Вы тут

Заплаці падаткі і…


Парушальнікам заканадаўства «спакойна спаць» не дазволяць

Кіраўнікі прадпрыемстваў, якія плацяць сваім работнікам вельмі нізкую зарплату альбо маюць па ёй запазычанасць, прыцягваюцца да дэкларавання сваіх даходаў і маёмасці, паведаміла начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Гродзенскай вобласці Лідзія СЯМАШКА.

Прад'явіце дэкларацыю!

Гэтае дэклараванне, як правіла, тычыцца тых суб'ектаў гаспадарання, якія плацяць зарплату «ў канвертах» альбо наогул не адлюстроўваюць яе на рахунках бухгалтарскага ўліку. За такія парушэнні летась да адказнасці прыцягнулі больш чым 30 кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый.

Дэклараванне даходаў і маёмасці актыўна прымяняецца цяпер і ў барацьбе з так званым «шэрым» імпартам. У прыватнасці, ім займаюцца тыя, хто ўвозіць тавары з той жа Польшчы пад выглядам асабістай маёмасці. Сярод іх ёсць даволі забяспечаныя людзі — з добрымі дамамі, аўтамабілямі. Ніхто з гэтай катэгорыі людзей не адмаўляецца ад дзяржаўных сацыяльных паслуг і карыстаецца імі нароўні з законапаслухмянымі падаткаплацельшчыкамі. Але… не плаціць падаткі. А прадукцыя «для асабістага ўжытку» на самай справе потым ідзе на продаж, ствараючы канкурэнцыю добрасумленным прадпрымальнікам, якія маюць дакументы, што пацвярджаюць набыццё тавару, і ў поўным аб'еме разлічваюцца па падатках. Паводле інфармацыі Лідзіі Сямашкі, каля 90 чалавек, якія перасяклі мяжу больш за 100 разоў, прыцягнулі да дэкларавання даходаў і маёмасці і яны заплацілі падаходны падатак. Важна і тое, што хтосьці пасля гэтага, мажліва, вырашыў усё ж легалізаваць свой бізнес, зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік.

У цэлым леташнія кантрольныя мерапрыемствы падатковых органаў Гродзеншчыны дазволілі вывесці з ценявога сектара эканомікі і накіраваць у бюджэт 272,7 мільярда рублёў. Па выніках праверак накладзены арышт на тавары (алкагольную і тытунёвую прадукцыю, нафтапрадукты, аўдыё- і відэатэхніку і інш.) і грашовыя сродкі на 35,2 мільярда рублёў. Судовымі і падатковымі органамі прад'яўлена штрафаў на 2,8 мільярда рублёў.

Не заўсёды, праўда, адказнасць нядобрасумленных падаткаплацельшчыкаў адэкватная ўчыненым парушэнням.

— Мы праверылі камерцыйную фірму, якая займаецца перавозкай пасажыраў з Гродна ў Беласток, і ўстанавілі ўтойванне выручкі на 250 мільёнаў рублёў. Аднак паколькі гэты суб'ект гаспадарання карыстацца спрошчанай сістэмай падаткаабкладання, то сума даналічанага падатку склала ўсяго 10 мільёнаў рублёў. Уявіце розніцу… Зразумела, што трэба рабіць наша заканадаўства больш жорсткім у дачыненні да такіх парушэнняў, — зазначае Лідзія Сямашка.

Выйсці з «ценю»

Разам з тым, выяўленне і пакаранне парушальнікаў — гэта толькі частка справы. Другая, не менш важная задача — каб яны выходзілі з «ценю», станавіліся на падатковы ўлік і акуратна разлічваліся з бюджэтам. З гэтай мэтай падатковыя інспекцыі актыўна скарыстоўваюць такую форму кантролю, як маніторынг, што дазваляе дамагчыся павелічэння падатковых плацяжоў без прымянення да суб'екта гаспадарання адміністрацыйных спагнанняў. Дзякуючы гэтай рабоце летась 598 юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў дадаткова заплацілі ў бюджэт 45,1 мільярда рублёў. Толькі ў Скідзелі Гродзенскага раёна пасля такой праверкі больш за 20 чалавек адразу ж зарэгістраваліся і сталі плаціць падаткі. Акрамя таго, амаль на чвэрць (на 2776 чалавек) стала больш падаткаплацельшчыкаў за здачу ўнаём жылых памяшканняў.

Калі жадання працаваць у легальным прававым полі ўсё ж няма (за мінулы год выяўлена каля 550 фактаў незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці) і папярэджанне, што даецца пасля першага парушэння, выхаваўчага эфекту не дае, то трэба быць гатовым да жорсткіх санкцый. У чым ужо пераканаліся, напрыклад, гродзенскія таксісты-нелегалы. Прычым пакаранне не абмяжоўваецца вялікім штрафам. У 2013 годзе ў парушальнікаў эканамічны суд арыштаваў і вярнуў у даход дзяржавы 6 аўтамабіляў, на якіх рабіўся незаконны бізнес, летась — 4.

Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што з 2015 года заканадаўства яшчэ больш узмацняе кантроль за «нелегаламі». У прыватнасці, раней незаконнага таксіста маглі прыцягнуць да адказнасці толькі пасля так званай кантрольнай закупкі, даказаўшы факт перавозкі. Цяпер жа, калі на транспартным сродку ёсць адпаведныя наклейка альбо плафон, а перавозчык не зарэгістраваны — гэта ўжо парушэнне. Як і, дапусцім, інфармацыя незарэгістраванай асобы з рэкламай нейкіх работ ці паслуг. Цяпер падатковым інспектарам не трэба ўжо даказваць іх выкананне, бо калі ты размясціў такую аб'яву, то ўжо павінен плаціць падаткі.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».