Вы тут

Чыстая арыфметыка


Сёлета экспарт электраэнергіі плануюць павялічыць удвая, а яе імпарт — істотна паменшыць

Мінулы год стаў даволі ўдалым для беларускай энергетыкі, калі галіна ўпершыню спрацавала без дэфіцыту сродкаў і атрымала па сістэме станоўчую рэнтабельнасць у памеры 4%. Пра гэта паведаміў міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык.

3-2

Выпрацоўка электраэнергіі на энергетычных крыніцах Беларусі без уліку блок-станцый летась павялічылася ажно на 10,8% у параўнан-
ні з 2013‑м і склала 31,6 млрд кВт/г. Арганізацыі галіны ў 2014 годзе ўстойліва і надзейна забяспечылі спажыўцоў цеплавой і электрычнай энергіяй, прыродным і звадкаваным газам у запатрабаваных аб'ёмах, — адзначыў міністр. — Агульнае спажыванне электраэнергіі ў Беларусі склала 38,04 млрд кВт/г, што на 9% больш, чым у папярэднім годзе.

Эфект ад мадэрнізацыі — 250 млн долараў штогод

Станоўчыя вынікі айчыннай энергасістэмы былі дасягнуты дзякуючы правядзенню яе маштабнай мадэрнізацыі. Паводле слоў міністра, сёлета завяршаецца другі этап рэфармавання галіны, пачатага яшчэ ў 2006 годдзе. Толькі летась спецыялісты ўвялі ў эксплуатацыю новае абсталяванне з магутнасцю больш за 1 тысячу мВт, што прыкладна адпавядае магутнасці аднаго блока будучай БелАЭС. Усяго за апошнія 9 гадоў у развіццё і мадэрнізацыю айчыннай энергасістэмы было ўкладзена 8 млрд долараў. Сёння такія сур'ёзныя інвестыцыі ў мадэрнізацыю пачалі прыносіць краіне прыбытак.

Спецыялісты падлічылі, што ўжо цяпер назапашаны эканамічны эфект за гады аднаўлення энергетычнага абсталявання склаў 650 млн долараў. А сёлета і надалей энергетычная сістэма краіны пачне атрымліваць станоўчы эканамічны эфект ад мадэрнізацыі ў памеры не менш як 250 млн долараў штогод. Такая эфектыўнасць тлумачыцца ўкараненнем менавіта сучасных магутнасцяў. Так, на новых парагазавых блоках удзельны расход умоўнага паліва на выпрацоўку 1 кВт/г складае каля 225 грамаў. Заўважу, што ў энергетыкаў ёсць яшчэ блокі, якія «з'ядаюць» 370 грамаў умоўнага паліва на 1 кВт/г.

Кампенсуем імпарт экспартам

— Краіна сёлета разлічвае падвоіць экспарт электраэнергіі. Калі ўсё пойдзе так, як разлічваюць энергетыкі, то ў 2015 годзе экспарт электраэнергіі з Беларусі можа скласці 1 млрд кВт/г, у той час як летась мы прадавалі за мяжу каля 500 млн кВт/г, — адзначыў міністр. — Такі рэкордны аб'ём наша дзяржава можа экспартаваць упершыню.

Паводле слоў Уладзіміра Патупчыка, зараз энергетыкі актыўна працуюць над рознымі напрамкамі паставак электраэнергіі за мяжу. Вельмі вялікую цікавасць праяўляюць палякі. Цяпер вырашаюцца чыста тэхнічныя задачы, якія дазволяць пастаўляць электраэнергію ў Польшчу. Зацікаўленасць у закупках беларускай электраэнергіі выказваюць таксама Літва і Латвія.

Разам з тым, Беларусі самой не хапае электраэнергіі. Сёння мы імпартуем увесь неабходны аб'ём з Расіі. Імпартуем і лічым. Таму штогод і зніжаем імпарт электраэнергіі. Так, у 2014 годзе ў параўнанні з 2012‑м набытыя за мяжой аб'ёмы знізіліся амаль удвая. У 2012 годзе гэта было 7,9 млрд кВт/г, у 2013‑м — 6,7 млрд кВт/г, летась — толькі 3,8 млрд кВт/г.

У пачатку года Мінэнерга паведаміла аб планах пра набыццё сёлета каля 2,8 млрд кВт/г расійскай электраэнергіі, што склала б каля 7% ад запланаванага краінай спажывання. Потым мы свае планы падкарэктавалі і цяпер збіраемся купіць за мяжой толькі 2,5 млрд кВт/г электраэнергіі. Невялікае памяншэнне па імпарце, але прыемна.

Раней краіна набывала электрычнасць і ва Украіне, аднак сёлета ад гэтага напрамку былі вымушаны адмовіцца. «Дакладней, нават не мы адмовіліся, а ўкраінскі бок праінфармаваў нас аб тым, што ў іх няма тэхнічнай магчымасці пастаўляць электраэнергію», — сказаў кіраўнік галіны. Хутчэй за ўсё сёлета беларускія энергетыкі пачнуць самі прадаваць электрычнасць Украіне.

Можаце запытаць: навошта нешта прадаваць, калі сам гэта купляеш? Справа ў гандлі і цэнах. Адзінка электрычнасці, што мы набываем у Расіі ў валюце, штогод толькі таннее. А вось у краіны Еўропы электрычнасць мы прадаём, вядома, даражэй. Уладзімір Патупчык паведаміў, што мы сёлета разлічваем атрымаць за прададзеную за мяжу электраэнергію больш за палову той валюты, якую трацім на імпарт.

У Мінэнерга адзначылі, што Беларусь мае дастатковую колькасць міждзяржаўных сувязяў па лініях электраперадачы 330–750 кВ з энергасістэмамі суседніх дзяржаў (Расіі, Украіны, краін Балтыі), што дазваляе, зыходзячы з наяўных балансаў суседніх энергасістэм, вызначаць напрамкі паставак электраэнергіі ў краіну. Асноўны аб'ём электрычнасці выпрацоўваецца ў краіне на ўласных энергакрыніцах.

Электрычнасць і цяпло будуць толькі даражэць?

Напрамую міністр пра гэта не казаў. Разам з тым ён паведаміў, што за апошнія два гады амаль у два разы быў зніжаны аб'ём перакрыжаванага субсідзіравання па электрычнасці для рэальнага сектара эканомікі. Міністр запэўніў, што і сёлета зніжэнне такога субсідзіравання будзе працягнута за кошт больш рэальнай тарыфнай палітыкі для насельніцтва. А яшчэ кіраўнік галіны паведаміў, што ў Беларусі тарыф на цеплавую энергію для насельніцтва ў 6 разоў меншы, чым нават у Расіі.

Вядома, што рэальны сектар эканомікі такі сацыяльны цяжар перакрыжаванага субсідзіравання пакуль выцягвае. Аднак на агульнай эканамічнай прасторы нашых краін айчынныя вытворцы з гэтай нагрузкай у барацьбе за спажыўцоў пачнуць хутка буксаваць. І зразумела, што распрацоўшчыкі генеральнай лініі развіцця нашай эканомікі гэта разумеюць. Таму трэба чакаць павышэння тарыфаў для насельніцтва па ўсім энергетычным спісе. Як адзначыў Уладзімір Патупчык, цяпер беларускае насельніцтва аплачвае толькі 20% выдаткаў, якія нясе энергетыка па выпрацоўцы цеплавой энергіі. Пры гэтым кампенсуецца толькі 40% кошту газу, што накіроўваюць арганізацыі Мінэнерга насельніцтву. Канкрэтных лічбаў аб магчымым падаражэнні вызначаных пазіцый спецыялісты галіны не называлі, аднак гарызонты такога павышэння мы ўбачылі.

Зялёная электраэнергія: мінусаў больш, чым плюсоў

Мінэнерга збіраецца навесці парадак у сферы выпрацоўкі электраэнергіі на аднаўляльных крыніцах. У найбліжэйшы час аб'ёмы выпрацоўкі такой электрычнасці плануецца кватаваць такім чынам, каб зрабіць працэс пастаўкі энергіі ў сістэму абсалютна кіраваным. Пры гэтым міністр звярнуў увагу, што падобная схема — не вынаходніцтва Беларусі. «Па такім шляху ўжо пайшла Еўропа, бо выпрацоўка электраэнергіі на аднаўляльных крыніцах прыносіць цэлы шэраг праблем, у тым ліку з рэгуляваннем магутнасці і рэжыму працы энергасістэмы ў цэлым. Гэта няпростая сітуацыя, таму яе разумеюць не ўсе», — прызнаў Уладзімір Патупчык.

Сёння заканадаўствам прадугледжана, што Мінэнерга павінна купляць выпрацаваную электраэнергію на такіх станцыях па тарыфе 41 цэнт за 1 кВт/г, пры тым, што продаж яе спажыўцам ажыццяўляецца па сярэдніх цэнах энергасістэмы, якія ў разы ніжэйшыя. Гэтая розніца кладзецца на плечы энергетыкаў. «А вось, напрыклад, у Германіі так званы зялёны тарыф аплачваецца насельніцтвам», — удакладняе пазіцыю міністэрства Уладзімір Патупчык.

На яго думку, у бюджэце Беларусі сёння няма дадатковых сродкаў, якія можна было б накіраваць на стымуляванне выпрацоўкі зялёнай электраэнергіі. «Цяпер падрыхтаваны пакет дакументаў на гэты конт і прапанаваны на разгляд кіраўніку дзяржавы. Чакаецца, што ў найбліжэйшы час яго зацвердзяць і мы зможам навесці парадак у гэтай галіне», — рэзюмаваў міністр.

З БелАЭС — усё па плане

Тэрміны ўводу ў эксплуатацыю Беларускай АЭС змяняцца не будуць. Яны вызначаны ўказам кіраўніка дзяржавы і перагляду не падлягаюць, пра што паведаміў Уладзімір Патупчык.

Ажыятаж па гэтым пытанні быў выкліканы тым, што 25 лютага на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу быў ратыфікаваны Пратакол аб унясенні змяненняў у пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расіі аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве на тэрыторыі Беларусі атамнай электрастанцыі ад 15 сакавіка 2011 года. Сам дакумент быў падпісаны ў Маскве летась яшчэ 23 снежня.

Змяненні дазволілі аператыўна абменьвацца інфармацыяй, неабходнай для распрацоўкі праектнай дакументацыі і стварэння сістэмы фізічнай абароны (СФА), а таксама забяспечыць якаснае і своечасовае выкананне работ па стварэнні СФА за кошт дзяржаўнага экспартнага крэдыту Расіі, які выдаткоўваецца для будаўніцтва БелАЭС.

На будаўніцтве нашай АЭС па кантрактах з расійскім бокам летась было асвоена 494,5 млн долараў, што на 5% больш за намечаныя планы, паведаміла прэс-сакратар Міністэрства энергетыкі Беларусі Жанна Зянькевіч. На астравецкай пляцоўцы працавалі над узвядзеннем 68 аб'ектаў, у тым ліку будынкаў рэактара, турбіны і градзірні для першага і другога энергаблокаў АЭС. Зманціравана 40 тысяч тон арматуры і выкладзена 290 тысяч кубаметраў бетону. Усяго з пачатку будаўніцтва зманціравана 32,9% арматуры, выкладзена 31,7% маналітнага бетону. Летась доля ўдзелу беларускіх будаўнічых арганізацый у пабудове атамнай станцыі перавысіла 80%.

«На бягучы год ставіцца задача забяспечыць максімальны ўдзел беларускіх арганізацый у будаўніча-мантажных работах Беларускай АЭС і пастаўках абсталявання і матэрыялаў», — адзначыла Жанна Зянькевіч.

У цэлым сёлета па кантрактах з расійскім бокам на ўзвядзенне станцыі плануецца асвоіць са сродкаў дзяржаўнага экспартнага крэдыту Расійскай Федэрацыі 570 млн долараў.

Для краіны газ патаннее летам

Мінэнерга Беларусі не выключае магчымасці зніжэння цаны расійскага газу ў ліпені. Уладзімір Патупчык патлумачыў, што менавіта з першых дзён ліпеня, калі сітуацыя на расійскім рынку будзе развівацца такім чынам, як цяпер, цана газу будзе падаць і далей. Ён звярнуў увагу на тое, што ёсць формула, якая вызначана дагаворам беларускага боку з Расіяй. Па ёй уваходная цана газу сёлета ўжо зніжана.

У нашу краіну ў 2015 годзе будзе пастаўлена каля 20 млрд «кубоў» блакітнага паліва — прыкладна столькі ж, колькі і ў 2014‑м. Згодна з планамі, закладзенымі ў кантракце, транзіт расійскага газу праз Беларусь сёлета складзе каля 45 млрд кубічных метраў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».