Вы тут

Ветэраны атрымаюць дапамогу


Акрамя гэтага, будуць завершаны рамонты кватэр і дамоў адзінокіх удзельнікаў вайны

Беларускі народ унёс неацэнны ўклад у Вялікую Перамогу. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 70‑й гадавіны вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Выхаванне

«У апошнія гады ў свеце робяцца спробы перагледзець вынікі Другой сусветнай вайны, — занепакоены Андрэй Кабякоў. — Мы сталі сведкамі ачарнення святых сімвалаў і гістарычнай рэабілітацыі заваёўнікаў. Мы па заслугах ацэньваем ролю саюзнікаў, але нельга забываць, што асноўны цяжар вайны вынес на сваіх плячах савецкі народ. У Вялікую Перамогу неацэнны ўклад унёс гераічны беларускі народ». У сувязі з гэтым, як адзначыў Андрэй Кабякоў, лепшай праявай удзячнасці пакаленню пераможцаў павінен стаць штодзённы клопат аб ветэранах. Адначасова важна максімальна выкарыстоўваць 70‑гадовы юбілей Вялікай Перамогі ў мэтах патрыятычнага выхавання.

12 тысяч удзельнікаў

«У першую чаргу неабходна забяспечыць аказанне аднаразовай матэрыяльнай дапамогі ўсім ветэранам ВАВ і асобным катэгорыям грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны», — лічыць Андрэй Кабякоў. Агульная сума дапамогі складзе 217,6 млрд рублёў. Выплаты адбудуцца з 1 красавіка па 1 мая, іх памер будзе не меншы за леташні. «Да знамянальнай даты нам неабходна завяршыць за кошт мясцовых бюджэтаў рамонт кватэр і дамоў адзінокіх грамадзян з ліку ветэранаў, членаў сем'яў ваеннаслужачых, партызанаў і падпольшчыкаў, якія загінулі або памерлі ў гады вайны, грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. Мэтазгодна аказаць сацыяльную падтрымку ветэранам за кошт мясцовых бюджэтаў, камерцыйных і дабрачынных арганізацый не ў грашовай форме, а шляхам уручэння ім памятных падарункаў», — сказаў кіраўнік урада.

Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што на асаблівым кантролі органаў улады знаходзіцца лячэбна-прафілактычная і рэабілітацыйная работа. На 1 студзеня ў краіне пражывалі 17,8 тысячы ветэранаў ВАВ, з іх 12 тысяч — удзельнікі вайны, у тым ліку 3 тысячы 203 інваліды вайны. Акрамя таго, колькасць грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, на гэты перыяд складала 27,9 тысячы.

Узнагароды

«Па традыцыі ў гонар 70‑годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне выраблена каля 77 тысяч юбілейных медалёў, — паведаміў міністр абароны Андрэй Раўкоў. — Па ўзгадненні з выканаўчымі камітэтамі і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны выдадзена ў ваенныя камісарыяты абласцей і Мінска 45 тысяч 376 юбілейных медалёў для ўзнагароджання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны». Па словах міністра, уручэнне медалёў ветэранам запланавана да 10 красавіка. Сёння медалі ўручаны 14 тысячам 921 ветэрану.

Тонкасці праграмы

На пасяджэнні аргкамітэта, апроч іншага, абмяркоўвалася падрыхтоўка святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 9 Мая. Прэм'ер-міністр звярнуў увагу, што кіраўніку беларускай дзяржавы накіравана запрашэнне ад імя Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна на ўдзел у святочных мерапрыемствах у Маскве, і гэты факт таксама неабходна ўлічыць пры фарміраванні праграмы.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.