Вы тут

Асцярожней з Егіптам!


Тэрарыстычныя групоўкі пагражаюць замежнікам

Нягледзячы на неспакойную сітуацыю ў Егіпце, паток турыстаў туды не змяншаецца. Турфірмы прапануюць паездкі на розныя курорты гэтай краіны з прывабнымі зніжкамі — на мора можна злятаць, маючы ў кішэні і 400, і 350 долараў. У той жа час прыкладна месяц назад сродкі масавай інфармацыі абляцела навіна: арганізацыя «Браты-мусульмане», прызнаная многімі краінамі тэрарыстычнай, заклікала ўсіх замежнікаў пакінуць Егіпет да 11 лютага. У іншым выпадку аматарам адпачынку на егіпецкіх курортах прыгразілі расправай…

На мінулым тыдні баевікі ўжо іншай арганізацыі — Ісламскай дзяржавы Ірака і Леванта (ІДЗІЛ) — абнародавалі відэазапіс смяротнага пакарання 21 егіпецкага хрысціяніна-копта. Апошнія былі захоплены экстрэмістамі ў канцы мінулага года ў раёне лівійскага горада Сірта, і да сярэдзіны гэтага месяца пра іх лёс нічога не было вядома. У адказ ВПС Егіпта пасля ўзгаднення з лівійскім бокам бамбардзіравалі пазіцыі баевікоў
ІДЗІЛа на мяжы Егіпта і Лівіі. Ваенныя самалёты нанеслі ўдары па сховах са зброяй і трэніровачных лагерах экстрэмістаў. Дзеянні назвалі «помстай за кровапраліцце і карай для забойцаў». «Хай тыя, хто знаходзіцца далёка і побач, ведаюць, што ў егіпцян ёсць шчыт, які абараняе іх», — заявілі прадстаўнікі ВПС Егіпта.

ІДЗІЛ — даволі маладая, але вельмі небяспечная амаль для ўсяго цывілізаванага свету тэрарыстычная групоўка — рэгулярна пускае ў сеціва новыя пагрозы. Не так даўно ў твітар-акаўнце аднаго са староннікаў гэтай арганізацыі з'явілася паведамленне, сутнасць якога ў тым, што ІДЗІЛ заваюе Рым і ўстановіць там шарыят, а ўсіх прадстаўнікоў нетрадыцыйнай арыентацыі будуць скідваць з Пізанскай вежы. У якасці моста ў Еўропу, як паведамляюць некаторыя электронныя сродкі масавай інфармацыі са спасылкай на праслуханыя спецслужбамі тэлефонныя размовы, ІДЗІЛ плануе выкарыстоўваць менавіта Лівію.

Галоўнай жа мэтай гэтай арганізацыі з'яўляецца стварэнне артадаксальнай суніцка-ісламскай дзяржавы як мінімум на тэрыторыі Ірака і Шама (Леванта) — Сірыі, Лівана, Ізраіля, Палесціны, Іярданіі, Турцыі, Кіпра, Егіпта (Сінайскага паўвострава); як максімум — ва ўсім свеце. Сёння баевікі кантралююць частку Сірыі і Лівіі. Колькасць удзельнікаў экстрэмісцкай арганізацыі дасягае некалькіх дзясяткаў тысяч чалавек, маецца цяжкае ўзбраенне. Групоўка вядзе актыўную экстрэмісцкую дзейнасць і адказная за мноства тэрактаў. Ад рук баевікоў ужо загінулі тысячы «іншаверцаў» — шыітаў, хрысціян, езідаў, а тысячы людзей былі вымушаны бегчы з захопленых экстрэмістамі раёнаў, многія жанчыны і дзеці сталі палоннымі і ўтрымліваюцца ў канцэнтрацыйных лагерах тэрарыстаў. Ісламская дзяржава актыўна вядзе сваю прапаганду па ўсім свеце, у тым ліку і ў еўрапейскіх краінах, дзе мае шмат прывержанцаў — і сярод арабскіх эмігрантаў, і, як ні дзіўна, сярод еўрапейцаў, якія не падтрымліваюць палітыку, праводзімую іх дзяржавай.

* * *

Міністэрства замежных спраў Беларусі ўжо не раз у сувязі з частымі тэрактамі на тэрыторыі Егіпта папярэджвала нашых грамадзян не пакідаць курортныя зоны і ўстрымлівацца ад паездак у буйныя гарады гэтай краіны.

Я звярнулася ў некалькі беларускіх турыстычных фірмаў, што арганізуюць паездкі на егіпецкія курорты, каб пацікавіцца — наколькі актыўна людзі едуць у гэтую краіну сёлета ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У адной з іх нас праінфармавалі, што такой статыстыкі не вядзецца. «Аднак мы заўважылі, што людзі выбіраюць туры ў больш паўднёвыя раёны краіны, — паведамілі нам. — Ці задаволены турысты паездкай? А чаму яны могуць быць не задаволены? Сэрвіс на курортах не змяніўся, наадварот — палепшыўся: людзей на пляжах паменшала, харчаванне стала лепшым». У іншай аператар стаў наракаць на тое, што, маўляў, зменшыліся даходы людзей і многія вырашылі адмовіцца ад зімняга адпачынку…

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.