Вы тут

Павучыцца ў маладых


Прадстаўнікі дэпутацкага корпуса з усіх рэгіёнаў краіны азнаёміліся з вопытам сталіцы па рабоце з моладдзю, развіцці інавацыйнага патэнцыялу маладых грамадзян.

3-38

Удзельнікі выязнога пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання наведалі камунальнае ўнітарнае прадпрыемства «Маладзёжная сацыяльная служба», дзе дзейнічае бізнес-інкубатар і створаны спрыяльныя ўмовы для маладых прадпрымальнікаў. Ім здаюць у арэнду абсталяваныя ўсім неабходным офісныя памяшканні па льготных стаўках. А індывідуальныя прадпрымальнікі па аказанні юрыдычных і бухгалтарскіх паслуг заўсёды пракансультуюць сваіх калег, што працуюць побач. Прычым за сімвалічную плату, а то і бясплатна. Усё гэта паўплывала на тое, што выжыванне прадпрыемстваў складае 93%.

Дапамагае юным бізнесменам і Мінгарвыканкам. На працягу 2009—2014 гадоў з мясцовага бюджэту ім выдаткавана больш як 16 млрд рублёў. Як паказала практыка, такое рашэнне апраўдана. За час работы інкубатара яго прадпрыемствы прынеслі ў бюджэт звыш 26 млрд рублёў, стварылі 575 працоўных месцаў. Такім чынам, пры затратах на адно месца 28 млн рублёў выплачана падаткаў у памеры 45 млн рублёў.

Дэпутаты прыйшлі да высновы, што маладзёжныя бізнес-структуры неабходна стварыць у кожным раёне краіны.

— Неабавязкова такія маштабныя, як у Мінску, — адзначыў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч. — Але гэта павінен быць каталізатар ідэй маладых людзей, дзе ім дапамогуць увайсці ў самастойнае жыццё. Бізнес-інкубатары — своеасаблівыя пляцоўкі зносін для бізнесменаў-пачаткоўцаў, дзе яны вучацца адзін у аднаго.

Міхаіл Мясніковіч лічыць, што ў краіне ёсць сістэма бізнес-інкубатараў, але яна павінна быць больш жывой. А для гэтага трэба шукаць творчых, ініцыятыўных куратараў.

Разам з тым старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што маладзёжны бізнес-інкубатар выходзіць за межы Мінска, гатовы працаваць з рэгіёнамі. Але тут няма неабходнасці прымаць нейкае кіраўнічае рашэнне, бо павінны быць узаемныя згода і жаданне.

У маладзёжным асяродку ўвогуле сканцэнтраваны вялікі патэнцыял. «Задача органаў улады — садзейнічаць яго прыцягненню да сацыяльна-эканамічнага развіцця. Праекты, што ініцыюе моладзь, заслугоўваюць таго, каб быць рэалізаванымі на прадпрыемствах — як новых, так і дзеючых», — канстатаваў Міхаіл Мясніковіч.

Падчас пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання адбыўся таксама адкрыты дыялог з членамі Маладзёжнай палаты 4 склікання пры Мінскім гарадскім выканаўчым камітэце. Юныя парламентарыі цікавіліся ў Міхаіла Мясніковіча рознымі аспектамі сучаснага грамадскага і эканамічнага жыцця і нават падказвалі шляхі вырашэння праблем. У прыватнасці: як падтрымаць айчынны прыватны бізнес, арганізаваць уступную кампанію і тэсціраванне, прыцягнуць моладзь у навуку.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.