Вы тут

Ёсць «зброя» для выжывання?


Паняцце інтэлекту для многіх псіхолагаў парадаксальнае. Здаецца, усё відавочна, але разам з тым ёсць і нешта няўлоўнае. Пэўна, інтэлект можна разглядаць як тры асобныя здольнасці — здольнасць да навучання, да абстрактнага мыслення, да адаптацыі і вырашэння задач.

3-12

— У вызначэнні інтэлекту мы часта выкарыстоўваем паняцце здольнасці, — тлумачыць псіхолаг Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Гульнара ГРЫШАЕВА.— Аднак здольнасць не зводзіцца да ведаў, уменняў і навыкаў, хоць і забяспечвае іх хуткае набыццё, замацаванне, эфектыўнае выкарыстанне на практыцы. Для развіцця здольнасцяў патрэбны нейкі падмурак, задаткі. Пра што тут ідзе размова? Па-першае, пра анатама-фізіялагічныя перадумовы — тып нервовай сістэмы, целасклад, асаблівасці органаў пачуццяў, фізічную моц і іншае. Задаткі вызначаюць прыродную аснову індывідуальных адрозненняў паміж людзьмі і могуць перадавацца ў спадчыну. На аснове адных і тых жа задаткаў могуць развівацца розныя здольнасці, напрыклад, добры слых неабходны і для паспяховых заняткаў музыкай, і ў рабоце гідраакустыка. Задаткі — гэта аснова, а вось тое, у якой ступені разаўюцца нашы здольнасці, залежыць ад умоў індывідуальнага развіцця…

Ці атрымліваем спадчыну?

Прырода чалавечых здольнасцяў дагэтуль выклікае гарачыя спрэчкі. На карысць спадчыннай прыроды здольнасцяў сведчаць дынастыі артыстаў, музыкантаў, урачоў. Аднак, хутчэй за ўсё, у большасці выпадкаў варта гаварыць не столькі пра біялагічную, колькі пра сацыяльную спадчыннасць — дзіця ідзе па слядах бацькоў яшчэ і таму, што з дзяцінства даведалася пра іх прафесію і палюбіла яе. Прадстаўнікі іншага меркавання лічаць, што асаблівасці псіхікі цалкам вызначаюцца якасцю выхавання і навучання. Маўляў, калі дзеці самых адсталых і прымітыўных плямёнаў атрымлівалі адукацыю, то нічым не адрозніваліся ад адукаваных еўрапейцаў.

У той жа час сацыяльная ізаляцыя з дэфіцытам стасункаў («дзеці-маўглі») даказвае немагчымасць уласна чалавечага развіцця па-за грамадствам.

Інтэлект — гэта…

…інтэгратыўная псіхічная функцыя, якая ўключае здольнасць да пазнання, узровень ведаў і здольнасць іх выкарыстоўваць.

…мысленне ў дзеянні.

…здольнасць да адаптацыі псіхікі, «зброя» для выжывання індывіда.

…спалучэнне генетычных фактараў, уплыву асяроддзя, выхавання і навучання.

…універсальная псіхічная здольнасць, генетычна абумоўленая вартасць нервовай сістэмы перапрацоўваць інфармацыю з пэўнай хуткасцю і дакладнасцю.

— Амерыканскі псіхолаг Давід Векслер, які стварыў у 1939 годзе шкалу інтэлекту для дарослых, лічыў, што «інтэлект — глабальная здольнасць разумна дзейнічаць, рацыянальна разважаць і добра спраўляцца з жыццёвымі абставінамі», іншымі словамі, паспяхова мерацца сіламі з навакольным светам, — дадае спадарыня Грышаева. — Словам, інтэлект — гэта здольнасць чалавека быць індывідуальна адэкватным розным выклікам, «майстэрства» адказваць на гэтыя выклікі.

Аднолькавае і асабістае

Наша індывідуальнасць вызначаецца нашымі ўнікальнымі паняццямі аб свеце. Фарміруюцца апошнія ў выніку паўсядзённага вопыту. Парадак жа фарміравання генетычна зададзены і аднолькавы для ўсіх людзей. Але тое, як канкрэтны чалавек выкарыстоўвае гэтыя паняцці, — яго асабісты выбар. Кожны чалавек у сваім развіцці праходзіць тры этапы інтэлектуальнага развіцця:

а) эмацыянальны — да 7 гадоў.

Інтэлект практычна не развіты.

б) сацыяльны — 7–16 гадоў.

Інтэлект развіты добра, але выкарыстоўваецца толькі пры неабходнасці.

в) інтэлектуальны — пасля 16 гадоў.

Інтэлект выкарыстоўваецца для самакіравання, а значыць, можа і самаўдасканальвацца.

Для інтэлекту патрабуецца спалучэнне многіх фактараў, а таму інтэлектуальнае развіццё часта затрымліваецца і мы можам назіраць дарослых з інтэлектам дзіцяці.

Розныя ўзроўні інтэлектуальнага развіцця можна абазначыць так:

дзікун — абывацель — асоба.

Дзікун — сінонім неадукаванага чалавека, не знаёмага з умоўнасцямі цывілізацыі.

Абывацель — звычайны чалавек, які трымаецца таго ладу жыцця, што адабрае соцыум.

Асоба — чалавек актыўных дзеянняў, той, хто не пасуе перад цяжкасцямі («моцная асоба»).

Цікава, што мысленне дзяцей прадстаўнікоў першабытных плямёнаў, алкаголікаў і наркаманаў у многім супадае. Тлумачыцца гэта тым, што ў дзяцей інтэлект яшчэ не развіты, у сапраўдных дзікуноў ён не развіваецца ў выніку іх культуры выхавання, а ў алкаголікаў і наркаманаў інтэлект… проста вытраўлены. Таму слова «дзікун» аб'ядноўвае прадстаўнікоў усіх гэтых груп.

Захаваць і развіць

Наўрад ці знойдзецца чалавек, які прызнаецца, што ў яго недастаткова развіты інтэлект. Многія імкнуцца калі ўжо не развіць інтэлект, то хоць бы захаваць яго на доўгія гады. І такое магчыма.

1. Пастаянна павышайце сваю дасведчанасць: цікаўцеся, назірайце. Між іншым, чалавек таленавіты ў нейкай галіне, суперпрафесіянал, які разумее і ўмее вельмі многае, можа быць абсалютна не дасведчаным у іншых агульнавядомых і важных рэчах. Тым не менш, усе будуць лічыць яго інтэлектуалам. Прыгадаць хоць бы Шэрлака Холмса, які не ведаў, што Зямля варочаецца вакол Сонца.

Мы проста абавязаны пашыраць сваю дасведчанасць, цікавіцца рознымі галінамі жыцця і дзейнасці, калі жадаем, каб наш розум не спыняўся ў сваім развіцці і мы былі людзьмі з высокім узроўнем інтэлекту.

2. Максімальна задзейнічайце памяць. Запамінайце новыя словы, вучыце прыгожыя вершы, вывучайце замежныя мовы.

3. Нагружайце разумовыя працэсы. Аналізуйце, параўноўвайце, абагульняйце інфармацыю, устанаўлівайце прычынна-выніковыя сувязі і праводзьце аналогіі.

4. Будзьце адкрытымі да ўспрымання новых тэхналогій. Цікаўцеся сучаснымі тэхнічнымі сродкамі, вывучайце магчымасці інтэрнэту і знаходзьце спосабы рэалізаваць свае здольнасці з дапамогай «павуціння».

5. Дарыце сабе новыя адчуванні. Плавайце, вандруйце, гуляйце, каштуйце новыя стравы.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.