся да размовы, паэтычнай не толькі паводле слоў, што гучаць, але і ў іх падачы. Гэта заварожвае такой... беларускай экзотыкай (як большасць з нас гэта цяпер успрымае). А потым жывеш разам з Чалавекам. Спачуваеш яго маці (артыстка Таццяна Мархель), бацьку (Віктар Багушэвіч), жонцы (Алена Баярава), дзеткам, што становяцца сіротамі (як жа ён мог раптам памерці?..). Усе гэтыя людзі становяцца нейкімі роднымі, за іх перажываеш. І вось — бац!— хоць пра іх гэта, але ж і пра нас. Вось, сядзі і думай цяпер, што змянілася з тых часоў, калі жыў той Мужык, калі па сутнасці? І што яму можа не спадабацца ў нашым свеце?

Адкінуты ўвесь гонар сучаснага чалавека: можа, калі і трэба спачуваць, то самім сабе. І не ў «прасунутасці» справа. У кожнага пакалення, відаць, ёсць свае дэманы (не абавязкова Доля, Голад і г. д.), з якімі трэба навучыцца спраўляцца, адабраць у іх магчымасць кіраваць і распараджацца чалавечым жыццём. Кожны Чалавек праходзіць сваё кола, каб адчуць сябе гаспадаром уласнага лёсу. Добры гаспадар ён тады, калі распараджаецца не магчымасцю самазнішчэння, а магчымасцю памнажэння. Як асобны чалавек, так і цэлы народ паяднаны агульным лёсам, толькі ў апошнім варыянце самазнішчэнне роўнае самазабыццю і сыходу ў нябыт.

Кола жыцця, як і кола звычайнае, можа круціцца на месцы, можа быць спаленае ў нейкіх ігрышчах, а можа каціцца наперад. Усяго толькі трэба — працягвацца і працягваць, працаваць і памнажаць, браць верх над любымі абставінамі, каб тыя, хто быў да нас, ніколі не падумалі, што жылі дарма.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.