Вы тут

«Любоў — гэта дзеянне»


Праблемы і цяжкасці, якія пераадольваюць прыёмныя сем, прадугледжваюць вялікую працу

Сёння вядзецца гаворка аб паступовым закрыцці інтэрнатных устаноў. Значыць, усе дзеці неўзабаве павінны выхоўвацца ў сем'ях. А як жывецца прыёмным бацькам, з якімі праблемамі яны сутыкаюцца, ведаюць толькі педагогі і псіхолагі, што працуюць з імі.

28-21

Неяк у размове са мной дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Брэста Валянціна Краўцова сказала, што прыёмнае бацькоўства — пякельная праца. І гэта можна лічыць кампетэнтным меркаваннем, бо педагог шмат гадоў працуе з пазначанай катэгорыяй людзей. А яшчэ бацькам не проста таму, што грамадская думка не заўсёды становіцца маральнай падтрымкай для такіх сем'яў. Наадварот, даводзіцца чуць, што яны нажываюцца на дзецях, атрымліваюць вялікую грашовую дапамогу. Асабліва ўсё гэта абазначылася ў кантэксце трагічнай гісторыі Кацярыны Онахавай з Пружан, маці вялікага сямейства. Тады многія ўспаміналі, як яна нацярпелася праз злыя языкі, людскую нядобразычлівасць…

Я ішла пагаварыць пра гэта з псіхолагам названага цэнтра, а Ніна Кавальчук параіла мне наведаць сям'ю Зданевічаў. І я ёй вельмі ўдзячная за гэта. Бо Ала і Дзмітрый не проста расказалі пра радасці, цяжкасці і праблемы, з якімі давялося сутыкнуцца, яны падзяліліся мудрасцю. Яны пакідаюць уражанне менавіта мудрых людзей, нягледзячы на сваю маладосць. Дзмітрыю зараз 32 гады, Але — 29. У іх растуць трое сваіх дзяцей. Тры гады таму яны ўзялі ў сваю сям'ю прыёмнага сына Валеру з Быценскай школы-інтэрната.

Рашэнне сэрца

Ала сама расла без маці з шасці гадоў. І як яна сказала, недзе ў падсвядомасці з падлеткавага ўзросту трымала, што ў сваім жыцці павінна дапамагчы хоць аднаму сіраце. Нават яшчэ да ўступлення ў шлюб яны з Дзмітрыем гаварылі пра магчымасць узяць да сябе дзіця, але абмяркоўвалі тэму толькі тэарэтычна.

З іншымі маладымі сем'ямі, актывістамі пратэстанцкай царквы, Ала і Дзмітрый перыядычна ездзілі ў Кобрынскі дом дзіцяці, вазілі цацкі, цукеркі, гулялі з дзецьмі. Адзін хлопчык неяк асабліва да іх цягнуўся. Здаралася, бралі Валеру да сябе на выхадныя, на некалькі тыдняў летам. Хлопчыку спаўнялася шэсць гадоў, яго рыхтавалі перавесці ў школу-інтэрнат, і Зданевічы ўпершыню загаварылі аб магчымасці ўзяць яго ў сям'ю. Але напачатку ім адмовілі: бацькі зусім маладыя, сваё дзіця малое. Карацей кажучы, спецыялісты вырашылі, што Ала і Дзмітрый яшчэ не гатовы стаць прыёмнымі бацькамі. Яны моцна і не настойвалі, але пра Валеру не забываліся, сувязь з ім не гублялі.

Па-ранейшаму бралі яго на канікулы: за гэты час падлячылі хлопчыка, у яго аказаліся праблемы са слыхам (наступствы нявылечаных атытаў). Тэлефанавалі, наведвалі, падтрымлівалі, як маглі.

А потым здарыўся перапынак даўжынёй у год. У сям'і нарадзілася другая дачушка Ульяна, было шмат клопатаў з дзецьмі, з рамонтам дома. І вось калі Дзмітрый пазваніў Валеру, то пачуў ад яго, што за гэты год да яго ніхто не прыязджаў, ніхто ім ні разу не пацікавіўся. І тады ў іх выспела канчатковае рашэнне — забраць хлопца да сябе. Наведвалі курсы, прайшлі адпаведную падрыхтоўку, сабралі патрэбныя дакументы — і Валера пераехаў у іх дом.

З першых дзён маладыя бацькі зразумелі, што ніякія заняткі, ніякая літаратура не могуць даць адказы на пытанні, якія ўзнікаюць пастаянна. Рашэнні прымаць трэба штодня кіруючыся сваім сэрцам і здаровым сэнсам. Цяпер, калі прайшло тры гады, яны лічаць, што многага дамагліся, душа прыёмнага сына паступова вылечваецца ад ранаў, нанесеных ёй у раннім дзяцінстве.

Здаралася, яны губляліся, прыходзілі ў адчай, не ведалі, што рабіць у адказ на тыя праблемы, якія ствараў хлопчык. А ён не ведаў, як сябе паводзіць, не ведаў, што дрэнна, а што добра. І таму замыкаўся ў сабе, ніяк не праяўляў нават свае эмоцыі.

— І першае, што дапамагала, — гаворыць Ала, — размова. Мы прагаворвалі ўсе сітуацыі, стараліся разабрацца разам, расставіць усе кропкі над «і». Як цяжка яму было прызнаваць сябе вінаватым, прасіць прабачэння. Але навучыўся!

Былі сітуацыі проста на мяжы фолу. Гэта потым яны зразумелі, што ён часам не ўсведамляў сваіх паводзінаў, не ўмеў, напрыклад, абыходзіцца з грашыма. А тады адчулі нешта блізкае да шоку. Аднойчы ў Валеры з'явілася новая рэч. Калі спыталі адкуль, ён расказаў, што ўзяў грошы ў таварыша на трэніроўцы. Давялося пайсці назад у краму, здаць тавар, патлумачыўшы сітуацыю. А чужыя грошы вярнуць на месца. Больш такіх праблем не ўзнікала.

Цяпер Валера вучыцца зарабляць грошы сам. Напрыклад, дапамагае суседу па будаўніцтве і добраўпарадкаванні дома. Робіць гэта з задавальненнем. Бо з вучобай у хлопца не вельмі, а вось рукамі ён многае ўмее. Падлетак займаецца разьбой па дрэве: на кухні ў Алы ёсць дошкі, мялкі і нават драўляны посуд, зроблены рукамі Валерыя.

Добра ён ладзіць з сястрычкамі, за малодшую Ульянку заўсёды заступаецца. Ала з задавальненнем канстатуе, што дзеці паміж сабой жывуць дружна.

— Часам бывае вельмі цяжка, — прызнаецца маладая маці, — тады згадваю недзе прачытанае: «Любоў — гэта дзеянне на карысць другога чалавека». А не толькі пачуццё! Мы бралі хлопчыка з жаданнем дапамагчы сіраце, паслужыць яму, даць правільны накірунак у жыцці. І павінны зрабіць усё для гэтага.

Дзмітрый Зданевіч з'яўляецца бацькам-выхавацелем фармальна да 18 гадоў прыёмнага сына. Пасля дасягнення паўналецця дзіця лічыцца выпускніком і звычайна ў такіх выпадках вяртаецца для пражывання ў дом біялагічных бацькоў, дзе ён зарэгістраваны. Валерыю на гэты конт прыёмныя бацькі сказалі: «Калі здолееш выхаваць у сабе працалюбства, павагу да людзей, станеш добрым, прыстойным чалавекам, мы будзем падтрымліваць цябе і далей, ты застанешся ў Брэсце (родам Валера з іншага горада), адным словам, усё залежыць ад цябе». Ала і Дзмітрый вельмі спадзяюцца, што так і будзе, укладваюць у справу выхавання шмат душэўных сілаў.

Паміж прыёмнымі і біялагічнымі

У Брэсце зараз 22 прыёмныя сям'і, у якіх выхоўваецца 26 дзяцей. Таксама ёсць два дамы сямейнага тыпу. Прыёмныя бацькі на базе сацыяльна-педагагічнага цэнтра праходзяць не толькі курсы падрыхтоўкі да свайго новага статусу, але і атрымліваюць пастаянную дапамогу, кансультацыі спецыялістаў. Яны збіраюцца тут рэгулярна на метадычныя пасяджэнні, каб абмяняцца вопытам, думкамі, назіраннямі, параіцца адно з адным. Створаны бацькоўскі клуб «7 Я». Пастаянна праводзяцца сумесныя мерапрыемствы для дзяцей і бацькоў, арганізоўваюцца паездкі і экскурсіі.

Праблемы, якія ўзнікаюць у прыёмных сем'ях, і розныя, і падобныя. Валянціна Краўцова не вельмі згодна з нормай, замацаванай заканадаўча, што прыёмная сям'я ўтвараецца ў сваім адміністрацыйным раёне.

На практыцы гэта азначае, што дзеці, здараецца, жывуць у новых сем'ях ледзь не ў адным двары з біялагічнымі бацькамі. А згодна з законам, прыёмныя бацька і маці не павінны чыніць перашкоду ў стасунках дзіцяці з роднымі. І вось маем тое, што маем. Прыкладаў, калі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў асобы хочуць узяцца за розум і вярнуць сына ці дачку — мінімум. Чамусьці сваяцкія пачуцці ў іх прачынаюцца пасля добрай дозы алкаголю. Вось прыходзіць такі бацька, п'яны, а то і выкачаны ў брудзе, нямыты, у кватэру альбо ў дом сямейнага тыпу і заводзіць песню накшталт: «Мая ты крывіначка, як табе дрэнна тут з чужымі людзьмі!» Альбо наогул пачынае сварыцца, псаваць усім нервы. Па-першае, псіхалагічную траўму атрымлівае дзіця, па-другое, усе іншыя члены сям'і. І што гэтаму можна супрацьпаставіць? Ён жа мае права. Пра абавязкі такія асобы звычайна не ўспамінаюць. Імі не ўлічваецца і прычына, чаму дзеці трапілі ў новую сям'ю. Адназначна трэба засцерагаць дзяцей ад уплыву такіх бацькоў. Чым і займаюцца нярэдка дзяржаўныя органы, здараецца, даходзіць да забароны ўсялякіх наведванняў. Але ж на прыняцце такога рашэння патрабуецца шмат часу і фармальнасцяў.

На жаль, ёсць выпадкі, калі пасля дасягнення 18 гадоў дзеці вяртаюцца ў біялагічную сям'ю і пераймаюць асацыяльны лад жыцця бацькоў. І гэта азначае, што ўсе шматгадовыя намаганні, праца многіх людзей былі дарэмнымі.

— Але ж абсалютная большасць нашых прыёмных сем'яў выклікае аптымізм, — гаворыць педагог-псіхолаг цэнтра Ніна Кавальчук. — Кожная сям'я — гэта свая гісторыя, свае радасці, свае праблемы. Мы рыхтуем бацькоў, расказваем пра тыповыя цяжкасці, якія даводзіцца пераадольваць амаль усім. Настройваем, што трэба запасціся цярпеннем і любоўю. І тады многае атрымаецца.

Нас зараз радуе сям'я брастаўчан, якія ўзялі дваіх дзяцей: хлопчыка шасці гадоў і дзяўчынку чатырох. Бацькі падышлі да свайго рашэння абдумана, свядома. Сваіх дзяцей яны не маюць, мужу і жонцы — бліжэй да сарака гадоў. І ўсе цяжкасці яны пераадольваюць паслядоўна.

Што датычыць выпускнікоў, то за тры гады, пакуль цэнтр працуе з такімі сем'ямі, у Брэсце іх было толькі два. І ў абодвух выпадках усё склалася добра, дзеці не страцілі сувязь з прыёмнымі бацькамі, вызначыліся з будучай спецыяльнасцю, — зазначыла Ніна Георгіеўна.

Ад аўтара

Як бы ні была пастаўлена справа ў інтэрнатных установах, дзіцяці патрэбна сям'я. Патрэбны людзі, якія не абыякавыя да маленькага чалавека, з якімі ён адчуе сябе абароненым. У канцы нашай сустрэчы Ала Зданевіч сказала: «Мы ўсе — адна сям'я». Гэта самае важнае для Валерыя сёння.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.