Вы тут

Скарачэнне ўніверсітэтаў ці... узбуйненне?


Эксперты агучылі сваё бачанне далейшага развіцця вышэйшай школы

Напрыканцы мінулага тыдня інтэрнэт абляцела «навіна», якая моцна азадачыла не толькі абітурыентаў гэтага года: як сцвярджалі шматлікія інтэрнэт-крыніцы, колькасць ВНУ ў Беларусі плануюць скараціць з 54 да 20. Справа ў тым, што калі ў апошнія гады вышэйшыя навучальныя ўстановы ў нашай краіне і закрываліся, то гэта былі толькі прыватныя ВНУ. А вось колькасць дзяржаўных наадварот расла: каледжы, філіялы і факультэты пераўтвараліся ў інстытуты і ўніверсітэты. (Так, напрыклад, з'явіліся Інстытут пагранічнай службы і Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутраных спраў.) І тут раптам высвятляецца, што колькасць устаноў вышэйшай адукацыі можа быць скарочана больш чым удвая!

3-23

3-23

 

Каб супакоіць і абітурыентаў, і студэнтаў, і выкладчыкаў ВНУ Міністэрства адукацыі афіцыйна пракаментавала паведамленне, што ўзбударажыла грамадскую думку.

— У Гродне, на міжнароднай навуковай канферэнцыі «Праблемы і перспектывы інавацыйнага развіцця ўніверсітэцкіх адукацыі і навукі» была прадстаўлена міжнародная практыка аптымізацыі сістэм устаноў вышэйшай адукацыі ў розных краінах свету. Удзел у ёй узялі больш як 200 беларускіх і замежных экспертаў, — паведаміла прэс-сакратар ведамства Юлія ВАНІНА. — Узбуйненне ўніверсітэтаў — агульнасусветная тэндэнцыя, характэрная для Еўропы і ЗША ў апошнія 20-30 гадоў. У залежнасці ад спецыфікі нацыянальных сістэм адукацыі гэты працэс паўсюдна працякае па-рознаму. Скажам, у Фінляндыі колькасць ВНУ за некалькі гадоў скарацілася з 20 да 15. У выніку аб'яднання сфарміраваліся новыя ВНУ, закліканыя стаць флагманамі нацыянальнай адукацыі.

Аналагічныя працэсы адбываюцца ў Даніі, дзе з 25 універсітэтаў і даследчых цэнтраў было створана 8 універсітэтаў і 3 навукова-даследчыя цэнтры. У Францыі ў выніку зліцця трох ВНУ быў створаны найбуйнейшы ўніверсітэт краіны ў Страсбургу. Акрамя фінансавай эканоміі, на адміністрацыйных выдатках, узбуйненне ВНУ мае і іншую мэту — палепшыць паказчыкі ў міжнародных рэйтынгах.

На канферэнцыі ішла гаворка пра тое, што пасля з'яўлення інтэрнэту ўніверсітэты страцілі манапольную ўладу на веды. У сувязі з гэтым перад ВНУ стаіць маштабная задача па стварэнні новых адукацыйных опцый, якія былі б запатрабаваныя рынкам. Універсітэты атрымалі вялікую эканамічную свабоду і пачалі пераўтварацца ў магутныя карпарацыі.

Тут працуе наступная рынкавая логіка: чым больш магутны ўніверсітэт, тым большы яго бюджэт, адпаведна, тым больш у яго магчымасцяў для якаснага паляпшэння сваёй дзейнасці. Агульнасусветная практыка суадносінаў колькасці ўстаноў вышэйшай адукацыі да колькасці насельніцтва складае 1 універсітэт на 0,5 млн -1 млн грамадзян.

Беларускія навукоўцы агучылі сваё бачанне далейшага развіцця сістэмы ўстаноў вышэйшай адукацыі ў нашай краіне. Пытанне нумар адзін на павестцы дня — павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускіх ВНУ на міжнародным рынку адукацыйных паслуг і фарміраванне «кропак росту» для ўстойлівага развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі краіны.

Пры распрацоўцы прадстаўленых для абмеркавання прапаноў улічваўся і кадравы аспект узбуйнення. Беларускія эксперты прызналі, што ўзмацненне жорсткасці патрабаванняў да прафесійнай кампетэнцыі выкладчыкаў непазбежнае. Глабальная канкурэнцыя будзе толькі нарастаць. Напрыклад, прэстыжныя заходнія ўніверсітэты выставілі на сваіх сайтах лекцыі вядучых навукоўцаў па асноўных адукацыйных праграмах. І беларускім выкладчыкам нельга адставаць у гэтым пытанні ад сваіх замежных калег. Аптымізацыя навучальных планаў, ліквідацыя дубліруючых і няпрофільных спецыяльнасцяў дадуць магчымасць палепшыць кадравы патэнцыял аб'яднанай ВНУ, павысіць якасць адукацыі. А студэнты атрымаюць доступ да больш шырокага спектра адукацыйных паслуг, больш моцнага выкладчыцкага патэнцыялу і лепшай матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Стварэнне буйных універсітэтаў дазволіць вышэйшай адукацыі годна адказаць на выклікі ХХІ стагоддзя і адпавядаць патрабаванням, што прад'яўляюцца да яго грамадствам і дзяржавай.

— Але гаворка не ішла пра прыняцце ў найбліжэйшы час кіраўніцкага рашэння па аптымізацыі нацыянальнай сістэмы вышэйшай адукацыі, — падкрэсліла Юлія Ваніна. — Гаворка ішла аб навуковай праблематыцы і выніках навуковага даследавання і мела на мэце выключна навуковую дыскусію. А прыняцце кіраўніцкага рашэння павінна быць абгрунтавана як з пункту гледжання навукі, так і зыходзячы з практыкі, і ўлічваць нацыянальныя асаблівасці сістэмы адукацыі.

Надзея НІКАЛАЕВА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».