Вы тут

Прадпрымальнікам далі адтэрміноўку


Новы ўказ па рэалізацыі прадукцыі лёгкай прамысловасці адлюструе парытэт інтарэсаў улады і бізнесу

Усе іпэшнікі могуць працаваць спакойна. Пасля 1 сакавіка для іх нічога не змянілася, прынамсі пакуль. Пра гэта заявіў у суботу намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты. Ён удакладніў, што эксперты ведамства сумесна з прадстаўнікамі бізнес-саюзаў і бізнес-асацыяцый распрацоўваюць праект канчатковага нарматыўна-прававога акта, які ўрэгулюе рэалізацыю рэшткаў прадукцыі легпрама.

3-35

Ніякіх санкцый

У адпаведнасці з нормамі Указа №222 ад 16 мая 2014 года,
з 1 сакавіка сёлета ў індывідуальных прадпрымальнікаў — плацельшчыкаў адзінага падатку заканчваецца перыяд, падчас якога яны маглі рэалізаваць рэшткі прадукцыі лёгкай прамысловасці, увезенай з краін Мытнага саюза без дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё і паступленне гэтых тавараў. «Кіраўнік дзяржавы, прымаючы справаздачу ўрада па бягучых эканамічных пытаннях, даручыў неадкладна вырашыць гэтую праблему», — растлумачыў Дзмітрый Круты.

Такім чынам, кантралёры не будуць прымяняць санкцыі да індывідуальных прадпрымальнікаў, якія не маюць дакументаў на тавары лёгкай прамысловасці да прыняцця новага ўказа. «У праекце дакумента мы пастараемся адказаць на самыя надзённыя пытанні: канчаткова выпрацаваць механізм па легалізацыі рэшткаў тавараў; стварыць роўныя ўмовы пры разавай рэалізацыі паміж замежнымі грамадзянамі і грамадзянамі Беларусі; вызначыць адзіны механізм для нашых кантрольных органаў па выяўленні фактаў фальсіфікаваных дакументаў; выпрацаваць канчатковую прававую аснову для нашых індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць увесь пакет дакументаў па пераходзе на спрошчаную сістэму падаткаабкладання. І нарэшце — максімальна вырашыць пытанне па наяўнасці суправаджальных дакументаў па руху тавару ад склада да гандлёвага месца», — сказаў намеснік міністра. Плануецца, што хутка тэкст указа паступіць ва ўрад.

Без дакументаў, але з падаткам

Тое, што ў новым указе будуць ўлічаны інтарэсы ўсіх зацікаўленых, гаворыць і бізнес-супольнасць. Напрыклад, старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін заявіў: «Грамадскія арганізацыі прадпрымальнікаў звярнуліся да кіраўніка дзяржавы з просьбай прыняць новае рашэнне аб парадку працы ІП. Хачу адзначыць, што ён падтрымаў пазіцыю беларускага бізнесу. Цяпер ідзе актыўны дыялог з урадам, і ён улічвае інтарэсы бізнесу пры падрыхтоўцы новага ўказа для ІП».

У прыватнасці, іпэшнікам хочацца, каб была адноўлена праца без дакументаў на няпэўны тэрмін з умовай павелічэння падатковай нагрузкі. «Указ №222 прымаўся з разлікам, што нашы партнёры па Мытным саюзе будуць праводзіць узгодненыя дзеянні па рэгуляванні дзейнасці ІП і ўвядзенні тэхрэгламентаў. Аднак ужо ў ЕАЭС мы бачым, што нашы партнёры не прымаюць адэкватных мер, і ў выніку беларускія прадпрымальнікі апынуліся ў самай нявыгаднай сітуацыі», — паскардзіўся Аляксандр Калінін.

Шматбаковы дыялог бізнесу і ўлады пацвярджае і старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін. Ён лічыць неабходным, каб новы ўказ дазваляў прадпрымальнікам больш лёгка адаптавацца да эканамічных рэалій: «Важна, каб людзі не засталіся беспрацоўнымі, але ў той жа час бачылі калідоры развіцця бізнесу, што яны будуць запатрабаваныя».

Не забывайце

Аднак забываць пра тое, што цяпер ужо ўсе павінны працаваць ва ўмовах ЕАЭС, не трэба. І парушальнікаў будуць караць. Толькі да 1 чэрвеня 2015 года парадак прымянення санкцый да парушальнікаў абавязковых патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза будзе такім жа, якім быў да прыняцця Указа ад 9 лютага №48 «Аб мерах па забеспячэнні дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў», паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі. Да ўступлення ў дзеянне Указа №48, да суб'ектаў гаспадарання і службовых асоб будуць прымяняцца меры, прадугледжаныя Указам ад 16 кастрычніка 2009 года №510 «Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», арт.13 Закона «Аб тэхнічным нарміраванні і стандартызацыі» і Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях па артыкулах, якія адносяцца да кампетэнцыі органаў, што ажыццяўляюць дзяржаўнае рэгуляванне ў галіне стандартызацыі.

«Да 1 чэрвеня бізнес павінен вывучыць Указ №48. Такі адаптацыйны перыяд суб'екты гаспадарання і органы дзяржкіравання атрымалі ў рамках Указа ад 20 лютага 2015 года №90 «Аб прыпыненні дзеяння Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Гэты дакумент прыпыняе да пазначанага тэрміну дзеянне Указа №48», — патлумачылі ў прэс-службе.

Цяпер Дзяржстандартам сумесна з іншымі рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання распрацоўваецца план мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Указа №48.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.