Вы тут

Час як мастацтва


Мінчанін Аляксандр Зіменка калекцыянуе старыя гадзіннікі і распрацоўвае дызайн новых

...Першыя наручныя гадзіннікі — вынаходства брытанскіх афіцэраў. Тыя прыпайвалі да кішэнных гадзіннікаў вушкі і насілі на запясці, каб каардынаваць час атакі. З часам людзі зразумелі, што гадзіннік на запясці зручны і ў паўсядзённым жыцці. Але ад частых рухаў рукі механізм нярэдка выходзіць са строю, таму рэкамендуецца скарыстоўваць левую, менш рухомую.

28-2

Час згуляў злы жарт з гадзіннікамі: сёння праз шырокае распаўсюджванне мабільных тэлефонаў яны страцілі сваю актуальнасць і часцей за ўсё выконваюць ролю проста прыгожага аксесуара.

Пра гадзіннікі як пра прадмет мастацтва і калекцыянавання, сямейную рэліквію, аксесуар і неабходнасць у паўсядзённым жыцці мы пагаварылі з галоўным экспертам аддзела інавацыйнага дызайну завода «Прамень», дэканам гуманітарнага факультэта Інстытута сучасных ведаў імя А.М. Шырокава, кандыдатам мастацтвазнаўства Аляксандрам Зіменкам.

— Чаму вы пачалі захапляцца гадзіннікамі — ёсць нейкая сямейная гісторыя?

— Ёсць некалькі гісторый, але самая цікавая звязана з гадзіннікам майго дзеда. Больш за дзесяць гадоў таму я знайшоў яго сярод іншых сямейных каштоўнасцяў і вельмі засмуціўся, што ён не працуе. Вырашыў аднесці ў майстэрню, там майстар адкрыў гадзіннік і адразу прапанаваў прадаць яму за немалую суму грошай. Я адмовіўся, бо рэч была дзедава, потым яна перайшла да маёй мамы — не мог расстацца з такой рэліквіяй. Мне стала цікава, чаму гадзіннік прапанавалі прадаць. Калі я адкрыў яго сам, то знайшоў на вечку надпіс «LONGІNES» — назву вядомай швейцарскай гадзіннікавай маркі. Вырашыў напісаць ліст у Швейцарыю на гэты завод. Адправіў яго з фотаздымкам і нумарам корпуса, а мне ў адказ даслалі выпіску з папяровага рэестра, дзе было адзначана, што гадзіннік гэты быў зроблены ў кастрычніку 1942 года ў Швейцарыі, а мой дзед купіў яго ўжо ў Аўстрыі, калі вызваляў яе ў 1945-м. Гадзіннік я адрамантаваў, і ён служыць ужо трэцяму пакаленню нашай сям'і. З тых часоў пытанне гадзіннікаў пачало цікавіць мяне вельмі моцна. Я стаў шмат чытаць пра іх і пачаў збіраць сваю калекцыю, у якой на сёння больш за трыццаць розных экзэмпляраў.

Амаль усе гадзіннікі з калекцыі былі набыты ў Мінску. Самы стары — швейцарскі кішэнны сярэбраны гадзіннік «Экстра», зроблены для Германіі ў 1890—1900 гадах. Ёсць таксама гадзіннік швейцарскай фірмы «Нівада» (не мае нічога агульнага з назвай штата і пішацца праз «і»). Ён зроблены на адным з заводаў, які стаў ахвярай кварцавага буму на пачатку 1980-х і толькі ў 2000-х гэты быў рэанімаваны ў Мексіцы, але ад старой маркі засталося толькі імя. Пры ўсіх магчымасцях знайсці што заўгодна ў інтэрнэце такі гадзіннік я бачыў у продажы толькі ў Японіі і толькі ў адным экзэмпляры. Як ён такі трапіў у мінскую камісійную краму, можна толькі здагадвацца.

Ёсць аднастрэлачны гадзіннік «Прамень» — яго я купіў у дзень свайго звальнення з Міністэрства культуры. Падумаў тады, што цяпер можна сачыць за часам не так пільна. Акрамя таго, неаднаразова купляў такі ў якасці сувеніра для сваіх замежных сяброў.

28-14

— Як атрымалася, што вы, чалавек мастацтва, сёння яшчэ і распрацоўваеце дызайн новых гадзіннікаў?

— Я ніколі не імкнуўся сумяшчаць свае захапленні з працай. Але аднойчы я прапанаваў кіраўніцтву Мінскага гадзіннікавага завода правесці конкурс сярод студэнтаў факультэта дызайну нашай ВНУ на распрацоўку новых мадэляў гадзіннікаў. Ідэя знайшла водгук, і мне прапанавалі заняцца гэтым пытаннем ушчыльную. Сёння ў нас ужо шмат новых распрацовак, некаторыя з іх неў-забаве пойдуць у вытворчасць.

— Якія мадэлі гадзіннікаў сёння карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў беларусаў?

— Лепш за ўсё прадаюцца буйныя гадзіннікі з добра бачнымі лічбамі, таксама вялікім попытам карысталася серыя гадзіннікаў, выпушчаная да чэмпіянату свету па хакеі — 2014.

— Чаму сёння многія аддаюць перавагу масіўным хранографам, а не класічным вытанчаным мадэлям?

— Віноўнікам увядзення ў моду масіўнага корпуса наручнага гадзінніка прызнана італьянская гадзіннікавая фірма «Paneraі», чые мадэлі вызначаліся празмерна грувасткім корпусам. Масіўны гадзіннік можна параўнаць з мужчынскай кашуляй, якая нярэдка пасуе жанчынам нават больш, чым мужчынам. Менавіта жанчыны першымі ўхапіліся за трэнд вялікіх гадзіннікаў, бо да 80-х жаночыя мадэлі былі маленькімі і вытанчанымі. Нягледзячы на ўсе тэндэнцыі, якія з'яўляюцца і знікаюць, вялікія гадзіннікі з пункту гледжання продажаў рэалізоўваць больш выгадна. Аднак, мяркуючы па справаздачах з апошняй гадзіннікавай выставы ў Базэлі, можна сказаць, што гэта тэндэнцыя адыходзіць у мінулае.

— Які гадзіннік носіце вы самі?

— Я люблю насіць розныя мадэлі пад рознае адзенне. Вось, напрыклад, дзедаў гадзіннік я надзяваю ў асаблівых выпадках са смокінгам. На кожны дзень нашу дастаткова стрыманы «Swіss army», калі гуляю ў страйкбол, то гэта «G-Shock». Я аддаю перавагу механічным гадзіннікам, бо пры належным доглядзе яны служаць доўга, у той час як кварцавыя жывуць толькі да першай паломкі. Акрамя таго, у гадзінніку для мяне важны шрыфт — не люблю насечкі. Для мяне дзіўна, што некаторым падабаюцца мадэлі без лічбаў, накшталт маркі «RADO», гледзячы на якія, увогуле складана вызначыць дакладны час.

— Што, на ваш погляд, можа расказаць гадзіннік пра яго ўладальніка?

— Можна смела сказаць, што па гадзінніках сустракаюць. Прычым, гэта думка не сучасная: Яўгеній Анегін Пушкіна адсочваў час па гадзінніку «Breguet», а сёння гэты брэнд з задавальненнем выкарыстоўвае радкі з класікі ў сваёй рэкламе. Калісьці ў Англіі набыццё гадзінніка было прадвызначана двума месячнымі заробкамі джэнтльмена. Сёння гадзіннік — гэта свядомы выбар, а не неабходнасць. Бо можна купіць танна і падробку дарагога брэнда. А ёсць, наадварот, заможныя людзі, якія лічаць за найлепшае насіць дарагія касцюмы і разам з імі яркі пластыкавы «Swatch» як спосаб паказаць, што чалавек не зацыкліваецца на стэрэатыпах.

— Колькі гадзіннікаў трэба мець для поўнага шчасця?

— Думаю, дастаткова аднаго гадзінніка, але такога, які праслужыць некалькім пакаленням. Я пажадаў бы кожнаму мець такую сямейную рэліквію, бо гэта ж як заручальны пярсцёнак бабулі, які пераходзіць ад пакалення да пакалення з сямейнымі традыцыямі і каштоўнасцямі.

— Як вы лічыце, якая будучыня чакае гадзіннікі?

— У гадзінніка, як і ў кнігі, прыкладна аднолькавая будучыня. Адыходзіць функцыянальны складнік гэтых прадметаў — людзі будуць купляць гадзіннікі не таму, што ім трэба сродак для назірання за часам, а таму, што ім захочацца набыць арыгінальны аб'ект дызайну, прадмет мастацтва, статусны знак, аксесуар. Ёсць на сёння цалкам унікальныя гадзіннікі, у якіх выкарыстаны, напрыклад, метал, падняты з «Тытаніка», або кавалачак мінералу, які прыляцеў з Месяца з «Апалонам-11», або часцінкі яек дыназаўраў, знойдзеных у Кітаі. Такія гадзіннікі выпускаюцца не больш чым у дзесяці экзэмплярах.

Ядзвіга АДАМЧЫК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».