Вы тут

Салдат у завушніцах


Калі больш чым тры дзесяцігоддзі таму яе папрасілі прынесці свае фотаздымкі і дакументы ваенных часоў, а потым расказаць пра вайну маладой журналістцы, яна яшчэ не ведала, што стане гераіняй кнігі Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар». Адной з тых двухсот, гісторыі-споведзі якіх увайшлі ў твор, і васьмісот, у каго брала інтэрв'ю аўтарка.

У яе няма высокіх узнагарод і званняў. Марыя Перавозчыкава была звычайным радавым, адной з таго мільёну жанчын, што па розных прычынах рваліся на фронт, для якіх выбар паміж жыццём і смерцю быў вельмі простым.

3-131

«Калі знасілі абутак, хадзілі басанож»

— Усе хацелі абараняць Радзіму, і я таксама, — пачынае гутарку Марыя Перавозчыкава.

І гэта нягледзячы на тое, што ў яе, 18‑гадовай дзяўчыны, была так званая бронь: працавала на авіяцыйным заводзе № 21 у Горкім (цяпер Ніжні Ноўгарад.Аўт.). Калі аб'явілі вайну, яна, як амаль уся тагачасная моладзь, абівала парогі ваенкаматаў. Але ў 1941‑м з жанчын на фронт бралі толькі медыкаў.

Патрэбу ў любых кадрах, ды проста ў людзях, ацанілі толькі потым. І 9 красавіка 1942 года ў Горкім аб'явілі прызыў для жанчын. У адзін дзень на вайну забралі дзве тысячы дзяўчат. Сярод іх была і Марыя Перавозчыкава.

Трапіла ў 384‑ты зенітна-артылерыйскі полк, які дыслакаваўся тут жа, у Горкім. Дзяўчат пачалі вучыць страявой падрыхтоўцы, поўзаць па-пластунску, страляць… «Былі ў тым, у чым прыйшлі: у сукенках, спадніцах, — успамінае жанчына. — Калі знасілі абутак, хадзілі басанож».

Намеснікам камандзіра быў старшы лейтэнант Назаранка. Прыгожы малады афіцэр падабаўся ўсім дзяўчатам. А з іх нехта павінен быў стаць камандзірам аддзялення сувязі. І аднойчы, каб зменшыць канкурэнцыю, адна з дзяўчат паскардзілася лейтэнанту, што Марыя парушае дысцыпліну.

— А я сапраўды была недысцыплінаваная, — гаворыць яна. — Мяне часта ганялі, ды і скідвалі ўсё на мяне. Аднойчы нават хацела скончыць жыццё самагубствам… Выклікаў мяне да сябе старшы лейтэнант і пытае, у чым справа. А я і кажу, што ў мяне з ёй узаемная нелюбоў: да вайны былі закаханыя ў аднаго чалавека. Ён як пачуў гэта, так адразу выгнаў з кабінета. Стаю на пасту, плачу. Старшы лейтэнант убачыў мяне і пытае: «Шчолакава (яе дзявочае прозвішча.Аўт.), што здарылася?» Я апусціла галаву, а ён мне і кажа: «Калі я лаяў камсорга Ніну, яна выйшла ад мяне і спявала, ідучы па калідоры».

«Радуешся, бо заўтра цябе можа і не быць»

Яна так не магла. І Марыю Шчолакаву перавялі ў Каўроў, буйны чыгуначны вузел, што на лініі Масква — Горкі. Тут, у пражэктарнай роце, праслужыла паўтара года.

— Я была і тэлефаністкай, і кухарам, і на пасту стаяла, — расказвае ветэран вайны. — Больш не было каму. Нас 7 чалавек усяго: Чайка, камандзір; яго памочнік; шафёр, маладзенькі хлопчык; тры зенітчыцы і я. Хто яшчэ? На вуліцы стаяла печка. Я павінна была гатаваць сняданак. Памятаю, назбіраю грыбкоў, памыю ў ручайку, парэжу ў чыгун бульбы, гэтых грыбоў, дабаўлю цыбулі — і за раз сямёра ўсё з'ядзім.

Жылі яны ў зямлі, як краты. «Вясной прынясеш галінку, паставіш — радуешся, бо заўтра цябе можа і не быць, — кажа Марыя Мікалаеўна. — І запамінаеш-запамінаеш… У мяне былі схаваныя завушніцы. Ноччу на-
дзену і сплю з імі».

Аднойчы прыйшла яна ў іх на дзяжурства. «Што гэта за салдат у завушніцах?» — зрабілі ёй заўвагу і загадалі неадкладна зняць.

Чацвёрты «афіцэр» і другая лэдзі

1943 год. Ужо вызвалілі Арол і Курск. Стварылі новае воінскае злучэнне — 196‑ы асобны зенітна-артылерыйскі дывізіён, куды і перадалі іх роту. Марыю Шчолакаву накіравалі на 3‑ю батарэю — камандзірам аддзялення сувязі. Абралі намеснікам камсорга часці. І яна, ужо сяржант і другая лэдзі пасля камсорга часці, як яе называлі, разам з іншымі ахоўвала ваенны завод.

— Акрамя таго, трэба было вучыць аддзяленне дзяўчат-сувязістак, — узгадвае жанчына. — Як намеснік камсорга працавала і з маладымі хлопцамі. Некаторым з іх не было нават 17! Такія маладзенькія прыходзілі…

Аднойчы сяржанту Шчолакавай выдзелілі зялёны англійскі шынель. А бацька знаёмай дзяўчыны быў ваенным краўцом. «Яна мне і прапанавала, каб ён з майго шыняля зрабіў афіцэрскі, — расказвае Марыя Мікалаеўна. — Так на вопратцы з'явіліся залатыя гузікі. На нашай батарэі было ўсяго тры афіцэры. Калі аднойчы ў Каўроў прыехала кіраўніцтва, адзін з начальнікаў спытаў: «А хто там у вас за чацвёрты афіцэр ходзіць?» Шынель загадалі тут жа зняць. І толькі намеснік па палітчасці падказаў зрэзаць залатыя гузікі і прышыць зялёныя.

Дзяўчатам неаднойчы казалі, што на вайне патрэбны салдаты і толькі салдаты.

— Калі нас забралі ў армію, коратка падстрыглі, — успамінае ветэран вайны. — Зараз запрашаюць на розныя мерапрыемствы, дзе бачым, як сённяшнія дзяўчаты ў пастаноўках паказваюць нас: прыгожа апранутыя, валасы распушчаныя. Я, калі гэта ўбачыла, плакала. Не было ў нас доўгіх кос! Паглядзіце на фотаздымкі (паказвае): ці ёсць сярод нас хоць адна з распушчанымі валасамі?

— А вусны ці малявалі?

— Да вы што! І блізка не было такога! Толькі ўжо калі ехалі ў Польшчу, пайшлі рабіць завіўкі. Мы ж за мяжу едзем! А дзяўчаты ваенныя, патрэбна выглядаць акуратна.

[caption id="attachment_73807" align="alignnone" width="600"]3-141 Ста­рон­ка з кні­гі Свят­ла­ны Алек­сі­е­віч «У вай­ны не жа­но­чы твар» (пер­шая зле­ва звер­ху)[/caption]

Выкрыццё нямецкага шпіёна

Марыя Шчолакава выконвала даручэнні і асобага аддзела. Тут яе ведалі як Каўроўскую. Пад такім псеўданімам яе задачай было даведацца, якія людзі акружаюць батарэю. Аднойчы дзякуючы ёй быў выкрыты буйны нямецкі шпіён.

— Гэта было падчас вызвалення Польшчы, — расказвае яна. — Ехалі туды цэлы месяц: прапускалі на перадавую ваенныя эшалоны. У Польшчы размясціліся ў сядзібе. Ахоўвалі шлюз водаканала, які злучаў Віслу з Одэрам. У сядзібе той працавалі жанчыны. Быў сярод іх і адзін мужчына, які адразу выклікаў у мяне падазрэнне. Падышла да яго аднойчы і пытаю: «А вы чаму на палях працуеце?». Ён і кажа: «Быў у канцлагеры, нас вызвалілі, дык хачу зарабіць грошай». А я ведала, што калі чалавек у канцлагеры ні ў чым не правініўся, яго адразу адпраўлялі на перадавую. Значыць, нешта тут было не тое. Я паведаміла па сувязі. У выніку гэтым «вязнем» аказаўся буйны нямецкі шпіён.

За гэта сяржант была прадстаўлена да ўзнагароды, якую і да сённяшняга дня не атрымала. Затое былі іншыя прызнанні. За падрыхтоўку асабовага складу і актыўную арганізатарскую дзейнасць яшчэ ў вайну яна атрымала грамату Вярхоўнага Савета СССР і грамату ЦК УКЛСМ.

«Тры разы ў мяне стралялі…»

Перамогу сустрэла ў Польшчы. Яшчэ 8 мая ім пра гэта сказалі палякі. Наступнай раніцай пра радасную навіну даведаліся асабіста. «Стралялі з усяго, з чаго толькі можна было», — успамінае жанчына.

— А днямі раней ідзём па горадзе, а там вуліцы вузенькія, — працягвае яна. — Насустрач ідзе польскі афіцэр і крычыць: «Вайна скончылася…» А потым удакладняе: «Я вас пытаю: вайна скончылася, што афіцэра не вітаеце?» А я і пажартавала: «У якім статуце напісана, што афіцэра трэба вітаць?»

— А вы былі смелай! Не баяліся?

— Тры разы ў мяне стралялі… Нашы. Я абходзіла часць у Каўрове. На версе — часавы: «Стаяць! Хто ідзе?» Я не зразумела, што гэта мне. Раней ніколі ніхто не спыняў. І ён давай паліць. Не трапіў. Другі і трэці разы былі ў Польшчы.

Па словах Марыі Мікалаеўны, вельмі моцна даставалася ім за трафеі. А напрыканцы вайны эшалоны з імі ішлі і ішлі. Адзін вагон быў са скурай. І нашы вайскоўцы ўсё-такі забраліся туды. Скінулі рулон ці два і саскочылі. Рамяні ва ўсіх былі з тканіны, а тут нарабілі ўсім скураныя. Калі гэта ўбачыла начальства, іх пачалі цягаць у асобы аддзел.

— З фронту ехалі эшалонамі, якія фарміравалі на зборным пункце ў Германіі, — дадае жанчына. — Наш рухаўся на горад Горкі. Дарэчы, у гэтым эшалоне адна дзяўчына з батарэі сустрэлася са сваім бацькам.

На Радзіме Марыя Шчолакава разам з сяброўкай уладкаваліся на Горкаўскі аўтамабільны завод. Сяргей Кішкін адразу адправіў іх у двухтыднёвы аплачваемы водпуск, дапамог з жыллём. Якой жа радасцю было сустрэцца з ім праз шмат гадоў у Мінску, дзе ён, ужо былы дырэктар Мінскага аўтамабільнага завода, быў старшынёй Саўнаргаса.

«Сяржант Шчолакава 10 дзяцей народзіць!»

— Афіцэрам не дазвалялі жаніцца з жанчынамі з акупаванай тэрыторыі, — працягвае франтавічка. — Барані Божа! І ў часці, калі бачылі, хто з кім круціў шуры-муры, то аднаго з улюбёных пераводзілі ў іншае месца.

Аднойчы знаёмы Марыі Перавозчыкавай глядзеў яе ваенныя фотаздымкі. Маладая, прыгожая яна на іх! «Напэўна, кавалераў шмат было?» — спытаў ён у яе. «Ніякіх кавалераў! Гэтыя кавалеры былі 1927 года нараджэння — юнакі зусім», — адказала яна яму, як і мне зараз. Тым больш, было вельмі крыўдна, калі яе, як і многіх тагачасных дзяўчат, вінавацілі ў легкадумных паводзінах.

— Калі адразу пасля дэмабілізацыі прыехала да сястры, яна мяне спытала: «Ты не цяжарная?» — расказвае Марыя Мікалаеўна. — Маўляў, вы ж там усе такія. А вось і не ўсе! А стрыечны брат, якога я наведала 9 мая 1946 года, таксама пацікавіўся, дзе маё дзіця. З таго часу я з ім больш ніколі не сустракалася. А калі былі яшчэ на вайне, адной дзяўчыне маці напісала ліст: маўляла, вы такія-сякія. Я не вытрымала і гучна прамовіла: «Мяне будучы муж будзе паважаць, я яму нараджу 10 дзяцей. І раніцай буду ім казаць: «На зарадку станавіцеся!» Словы мае дайшлі да камандзіра і як легенда хадзілі па часці: «Сяржант Шчолакава 10 чалавек дзяцей народзіць!»

Праўда, нарадзіць столькі не атрымалася. З мужам, Канстанцінам Максімавічам, выхавалі аднаго сына, дачакаліся ўнука. Разам пражылі 33 гады. Без яго яна жыве яшчэ больш…

Дарэчы, дзякуючы мужу яна і прыехала ў Беларусь. Ён, супрацоўнік маскоўскага цэнтра «Энергамантаж» па будаўніцтве і аднаўленні электрастанцый, аб'ездзіў амаль увесь Савецкі Саюз, маларазвітыя краіны. Побач з ім заўсёды была яго верная жонка. Так апынуліся і ў Беларусі. Спачатку былі на
БелГРЭСе, у Магілёве, у Мінск прыехалі ў 1962 годзе. І засталіся тут назаўсёды.

***

— Якімі сваімі ўзнагародамі найбольш ганарыцеся? — пытаюся я, развітваючыся.

— Ніякімі. Нічога ў мяне няма. Нічога я не атрымала. Як казала мая франтавая сяброўка Вольга, найвышэйшая ўзнагарода — тое, што мы засталіся жывыя. Мы прыйшлі з вайны без мужоў, трафеяў і без узнагарод…

Наконт узнагарод Марыя Перавозчыкава, вядома, прыменшыла. На яе параднай гімнасцёрцы — ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль Жукава, «За перамогу над Германіяй» і іншыя. Толькі самае каштоўнае для яе, ветэрана вайны, — стаяць зараз на сваіх нагах і мець магчымасць расказаць праўду. Праўду, якая не напоўнена гераічнымі эпізодамі і шматлікімі подзвігамі. Праўду, якая тычыцца лёсу звычайнага радавога. Жаночага лёсу.

Вераніка КАНЮТА. Фота аўтара

Думкі ўголас

Кніга «У вайны не жаночы твар»

Доўгі час аб дзяўчатах на вайне не казалі ні слова. Калі сустракала ваенных дзяўчат, ім паказвала: «Глядзіце, усё ж такі знайшоўся чалавек, які напісаў пра нас!» Раней я шмат ездзіла па санаторыях, лячылася. І заўсёды гэтую кнігу брала з сабой. Не таму, што я ёсць у ёй. Так, я ёсць у гэтай кнізе, але не я адна. І на вайне я была не адна. Нас, дзяўчат, было шмат. Падчас прэзентацыі кнігі выкладчык Інстытута культуры расказваў, як адзін пісьменнік спытаў іншага (не памятаю прозвішчаў): «Калі саюзнікі адкрылі другі фронт: у 1944 або ў 1945 годзе?» На што апошні адказаў: «Другі фронт адкрылі нашы дзяўчаты. У 1942‑м».

Пра што не прынята расказваць…

Мы ехалі на фронт у таварным вагоне. Прыпынак: дзе, наколькі — мы ж не ведаем. А трэба было неяк спраўляць патрэбу. Хлопцам што? А як мы? Старшына нам даў тазік. Я і Алексіевіч пра гэта расказвала. А яна напісала, што я вельмі баялася, як бы мяне ў ногі не параніла, прыгожыя ж. Хлопцам, маўляў, што: яны ў штанах ходзяць. Потым на працы мне гавораць: «А ну, пакажы свае ножкі». А я ім і кажу, што не пра тое гаварыла. А пра звычайныя рэчы, пра якія было не прынята расказваць…

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».