Вы тут

Незапланаваныя дзеці


На Савецкую пайшла ў сярэдзіне дня з кволай надзеяй развеяць свой дэпрэсіўны настрой. Савецкая — гэта наш своеасаблівы брэсцкі Арбат, пешаходная вуліца. Тут многа кавярняў, крамаў, усялякай навязлівай рэкламы, шыльдаў на лацініцы, але ў пахмурнае надвор'е ўсё гэта выглядае чамусьці цьмяна. Як тыя навагоднія цацкі з анекдота, што блішчаць, ды не радуюць. Думалася, што калі на дварэ плюс дванаццаць, то хочацца сонца, і тады гэтыя размаляваныя вітрыны выглядалі б куды больш прывабна. Уся ў сваіх разважаннях не звярнула ніякай увагі на жанчыну з вялікім пакетам, прайшла міма, і тады яна паклікала. Так бывае са мной: не заўважу чалавека, потым пачуваю сябе няёмка. Але яе шырокая ўсмешка імгненна нейтралізавала замінку. Я пазнала Алену — мы раней працавалі ў адным будынку, ужо даўнавата на пенсіі, з той пары не бачыліся.

— Дачку во замуж аддаю, — паказала яна вачыма на свае аб'ёмныя пакупкі. — У дарогу збіраю. Замест вяселля яны купілі сабе пуцёўку за мяжу. Сваты былі не вельмі задаволеныя, але ж потым змірыліся: дзеці ўжо дарослыя, разумныя, хай самі вырашаюць.

Яна з задавальненнем расказвала пра сваю дачку, і было бачна, як маці ганарыцца малодшай. А здаецца ж нядаўна яна сядзела разгубленая ў маім кабінеце і зусім не ведала, як ёй быць. Яны жылі тады ў інтэрнаце ад фабрыкі мужа. Чакалі кватэру, зрабілі першы ўзнос. Радаваліся, што нарэшце пераедуць у сваё жытло, бо ў інтэрнатным пакоі па сутнасці выгадавалі дваіх дзяцей. Старэйшы быў на сваім хлебе, малодшая заканчвала школу, рабілася прывабнай паненкай. І тут навіна ў сям'і: маці цяжарная. Дачка закаціла амаль што скандал, гаварыла, што ёй сорамна, яе хлопцы дамоў праводзяць, а тут вось такое. Алене ўжо мінула трошкі за сорак, і яна была ледзь не ў роспачы… Потым расказвала, як нечакана падтрымаў яе старэйшы сын, сказаў, што нічога дрэннага не адбылося, а малога ўсе разам выгадуюць. У гэтай сітуацыі бацька сямейства захацеў паказаць, хто ў доме гаспадар, хоць раней маўчаў. Падбадзёрыў жонку: маўляў, мы яшчэ маладыя, усё паспеем. Паступова звыклася з думкай і малодшая. Адным словам, маленькую сустрэлі з радасцю яшчэ ў інтэрнаце. Потым неяк усё склалася. Пераехалі ў новую кватэру. Дзеці стварылі свае сем'і, раз'ехаліся, а меншая расла ды радавала бацькоў. І вырасла яна, здаецца, хутчэй за старэйшых. «Не паспелі азірнуцца, — расказвае маці — школу скончыла, потым універсітэт, стала архітэктарам. Калі ўсё будзе добра, яшчэ і ўнукаў паняньчу».

Мы ішлі па вуліцы далей, гаварылі пра незапланаваных дзяцей і згадвалі падобныя выпадкі са сваякамі і знаёмымі. Такіх аказалася нямала. І ўжо я ёй расказала гісторыю, якую пачула даўно ад суседкі па бальнічнай палаце. Мы ў адзін час нараджалі. А яна, вясёлая жыццярадасная медсястра абласной бальніцы, была несумненным лідарам у нашай кампаніі, з веданнем справы камандавала санітаркамі ў аддзяленні. Часам падавалася нават трохі несур'ёзнай, але аднойчы расказала пра сваю сям'ю. Іх у бацькоў было двое. А калі маці зацяжарала трэцім, то вырашыла зрабіць аборт. Пайшла на аперацыю, нават не сказаўшы нічога мужу. І хоць ён сварыўся потым, ды што зробіш. А праз нейкі месяц высветлілася… амаль неверагоднае. У жанчыны была двойня, і адзін плод застаўся. Тэрмін быў даволі вялікі, але яна плакала, вінаваціла медыкаў, прасіла пазбавіць ад дзіцяці: ці мала што можа быць у такой сітуацыі. Тады муж узяў ініцыятыву ў свае рукі, пасадзіў жонку на канапу і спакойна сказаў: «Калі Бог вырашыў пакараць нас непаўнавартасным дзіцем, а мы ад яго пазбавімся, то атрымаем яшчэ большае пакаранне нейкім іншым чынам. Таму хай будзе, як будзе». І нарадзіўся хлопчык, здаровы. Ён адзін з траіх дзяцей атрымаў вышэйшую адукацыю, скончыў медыцынскі інстытут. Акрамя таго, стаў апорай і бацькам, і сваім старэйшым сёстрам. Было бачна, што яна вельмі любіць брата, ганарыцца ім.

…Цяпер многія нараджаюць запланаванае трэцяе дзіця. Ёсць праграмы дзяржаўнай падтрымкі, лягчэй стала набыць жыллё, зараз вось з'явіўся сямейны капітал. Добра, калі і другое, і трэцяе дзіця ў сям'і жаданыя. Але не ўсё і не заўсёды можна спланаваць. І часам трэба даверыцца лёсу: хай будзе, як будзе, як сказаў шмат гадоў таму адзін чалавек.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».