Вы тут

Як за кітайскай сцяной


Міністэрства эканомікі ўскладае надзеі на індустрыяльны парк, інвестыцыі, эфектыўнае кіраванне і падтрымку малога бізнесу

Галоўнай задачай для Мінэканомікі сёння з'яўляецца выкананне ў поўным аб'ёме Праграмы дзейнасці ўрада на 2015 год. Такую думку выказаў кіраўнік ведамства Уладзімір Зіноўскі падчас пашыранай калегіі міністэрства. Яшчэ адзін важны напрамак — распрацоўка праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016–2020 гады. Пры гэтым будзе выкарыстаны вопыт расійскіх калег і экспертаў Еўракамісіі.

Кантроль

Але гэта ўсё глабальныя задачы. Для іх вырашэння трэба шмат штодзённай працы. Напрыклад, пачынаючы з 2015 года, Мінэканомікі будзе забяспечваць кантроль за рэалізацыяй рабочага плана распрацоўкі актаў і міжнародных дагавораў у адпаведнасці з дагаворам аб ЕАЭС. «Сёлета трэба будзе падрыхтаваць больш за 50 праектаў міжнародных дагавораў і актаў Еўразійскай эканамічнай камісіі, якія вынікаюць з палажэнняў Дагавора аб ЕАЭС», — адзначыў Уладзімір Зіноўскі. Паводле яго слоў, яшчэ 14 дакументаў плануецца падрыхтаваць у 2016 годзе, 8 — у наступныя гады. Таксама Мін-
эканомікі працягне адстойваць пазіцыю беларускага боку ў працэсе распрацоўкі на пляцоўцы ЕЭК агульнага для дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза парадку прымянення вызвалення ад выплаты ўвазных мытных пошлін у дачыненні да катэгорый тавараў, што ўвозяцца пры рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.

Інвестыцыі

Мінэканомікі выступае за далейшае ўдасканаленне заканадаўства ў сферы інвестыцый. «У тым ліку забяспечыць распрацоўку і зацвярджэнне да канца года чарговага праграмнага дакумента — стратэгіі прыцягнення прамых замежных інвестыцый да 2020 года», — адзначыў Уладзімір Зіноўскі. Паводле яго слоў, неабходна таксама правесці маніторынг умоў функцыянавання свабодных (спецыяльных, асаблівых) зон краін — удзельніц Мытнага саюза з выпрацоўкай адпаведных прапаноў. Міністр нагадаў, што інвестыцыйная палітыка з'яўляецца найважнейшым блокам пытанняў з тых, што вырашае Міністэрства эканомікі.

Для павышэння долі знешніх крыніц фінансавання інвестыцый дадзены даручэнні Нацыянальнаму агенцтву інвестыцый і прыватызацыі сфармаваць пералік праектаў, якія забяспечваюць у 2015 годзе прыцягненне прамых замежных інвестыцый, адпрацаваць яго з Дзяржкаммаёмасцю, забяспечыць маніторынг гэтага пераліку, арганізаваць каардынацыю работ з рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання па новых праектах.

Пры гэтым Уладзімір Зіноўскі канстатаваў, што самы важны інвестыцыйны праект будучай пяцігодкі — Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». «Праца ідзе няпроста, але 2015 год павінен стаць прарыўным. На гэта нацэлена кіруючая кампанія парка, яго адміністрацыя», — падкрэсліў міністр.

Падтрымка

Дарэчы, новы штуршок патрэбен не толькі інвестыцыям, але і сістэме падтрымкі прадпрымальніцтва. «Наспела неабходнасць структурнай перабудовы ўсёй сістэмы падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, — лічыць Уладзімір Зіноўскі.

— Неабходны адзіны цэнтр, які дазволіць забяспечыць узгодненасць аказання інфраструктурнай і фінансавай падтрымкі, канцэнтрацыю рэсурсаў, метадычнае і арганізацыйнае суправаджэнне працэсаў аказання падтрымкі з улікам фінансавых і кадравых магчымасцяў, узаемадзеянне на роўных з органамі дзяржаўнай ўлады».

Кіраванне

«У бліжэйшай перспектыве мы павінны зрабіць усё магчымае, каб выключыць альбо звесці да мінімуму ўмяшанне дзяржаўных органаў у аператыўную дзейнасць арганізацый з доляй дзяржавы. Удзел дзяржавы ў дзейнасці такіх арганізацый павінен абмяжоўвацца стратэгічным уплывам, заснаваным на карпаратыўных інструментах кіравання», — заявіў Уладзімір Зіноўскі. Паводле яго слоў, асаблівую ўвагу неабходна надаць пашырэнню практыкі прыцягнення да такога кіравання прафесійных кіраўнікоў. Міністр адзначыў, што сёння пераважная доля ў эканоміцы рэспублікі належыць дзяржаўнаму сектару. «З аднаго боку, гэта свядомы выбар нашай дзяржавы, з другога — гэта прад'яўляе асаблівыя патрабаванні да павышэння эфектыўнасці яго працы».

Такім чынам, у 2015 годзе важна ўшчыльную падысці да вырашэння задачы мадэрнізацыі ўсёй сістэмы кіравання арганізацыямі з доляй дзяржавы: ад арганізацыі кіравання на дзяржаўным узроўні да выстройвання аптымальнай сістэмы кіравання на ўзроўні кожнага прадпрыемства. «Неабходна забяспечыць прыняцце канцэпцыі кіравання дзяржаўнай маёмасцю на перыяд да 2020 года і пачаць яе рэалізацыю», — падкрэсліў Уладзімір Зіноўскі.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.